Асінхронная міграцыя белых буслоў увосень: раней ляцець лягчэй, чым пазней

белы бусел

Вялікая міжнародная каманда навукоўцаў, якія прадстаўляюць розныя навукова-даследчыя ўстановы Партугаліі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі, на працягу 5 гадоў вывучала розныя аспекты міграцыйных паводзін белых буслоў (Ciconia ciconia). Аказалася, што пад час восеньскіх пералётаў гэтых птушак дата пачатку міграцыі моцна ўздзейнічае не толькі на яе працягласць, але таксама на месца зімоўкі і, хутчэй за ўсё, на выжывальнасць буслоў.

У птушак з асінхроннай міграцыяй, у якіх асобіны нават з той самай папуляцыі могуць пачынаць міграцыю ў вельмі розныя даты, час (timing) і працягласць перамяшчэнняў моцна залежыць ад умоваў, якія птушкі сустракаюць пад час міграцыі  і могуць мець значнае ўздзеянне на іх фізічны стан і выжывальнасць. Гэта, напрыклад, сацыяльныя асаблівасці і ўмовы надвор’я. Існуе мноства публікацый наконт наступстваў зменаў у часе распачынання вясновай міграцыі і агульная іх выснова ў тым, што пералёты вясной адбываюцца ўсё раней і што тыя з птушак, якія хутчэй вяртаюцца на гнездавыя тэрыторыі, маюць большы поспех размнажэння.  Аднак у чым прычыны і якія чыннікі падтрымліваюць варыябельнасць часу восеньскай міграцыі, мала зразумела. Акрамя таго, гэтыя фактары могуць быць рознымі для розных відаў птушак і тым цяжэй пазнавальнымі. Тым не менш, добра вядомыя некаторыя агульныя вынікі восеньскай міграцыі: пад час сваёй першай міграцыі і ў залежнасці ад выбару месцаў зімоўкі гіне шмат маладых птушак, што, у сваю чаргу, можа мець наступствы на агульны гадавы цыкл жыцця тых асобін, якія выжывуць.

Правільны таймінг і маршрут міграцыі, які звязаны з адпаведнымі ўмовамі надвор’я асабліва важны для птушак, якія стараюцца лятаць лунаючым палётам – такія, як белыя буслы. Гэта дае ім магчымасць лунаць больш эфектыўна і мінімізіраваць страты энергіі на пералёт.

Вывучалася часткова мігруючая папуляцыя белых буслоў з Партугаліі, у якой частка птушак круглы год застаецца ў месцах гнездавання, іншыя ж прадпрымаюць пералёты на месцы зімоўкі на поўдзень ад Сахары. Для гэтага выкарыстоўваліся дадзеныя, атрыманыя ў 2016-20 гг. ад спецыяльных GPS-трэкераў, якія акрамя каардынат месцазнаходжання птушак, таксама запісывалі з дапамогай акелератара тып актыўнасці птушкі (палёт ці ўмоўны адпачынак) і дазвалялі вылічыць расходы энергіі. Цікава, што белых буслоў, якія ляцяць на поўдзень ці на поўнач праз Гібралтарскі праліў можна назіраць амаль увесь год, акрамя чэрвеня.

Усяго трэкерамі былі пазначаны 172 птушкі, з якіх за 5 гадоў былі атрыманы камплектнымі толькі 75 восеньскіх міграцыйных трэкаў на поўдзень ад Сахары (16 ад дарослых  і 59 ад маладых буслоў), гэтыя птушкі агулам правялі ў палёце 1235 дзён і 900 адпачывалі пад час міграцыі. Восеньская міграцыя пачыналася на працягу ажно двух месяцаў, паміж 7 ліпеня і 4 верасня, прычым пазначаныя трэкерамі буслы прыляталі на месцы зімоўкі паміж 31 ліпеня і 14 кастрычніка, за гэты час пераадольваючы ў сярэднім 2.500 км. Прычым дарослыя птушкі праляталі гэтую адлегласць у сярэднім за 25 сутак, а моладзь за 31 суткі. Буслы з абодвух узроставых катэгорый зімавалі ў шырокай зоне, якая называецца Сахель, ад Сенегала да Нігера на адлегласці нават 2.450 км паміж крайнімі пунктамі.

Аказалася, што птушкі, якія ляцелі праз Іберыйскі паўвостраў і Сахару раней у сезоне міграцыі, карысталіся спадарожнымі вятрамі і лепшымі ўмовамі з тэрмікамі (узыходзячымі слупамі цёплага паветра, якія і забяспечваюць лунаючы палёт) нашмат часцей, дзякуючы гэтаму трацілі на пералёты да месцаў зімоўкі менш энергіі ў параўнанані з птушкамі, якія пачыналі міграцыю пазней. Акрамя гэтага, больш раннія мігранты часцей сутыкаліся з заходнімі вятрамі над Сахарай і таму значна часцей зімавалі ва ўсходняй частцы Сахель, а больш познія, наадварот, часцей сустракалі пад час пералётаў над пустыняй моцныя усходнія вятры, якія прымушалі іх ляцець - і зімаваць – у заходняй частцы Сахель.

Умовы надвор’я пад час пералётаў іграюць ключавую ролю ў расходзе энергіі бусламі і асягненні вынікаў міграцыі. Больш познія мігранты могуць выкарыстаць менш спадарожных вятроў, сутыкаюцца з горшымі умовамі для ўзнікнення тэрмікаў і, адпаведна, для лунаючага палёту, і таму вымушаныя траціць значна больш энергіі на пералёт. Аднак аказалася, што гэтыя менш карысныя для іх падарожжа ўмовы прымушаюць позніх мігрантаў выбіраць больш прамыя і кароткія маршруты і яны адпачываюць значна менш, чым больш раннія мігранты. Таму час паміж пачаткам і канцом міграцыі ў іх значна меншы.

Пад час палёту над Сахарай дарослыя буслы ляцяць больш прамымі маршрутамі ў параўнанні з маладымі асобінамі. Вядома, што птушкі могуць ‘паляпшаць’ свае міграцыйныя маршруты з узростам, і хутчэй за ўсё, буслы выкарыстоўваюць з часам па магчымасці найбольш аптымальныя пралётныя шляхі.

У адрозненне ад іншых навуковых публікацый, даследчыкі не знайшлі істотных адрозненняў у расходаванні энергіі пад час міграцыі паміж маладымі і дарослымі бусламі. Аднак гэта можа быць вынікам таго, што ў параўнаўчы аналіз былі ўключаны толькі дадзеныя птушак, якія паспяхова даляцелі да месцаў зімоўкі. Але добра вядома, што тыя маладыя птушкі, якія тэарэтычна расходавалі больш энергіі, чым маглі сабе дазволіць, загінулі і таму і не трапілі ў параўнанне. Акрамя гэтага можа быць так, што маладыя буслы з іберыйскіх папуляцый маюць параўнальна больш часу (у сярэднім 37 дзён для птушак з Партугаліі) для трэніроўкі сваіх лётных здольнасцяў да пачатку міграцыі ў параўнанні з аднагодкамі з цэнтральнаеўрапейскіх папуляцый (у сярэднім 32 дні для буслоў з Германіі) і таму ляцяць больш энергаэфектыўна. Дадаткова вядома, што 71% маладых птушак з Германіі ляцяць non-stop, тады як сярод маладых буслоў з Партугаліі такіх толькі 14%. Такім чынам, дадатковыя дні для навучання таксама могуць мінімізіраваць розніцу ў расходаванні энергіі паміж імі і дарослымі асобінамі.

Крыніца: Marta Acácio et al. 2022 Timing is critical: consequences of asynchronous migration for the performance and destination of a long-distance migrant, Mov Ecol 10, 28 (2022). https://doi.org/10.1186/s40462-022-00328-3

Паводле https://movementecologyjournal.biomedcentral.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?

Белыя буслы з Германіі і Аўстрыі: у першы год жыцця загінулі 9 з 10

Будучыня белых буслоў – наша смецце?

Ежа са звалак аказалася лепшай для птушaнят белага бусла за прыродную