Вясна прыляцела ў Беларусь ужо ў сярэдзіне каляндарнай зімы

Апошнія зімы (за рэдкім выключэннем) у Беларусі немагчыма называць ранейшымі, бо асабліва на захадзе краіны снег не ляжыць усе зімовыя месяцы, а вадаёмы калі і пакрываюцца ільдом, то часам толькі на прыканцы снежня. Ды ўжо ў студзені вада ў поймах некаторых рэчак разліваецца амаль як вясной. Усё гэта блытае не толькі птушак, але і нас, калі мы хочам адназначна сказаць пра пачатак вясновай міграцыі на нашай тэрыторыі.

Справа тут у тым, што сярод птушак-мігрантаў існуюць дзве вялікія групы, якія для таго, каб вызначыць час вяртання, выкарыстоўваюць розныя прыродныя сігналы. Ну і адпаведна імі ж карыстаюцца каб вызначыцца – адлятаць ад нас на зімовы час ці застацца. А калі застацца – то і наколькі? Прадстаўнікі першай групы відаў называюцца дальнія (ці далёкадыстанцыйныя) мігранты і (звычайна) яны зімуюць у іншай кліматычнай зоне, чым гняздуюць. Г.зн. што калі яны гняздуюць у нас ва ўмеранай кліматычнай зоне, то ляцяць зімаваць у Міжземнамор’е (малінаўка, сокал-пустальга), у субтропікі (шэрая леска, поплаўны лунь, вясковая ластаўка), ці ў тропікі (белы бусел, усе крычкі і рыбачкі) і экватарыяльную зону (чорны свіргуль, зязюля) Афрыкі, а некаторыя нават Азіі (малая валасяніца, звычайны чаромашнік, жаўтагаловая пліска). Ёсць у гэтай групы і іншая, больш знаёмая ўсім назва – пералётныя птушкі. Птушкі з гэтай групы наўрацці ведаюць што такое наша зіма (і былая “сапраўдная”, і нават цяперашняя), таму што адлятаюць ад нас задоўга да яе магчымага пачатку дзякуючы нейкаму скарачэнню светлай часткі сутак або на прыканцы лета, або ўвосень. Гэта і ёсць галоўным для іх сігналам да восеньскай міграцыі. ‘Крытычная’ працягласць дня ў розных відаў можа быць і насамрэч розная, таму розныя віды і адлятаюць у розны час. Падобным чынам на месцы зімоўкі нейкае павелічэнне працягласці дня ёсць сігналам да пачатку вясновай міграцыі, сэнс якой вярнуцца на патэнцыйныя месцы гнездавання ў час, калі там ужо ёсць ці параўнальна хутка наступяць ўмовы для пачатку размнажэння. Чым раней вернешся – тым больш шанцы заняць лепшае месца для гнездавання, а ў відаў без пастаяннага партнёра – знайсці лепшага з іх. Здавалася б, што працягласць дня і ночы ў тыя ж даты не змяняецца і таму пералётныя птушкі павінны адлятаць і вяртацца хутчэй ў тыя ж даты, што і тысячагоддзі таму. Але насамрэч і гэтыя віды прыстасоўваюцца да больш кароткіх і лагодных зімаў і вяртаюцца, хаця і паступова, ўсё раней. Для тлумачэння гэтага ёсць розныя тэорыі. Аднак што не менш цікава, некаторыя (хутчэй адзінкавыя ці вельмі нешматлікія) асобіны відаў-далёкіх мігрантаў пачалі заставацца зімаваць у нас ці ў тым самым умераным клімаце недалёка ад Беларусі і таму (дадаткова) заблытваюць карціну пачатку вясновай міграцыі (напрыклад, белыя буслы, балотныя луні, лескі-чарнагалоўкі ці малінаўкі).

Другая ж група мігрантаў - самая складаная да вызначэння дакладнага пачатку вясновай міграцыі ў іх. Яе прадстаўнікі называюцца бліжнімі (ці блізкадыстанцыйнымі) мігрантамі і звычайна зімуюць у той самай кліматычнай зоне, што і гняздуюць – г.зн. што калі яны і адлятаюць ад нас, то не далей краін Заходняй Еўропы. Для іх сігналам да пачатку (часам нават непрацяглай і параўнальна недалёкай) міграцыі, у асноўным, ёсць даступнасць ежы і ўмовы надвор’я. Калі другія пагаршаюцца так (напрыклад, глыбокі снег і марозы), што першых перастае хапаць для выжывання, яны адлятаюць туды, дзе могуць зімаваць і або вяртаюцца з паляпшэннем надвор’я, або застаюцца на месцы зімоўкі да сталага пацяплення і павелічэння працягласці дня. А апошняе дазваляе больш часу прысвяціць пошуку ежы – калі гэта неабходна. Да гэтай групы птушак адносяцца шэрыя жураўлі, шэрыя гусі, канюхі-мышаловы, сокалы-пустальгі, чорныя дразды, шэрыя і вялікія белыя чаплі, лыскі ды іншыя. З кожным годам не толькі ўсё большая колькасць асобін гэтых відаў застаецца зімаваць у нас (з вядомых прычынаў часцей на захадзе краіны), але і з-за таго, што месцы пастаяннай іх зімоўкі ўсё больш і больш прасоўваюцца на ўсход, бліжэй да нашых межаў, яны і пачынаюць вяртацца - пры неадпаведна цёплай зімовай пагодзе – вельмі рана.  І такім чынам фактычна пачынаюць вясновую міграцыю – як і адбылося сёлета.

Гэтай зімой – як дарэчы і ў некалькі апошніх папярэдніх зімаў - шэрыя жураўлі, шэрыя гусі і некаторыя іншыя бліжнія мігранты ў невялікай колькасці адзначаліся на паўднёвым захадзе Берасцейшчыны. Аднак надзвычай цёплы, з тэмпературным рэкордам, пачатак новага году змяніў сытуацыю найперш таму, што сотні, калі не тысячы птушак гэтых і іншых відаў, якія зімавалі на захад ад нас найперш у Польшчы, пачалі перамяшчацца на ўсход. І такім чынам ужо ў першай палове студзеня былі адзначаны параўнальна вялікія групы шэрых жураўлёў і розных відаў гусей, якія ляцяць ва ўсходнім кірунку і на поўдзень ад Белавежскай пушчы, і на яе поўначы. Адсутнасць снега ў апошнія дні і вялікія разлівы невялікіх рэчак толькі спрыяюць актыўнай міграцыі, таму што звычайна гэтыя віды прыпыняюцца на т.зв. ‘лініі снегу’ і чакаюць пакуль ён растае перш, чым ляцець далей.

І вось што паведамляе Вадзім Пракапчук, арнітолаг з Брэста, пра вынікі першай яўнай хвалі міграцыі блізкадыстанцыных мігрантаў на 14 студзеня, паводле сваіх і іншых назіранняў: “На ўмоўным участку паміж Камянюкамі і Брэстам сёння ў розных месцах былі адзначаны больш за дзесяць вялікіх і сярэдніх чародаў гусей на палетках: шэрыя, гусі-гуменніцы і адна групка белалобых гусей. А ў раёне Брэста – шэрыя жураўлі і 4 кнігаўкі! Дарэчы, гэта не стала нейкай нечаканасцю, бо 3 студзеня ў пойме ракі Лясная ля вёскі Вугляны на Камянеччыне ўжо былі адзначаныя 40 шэрых гусей, больш за 30 гусей-гуменніц, 3 вялікія белыя чаплі, 9 шэрых журавоў.”

Ляцелі гусі і жураўлі на другім тыдні студзеня, па словах Дзьмітрыя Шыманчука, бёрдэра з Гродна, і ў Свіслацкім раёне на Гарадзеншчыне: “Першага шэрага жураўля я пачуў 4 студзеня, а ўначы з 13 на 14-е актыўна ляцелі гусі. Калі ж я ад’язжаў з Ціхаволі ў Гродна, на ўскрайку вёскі зняў жураўлёў /гл. здымак зверху навіны/.”

Птушкі прадказваюць раннюю вясну. Але не трэба забываць, што ўсе пералічаныя вышэй віды, нават кнігаўкі (якія звычайна зімуюць у Францыі) – гэта блізкадыстанцыйныя мігранты. І калі нешта пайдзе на так, яны маюць магчымасць і адляцяць на столькі сотняў кіламетраў на захад, колькі будзе трэба каб там чакаць сапраўдную вясну. Таму на пытанне – “А як будзе з вясной у лютым?”, Вадзім Пракапчук з усмешкай адказвае: - “Убачым ужо ў лютым”.

-------------

Да канца каляндарнай зімы можна самастойна, не выходзячы з хаты ці кватэры назіраць 24h LIVE за тым, што адбываецца з птушкамі і звярамі поймы ракі Лясная ТУТ. Ну і на свае вочы ўбачыць працяг сёлетняй ранняй вясновай міграцыі.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для “Птушкі штодня

Здымак шэрых жураўлёў Дзьмітрыя Шыманчука, зроблены 15.01.2023 г. у Свіслацкім раёне.

 

 

На гэтую тэму:

Вясновая міграцыя птушак прыспешваецца з кожным годам

Чаму птушкі вяртаюцца штогод усё раней?

У Беларусь прыляцела вясна!

На выходных у Беларусь прыляцела вясна!

Вясна ляціць: у Беларусь вярнуліся першыя кулікі

Вясна: у Беларусі адзначаны першыя палявыя жаўрукі