Паміж Паўночна-Усходняй Польшчай (месцам гнездавання) і Пакістанам (месцам зімоўкі) пліска праляцела ў абодва бакі больш за 10 тысяч км і выкарыстала невядомы да гэтага шлях міграцыі на поўдзень ад Каспійскага мора. Больш за 30% міграцыі адбывалася без выразных прыпынкаў на адпачынак, а самы працяглы падобны пералёт быў каля 2240 км і працягваўся 3,5 дні над горнымі і пустыннымі месцамі Ірана і Пакістана.
Жоўтагаловая пліска (Motacilla citreola) – вельмі цікавы від вераб’іных, які за апошнія дзесяцігоддзі значна пашырыў свой гнездавы арэал на захад нават да Заходняй Еўропы, што адпаведна значна падоўжыла і шляхі міграцыі да месцаў зімоўкі. На працягу апошніх 60 гадоў птушкі падвіду werae пасунуліся на захад больш, чым на 1500 км з Маскоўскай вобласці Расіі ў краіны Цэнтральнай Еўропы, дзе цяпер рэгулярна гняздуюць.
Жоўтагаловыя пліскі з паўночнай Сібіры зімуюць ад паўднёвага ўзбярэжжа Каспійскага мора да Індыі, тады як птушкі з цэнтральнай часткі еўрапейскай Расіі ляцяць на зімоўку на ўсход ад Каспійскага мора праз Туркменістан, Усходні Іран на Індыйскі субкантынент. Куды і як ляцяць зімаваць пліскі з больш заходніх і нядаўна паўсталых папуляцый, было невядома.
У чэрвені 2016 г. на месцы гнездавання віду ў Паўночна-Усходняй Польшчы былі адлоўлены 9 птушак (6 самцоў і 3 самкі), на якіх былі змешчаныя геалакатары вагой 0,6 г. У 2017 г. навукоўцы змаглі адлавіць аднаго самца з геалакатарам і яшчэ аднаго бачылі на месцы гнездавання, але адлавіць не змаглі. Дзякуючы выкарыстанню спецыяльнай праграмы для расшыфроўкі запісаных геалакатарам дадзеных аб працягласці светлай часткі сутак і датам, атрымалася вызначыць каардынаты месцазнаходжання пліскі з дакладнасцю ад 150 да 300 км (на месцах зімоўкі).
Восеньская міграцыя гэтага самца пліскі пачалася ў паўднёва-усходнім кірунку з 2 працяглымі прыпынкамі да паўночнага ўзбярэжжа Чорнага мора. Адсюль на працягу 48 гадзін птушка зрабіла першы працяглы пералёт на адлегласць 920 км да Паўночнага Ірана, дзе зноў адпачывала, але ўжо 16 дзён. 18 верасня пачаўся наступны працяглы пералёт – за 84 гадзіны пліска праляцела 2240 км над горнымі і пустыннымі тэрыторыямі Ірана (пустыні Kavir і Dasht-e Lut) і Пакістана (пустыня Kharan), і 21 верасня прыляцела на месца зімоўкі ў ніжнюю частку даліны Інду ў Пакістане. Пліска заставалася там да канца каляндарнай зімы.
Вясновую міграцыю птушка распачала 19 сакавіка і паляцела на паўночны захад, прычым першыя 9 дзён з сярэдняй хуткасцю 207 км у суткі. Гэта сведчыла б пра тое, што пліска часта прыпынялася для адпачынку і харчавання пад час пералётаў. Потым хуткасць міграцыі павялічылася і агулам атрымалася 262 км у суткі, што больш, чым у два разы хутчэй, чым сярэдняя хуткасць восеньскай міграцыі (116 км у суткі). Справа, канешне, і ў больш працяглых адпачынках пліскі пад час восеньскіх пералётаў (26,5 сутак) у параўнанні з вясновымі (7,5 сутак). Зразумела, што больш хуткае вяртанне на гнездавую тэрыторыю павялічвае шанцы заняць лепшае месца гнездавання і быць абраным партнёркай.
Самы доўгі пералёт, які адбыўся ўвосень і працягваўся з сярэдняй хуткасцю 640 км у суткі, даў усе падставы меркаваць пра тое, што пліска ляцела і ўначы, пра што раней для іх было невядома. Калі прыняць, што сярэдняя хуткасць палёту жоўтагаловай пліскі падобная да белай пліскі (M. alba), самец жоўтагаловай павінен быў ляцець з падобнай хуткасцю не менш за 47 гадзін (без уліку магчымага спадарожнага ветру). Аднак максімальная працягласць светлай часткі сутак у дні гэтага пералёту была 37 гадзін і 53 хвіліны. Таму пліска яўна ляцела як мінімум і частку ночы.
Крыніца: Korniluk et al. (2021) Citrine Wagtail migration on the Indo-European Flyway: a first geolocator track reveals alternative migration route and endurance flights to cross ecological barriers, Avian Research 12:68 https://doi.org/10.1186/s40657-021-00305-1
Паводле https://avianres.biomedcentral.com (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца жоўтагаловай пліскі – Андрэя Прыгуна
На гэтую тэму:
Стэпавыя свірстуны з Заходняй Сібіры рэгулярна зімуюць у Заходняй Еўропе
Адрозненні ў генах пячуравак з розных папуляцый прымушаюць іх зімаваць у розных месцах
Знойдзены “ген міграцыі” птушак?
За эпічныя міграцыі вераб’іных птушак адказвае невялікі кластэр генаў
Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму
Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ