У Беларусь прыляцела вясна!

Яшчэ ў апошнія дні студзеня на самым захадзе Беларусі былі адзначаны першыя птушкі-мігранты: 30.01 Дзьмітры Шыманчук назіраў у Свіслацкім раёне чародкі гусей, якіх, на жаль, не вызначыў да віда. І вось з пачатку лютага колькасць паведамленняў пра вясновую міграцыю паступова расце і разам з цёплым і сонечным надвор’ем колькасць і разнастайнасць мігрантаў будзе толькі павялічвацца.

Тыдзень таму, у нядзелю 06.02, Вадзім Пракапчук ужо назіраў на разлівах р.Лясной у Камянецкім раёне качак-свіцьваў, качак-цыранак, качак-шылахвостак, шэрых гусей і гусей-гуменніц, а таксама 2 пары шэрых жураўлёў.

У чацвер, 10.02, Сяргей Бобыль адзначыў 2 шпакоў і пару шэрых гусей у Бярозе. А ўчора, у суботу 12.02, Дзьмітры Вінчэўскі з Еленай Майсюк на балоце Грайна і на разлівах Свіслачы ў Бераставіцкім раёне атрымлівалі задавальненне ад актыўнага пралёта пад сотню шэрых жураўлёў, якія суправаджаліся час ад часу ўсім вядомымі гучнымі крыкамі, дзесяткаў шэрых гусей і такаваннем некалькіх кнігавак.

птушкі

Шэрыя гусі на разлівах у пойме р.Свіслач.

птушкі

птушкі

Лебедзі-клікуны адпачываюць на разлівах ў заказніку і ТВП "Гродзенская Свіслач".

птушкі

Шэрыя жураўлі і шэрыя гусі ляцяць на балота Грайна.

птушкі

Шэрыя жураўлі вяртаюцца ў Беларусь. Пойма р.Свіслач, Бераставіцкі раён.

птушкі

Звычайна дальнія мігранты, якіх усе мы ведаем са школы пад назвай “пералётных птушак”, вяртаюцца вясной прыкладна ў тыя самыя тэрміны, хаця і сярод іх бываюць часам выключэнні. Справа ў тым, што гэтыя віды адлятаюць ад нас зімаваць у іншыя кліматычныя зоны: у субтропікі, тропікі і на экватар загадзя, зусім не ведаюць што ў нас бывае зіма і калі яна дакладна пачынаецца і заканчваецца. І хаця іх вяртанне штогод з-за глабальнага пацяплення таксама пастаянна прыспешваецца, але вялікіх ваганняў па тэрмінах прылёта першых асобін з іх няма. Гэта, напрыклад,  звычайная зязюля, чорны свіргуль, многія віды нашых кулікоў і некаторыя - качак, балотны і поплаўныя луні з драпежных птушак і шматлікія віды вераб’іных, звычайна насякомаедныя: усходні салавей, лескі, усе ластаўкі, валасяніцы і шмат іншых.

Інакш сябе паводзяць бліжнія мігранты, якія зімуюць у той самай кліматычнай зоне, дзе і гняздуюць: гэта значыць у Паўднёвай, Заходняй і нават у Цэнтральнай Еўропе. У цёплыя зімы іх усё больш застаецца зімаваць і ў нас, і колькасць асобных прадстаўнікоў такіх відаў штогод таксама павялічваецца. Гэта, сярод іншых, шэрыя і вялікія белыя чаплі, вялікія бакланы, лыскі, вадзяныя пастушкі і чаротніцы, чорныя дразды, канюхі-мышаловы, крапіўнікі і зімародкі.

Таму, напрыклад, звычайныя шпакі, яшчэ да нядаўняга часу пэўныя вестнікі вясны, усё часцей адзначаюцца на зімоўцы ў розных частках Беларусі і адрозніць птушак што зімавалі ў нас ад тых, што прыляцяць першымі з-за мяжы, наўрацці магчыма. Іншая справа з кнігаўкамі – гэтыя кулікі зімуюць у Заходняй Еўропе і таму няма сумненняў, што мы бачым тых птушак, якія не зімавалі недзе побач у Беларусі. Хаця шэрыя гусі таксама бліжнія мігранты і зімуюць у Нідэрландах, Германіі і Польшчы, а апошнія зімы ў невялікай колькасці і ў нашай краіне, але гэтай зімой гэты від бачылі толькі на Камянеччыне, як і шэрых жураўлёў. Таму сумненняў у тым, што мы назіраем ужо першых мігрантаў, якія не зімавалі тут, няма. А вялікія разлівы нашых рэчак і рэк абяцаюць цікавую для назіранняў міграцыі вясну.

 Свае назіранні па вяртанні вясновых мігрантаў, як і ў папярэднія годы, запрашаем застаўляць у выглядзе каментароў пад табліцай “Вясна ляціць” – сустрэнем Вясну і птушак разам!

Дзьмітры Вінчэўскі для “Птушкі штодня

Здымкі аўтара

 

 

На гэтую тэму:

На выходных у Беларусь прыляцела вясна!

Вясна ляціць: у Беларусь вярнуліся першыя кулікі

РАЗАМ З ГУСЯМІ-ГУМЕННІЦАМІ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНУ ПРЫЛЯЦЕЛА ВЯСНА

У АПОШНІ ДЗЕНЬ СТУДЗЕНЯ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНУ ВЯРНУЛІСЯ ЖУРАЎЛІ

ВЯСНА: У БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ПЕРШЫЯ ПАЛЯВЫЯ ЖАЎРУКІ

Вясновая міграцыя птушак прыспешваецца з кожным годам