Ёсць навіны, якія мільёны людзей чакаюць штогод, але яны ад гэтага не становяцца менш здзіўляючымі. І адна з іх – вяртанні для размнажэння на атол Мідуэй (Midway Atoll) у Ціхім акіяне самай старай, вядомай нам, дзікай птушкі. Гэта самка лайсанскага альбатроса (Phoebastria immutabilis), якую не толькі з-за яе ўзроста назвалі Wisdom (Мудрасць).
Сёлета першае назіранне Мудрасці каля гнязда ў Midway Atoll National Wildlife Refuge адбылося 26 лістапада, - гэта на дзень раней, чым у мінулым годзе. Штогод мільёны лайсанскіх альбатросаў і іншых марскіх птушак вяртаюцца на Midway Atoll, які ўваходзіць у Papahānaumokuākea Marine National Monument (ЗША), каб размножыцца тут.
Wisdom – самая старая птушка не толькі на атоле, але і ў Свеце, на сённяшні дзень ёй не менш за 70 гадоў. Гэтая самка альбатроса яўна была сведкай таго, як першы самалёт “Willy Victor” пачаў прылятаць на атол у 1950-я гады, а пазней актыўная вайскова-марская база ператварылася ў рэзерват прыроды.
Wisdom і яе партнёр, Akeakamai, як і большасць мясцовых альбатросаў, вяртаюцца гнездаваць на атол амаль штогод на тое самае месца, у тое самае гняздо. У залежнасці ад розных фактараў, альбатросы могуць прапускаць адзін сезон гнездавання, але калі вяртаюцца сюды, то гэта адбываецца звычайна ў лістападзе і на пачатку снежня адкладваюць у гняздо адзінае яйка. Прыкладна праз 65 дзён інкубацыі, на прыканцы студзеня ці ў пачатку лютага, з яйка вылупляецца птушанё.
“На прыканцы году мы не бачылі на атоле яе партнёра, Akeakamai, таму хутчэй за ўсё пара не будзе гнездаваць сёлета” – сказаў Jon Plissner, біёлаг на Midway Atoll. “Аднак мы будзем назіраць за іх гняздом увесь снежань, таму што часам гнездаванне пачынаецца і ў снежні”.
Апошні раз Wisdom каля гнязда назіралі 5 снежня. Хутчэй за ўсё, яна вярнулася ў акіян. З-з таго, што паспяховы працэс размнажэння патрабуе абодвух партнёраў – абодва бацькі па чарзе інкубуюць яйка і кормяць малога, увесь цыкл да вылета маладога альбатроса з гнязда займае ад 7 да 8 месяцаў.
Таму прапускаць наступны пасля размнажэння год для адпачынку – нармальная практыка для альбатросаў. Але Wisdom і Akeakamai гнездавалі на атоле амаль штогод, пачынаючы з 2006 году. Навукоўцы лічаць, што на працягу свайго жыцця Wisdom ўжо адклала паміж 30 і 36 яйкамі. Цікава, што адзін з яе патомкаў, які выляцеў ў 2001 годзе, быў заўважаны каля гнязда бацькоў у 2018 годзе. Гэта было першае назіранне таго, што нейкае яе птушаня вярнулася на атол. Цяпер гэты альбатрос адзначаецца тут штогод, і ў гэтым снежні яго ўжо бачылі на адлегласці каля 400 м ад былога гнязда бацькоў.
Маладыя альбатросы пачынаюць шукаць сабе партнёра для размнажэння ва ўзросце каля 5 гадоў. Для гэтага яны прылятаюць на атол, дзе вучацца здзяйсняць рытуалізаваныя танцы і такім чынам прыцягнуць увагу і ўтрымаць тую птушку, з якой будуць размнажацца да моманту, пакуль “смерць не раздзеліць іх”.
Wisdom была закальцаваная ў 1956 годзе, калі хутчэй за ўсё пачала размнажацца і адклала яйка. Дагэтуль невядомыя самкі лайсанскага альбатроса, якія б пачалі гнездаваць раней за 6-ы год жыцця. Таму сёлета ёй не менш 70 гадоў, а можа ўжо і больш.
Кальцаванне альбатросаў на Атоле пачалося яшчэ ў 1936 годзе. З таго часу больш за 275 тысяч гэтых птушак атрымалі свае кольцы. Амаль 70% усіх лайсанскіх альбатросаў і прыкладна 40% чорнаногіх альбатросаў у Свеце гняздуюць на Атоле. Акрамя іх, тут адзначана гнездаванне яшчэ 21 віду акіянічных птушак. Агульная іх колькасць дасягае тут больш за 3 мільёны асобін.
Паводле https://medium.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
У самай старай дзікай птушкі ізноў вылупілася птушаня!
Старасць – зусім не перашкода ў поспеху гнездавання
Самая старая дзікая птушка ізноў прыляцела размнажацца!
Самая старая брытанская палярная крычка была знойдзена мёртвай у Шатландыі
У Польшчы сфатаграфаваны самы стары поплаўны лунь
Неверагодны рэкорд доўгажыхарства ад куліка-крыўка
Самы стары еўрапейскі арол-маркут дагэтуль жыве ў Фінляндыі
Птушкі б’юць рэкорды доўгажыхарства
Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак
Самы стары лебедзь-шыпун пражыў у прыродзе 40 год
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ