Самка белага жураўля (Grus leucogeranus), якую выгадавалі для гэтага ў Бельгіі, была адвезена ў Іран і ў бліжэйшы час будзе выпушчана ў прыроду ў месцы, дзе штогод зімуе самец Omid - апошні прадстаўнік заходнесібірскай папуляцыі віда. Навукоўцы спадзяюцца, што існуе вялікая імавернасць стварэння пары і маюць надзею на вяртанне жураўлёў разам на месца гнездавання ў Заходнюю Сібір.
Самка белага жураўля, якая атрымала імя 'Roya', нарадзілася ў 2015 г. і вырасла ў пітомніку ў мясцовасці Zutendaal (правінцыя Limburg, Бельгія). У аўторак, 24 студзеня, яна на самалёце прыляцела ў Тэгеран.
Раней жураўлі з заходнесібірскай папуляцыі віда зімавалі ў Іране і ў Індыі. Аднак катастрафічнае змяншэнне колькасці гэтых птушак прывяло да таго, што ў 2002 годзе засталося толькі 4 такіх белых жураўля! Апошняя самка з гэтай папуляцыі, якая атрымала ад мясцовых іранцаў імя Arezoo (Жаданне на фарсі), загінула пад час шторму ў лютым 2009 году, а ўсе спробы аднавіць папуляцыю ў Расіі скончыліся няўдачай.
Пасля таго, як апошняя самка загінула, у жывых застаўся толькі самотны самец, які атрымаў імя Omid – Надзея (фарсі). Штовосень ён прылятае з Сібіры на зімоўку ў Іран у мясцовасць Fereydunkenar – гэта паўднёвае ўзбярэжжа Каспійскага мора ў правінцыі Mazandaran. Толькі двойчы гэты самец не даляцеў да Ірана– у 2009 і 2015 гг, чым прымусіў хвалявацца мясцовых сялян, на рысавых палетках якіх ён зімуе, а таксама іранскіх арнітолагаў і прадстаўнікоў службы аховы прыроды. Аднак на прыканцы кастрычніка 2022 году Omid зноў, у 15-ы раз, прыляцеў у Fereydunkenar.
Больш усходняя папуляцыя віда, якая гняздуе ў паўночна-усходняй Сібіры і зімуе амаль выключна на возеры Poyang у Кітаі, налічвае каля 3 тысяч птушак. Від мае статус ‘крытычна пагражаемага’ (Critically Endangered) паводле класіфікацыі МСАП (IUCN).
Geer Scheres, прадстаўнік Zutendaal Cracid Breeding And Conservation Centre з Бельгіі, сказаў, што траспарціроўка і запланаваны выпуск самкі Roya на месцы зімоўкі Omid’а - гэта “вялікі крок да выжывання віда з мэтай выратаваць вельмі невялікую папуляцыю”.
"Наша ідэя ў тым, што магчыма ён вернецца на Каспійскае ўзбярэжжа са сваімі птушанятамі пасля размнажэння. А для гэтага яму патрэбна самка, якая вырасла са сваімі бацькамі і не мела кантактаў з людзьмі. Для гэтага Roya гадавалася ў нашым цэнтры ў ізаляцыі ад нас.”
Цікава, што Scheres амаль не мае сумневаў, што ў жураўлёў атрымаецца стварыць пару як і запланавана людзьмі: "Вясной прырода змяняе гармоны ў птушак такім чынам, што яны вельмі факусуюцца на размнажэнні. Таму, хутчэй за ўсё, гэта будзе каханне з першага позірку”.
Усё так і адбылося: 31 студзеня самка была выпушчана са сваёй часовай вальеры паблізу самца і пасля яны разам крычалі і танчылі, а потым харчаваліся недалёка адно ад другога.
Паводле www.birdguides.com і www.tehrantimes.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Апошні белы журавель з Заходняй Сібіры прыляцеў у Іран
Колькасць зімуючых у Іране белых жураўлёў зменшылася да адной птушкі
У Новай Зеландыі памерла самая верная олуша на Свеце
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ