Упершыню атрымалася адсачыць трасы міграцыi і месцы зімоўкі пячуравак-трашчолак

пячураўка-трашчолка

Дзякуючы выкарыстанню мініятурных геалакатараў, упершыню атрымалася даволі дакладна прасачыць трасы міграцыі, іх характар і месцы зімоўкі пячуравак-трашчолак (Phylloscopus sibilatrix) з Вялікабрытаніі ў краінах Заходняй Афрыкі.

Пячураўка-трашчолка – толькі летні рэзыдэнт Брытанскіх астравоў, дзе від занесены ў Чырвоны спіс з-за таго, што яго колькасць з 1995 году скарацілася на 2/3. З-за таго, што ў апошнія дзесяцігоддзі падобныя па маштабу падзенні колькасці адбываюцца і з іншымі пералётнымі відамі птушак, якія зімуюць у Афрыцы, вельмі важна атрымаць нашмат больш інфармацыі пра афрыканскую частку іх жыцця каб зразумець, што адбываецца і пад час міграцыі, і там на зімоўцы.

У 2016 і 2018 гг. каманда брытанскіх даследчыкаў адлавіла некалькі самцоў пячураўкі-трашчолкі ў двух мясцовасцях у Вялікабрытаніі: у Dartmoor (Devon) і New Forest (Hampshire) і змясціла на іх мініятурныя геалакатары. У наступныя гады, у 2017, 2019 і 2020-м атрымалася адлавіць чатырох пячуравак з гэтымі прыладамі і з дапамогай адмысловай праграмы па інтэрпрэтацыі дадзеных з геалакатараў стварыць больш-менш дакладныя трасы іх перамяшчэнняў пад час міграцыі і вызначыць найбольш важныя месцы іх адпачынку на пралёце і зімоўкі.

Усе пячураўкі з геалакатарам, якіх атрымалася пераадлавіць, адляцелі з месцаў гнездавання на прыканцы ліпеня і на амаль увесь жнівень прыпыніліся ў краінах цэнтральна-паўднёвай Еўропы. Потым усе гэтыя птушкі пераляцелі ў Афрыку, дзе беспасадачным пералётам праляцелі над Сахарай. Пасля непрацяглага перапынку, пячураўкі працягнулі пералёт на паўднёвы захад, дзе ў зоне Сахель адбыўся першы працяглы перыяд іх адпачынку ў Афрыцы. Канчатковыя месцы зімоўкі пячуравак знаходзіліся ў Заходняй Афрыцы ў Гвінеі, С’ера-Леоне і Ліберыі. Геалакатары запісалі дадзеныя толькі двух пячуравак пад час іх вясновай міграцыі і птушкі зноў праляцелі над Сахарай без пасадкі перш, чым потым далей паляцелі ў Еўропу, але гэтая траса іх пралёту была значна далей на захад, чым восеньская.

Усе з 4-х пячуравак як мінімум 3 тыдні адпачывалі ў трох розных месцах пад час міграцыі: у Цэнтральна-Паўднёвай Еўропе, у зоне Сахель на поўдзень ад Сахары і ў Заходняй Афрыцы. Хаця абмежаванні ў дакладнасці вызначэння каардынат з дапамогай геалакатараў не даюць ‘прывязаць’ дакладнае месца ва ўсіх гэтых выпадках, аднак для адпачынку птушкі яўна выкарыстоўвалі або асобныя лясы, або вялікія па плошчы лясныя тэрыторыі з расліннасцю іншага складу, чым у месцах іх гнездавання.

Усе чатыры маршруты, якія атрымалася вызначыць, паказалі вельмі падобны часовы інтэрвал для асноўных фаз міграцыі і адпачынку пад час яе, а таксама выявілі т.зв. ‘петлявую міграцыю’ – калі птушкі вяртаюцца вясной іншым, у гэтым выпадку больш заходнім маршрутам і фактычна за год ‘малююць’ на мапе пятлю.

Dr Chris Hewson, прадстаўнік BTO і сааўтар публікацыі па выніках даследавання, сказаў: "Многія з нашых птушак насамрэч ‘афрыканскія віды’, якія прылятаюць да нас толькі каб размножыцца, аднак да гэтага часу мы вельмі мала ведалі пра тое, дзе і як ідзе іх жыццё па-за сезонам гнездавання. Мініятурызацыя прыладаў да сачэння за перамяшчэннямі зараз змяняе гэтае становішча, дапамагае нам лепш зразумець гэтых птушак і мы спадзяемся, што і дапаможа прыпыніць змяншэнне іх колькасці.”

Крыніца: Burgess, M, Castello, J, Davis, T & Hewson, C. 2022. Loop-migration and non-breeding locations of British breeding Wood Warblers Phylloscopus sibilatrix. Bird Study. DOI: https://doi.org/10.1080/00063657.2022.2138825

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных

Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?

Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі

Першая жоўтагаловая пліска з геалакатарам з Польшчы зімавала ў Пакістане