Арнітолагі і іншыя прадстаўнікі новазеландзкіх арганізацый па ахове прыроды сумуюць з-за страты адной з самых незвычайных дзікіх птушак на Зямлі – аўстралійскай олушы (Morus serrator) па мянушцы Найджэл (Nigel).
Менавіта Найджэл стаў першай олушай, увагу якой прыцягнулі расфарбаваныя пад жывых птушак мадэлі, зробленыя з бетону і расстаўленыя на востраве Мана, на поўнач ад галоўных астравоў Новай Зеландыі. Ён прыляцеў сюды ўпершыню ў 2013 годзе і стаў першым і адзіным прадстаўніком віду, якога навукоўцы адзначылі на востраве за апошнія 40 гадоў. 80 бетонных мадэляў олуш былі расстаўлены тут у надзеі, што дзякуючы ім атрымаецца прыцягнуць сюды жывых птушак і заснаваць некалі зніклую тут калонію. Акрамя гэтага, дзякуючы сонечным панэлям час ад часу бетонныя олушы крычалі галасамі сапраўдных птушак на ачышчаным папярэдне ад інвазійных чужародных жывёл востраве.
І хаця Найджэл заставаўся тут фактычна сам доўгія гады, напэўна, ён быў шчаслівы сярод бетонных птушак. Ён штогод вяртаўся да абранай самкі з бетону і акрамя таго, што заўсёды побач з ёй будаваў гняздо, ласкава спрабаваў папраўляць і чысціць яе пер’е і час ад часу размаўляў ці расказваў пра свае прыгоды.
Некалькі тыдняў таму да Найджэла далучыліся яшчэ тры жывыя аўстралійскія олушы, аднак сапраўдны заснавальнік калоніі не праявіў да іх ніякай цікаўнасці і заставаўся верны даўно абранай “партнёрцы”, а тыдзень таму быў знойдзены мёртвым сярод бетонных птушак.
“Найджэл застаўся верным сваёй калоніі” – сказаў Крыс Белл (Chris Bell), рэйнджар, які працуе на востраве сам і які знайшоў парэшткі Найджэла. “Я думаю, што яго жыццё павінна было быць вельмі фруструючым. Цяжка лічыць яго сапраўды адзінокім, але ён так і не атрымаў нічога ад сваёй “абранніцы”, каля якой ён правёў гады жыцця. Мы заўсёды мелі да яго мноства эмпатыі таму што ён апынуўся ў такой безвыхаднай сытуацыі”.
Як аказалася, бетонныя мадэлі не змаглі падмануць больш ніякіх рэальных олуш. Але Найджэл, які выбраў іх замест жывых, урэшце рэшт прыцягнуў на востраў іншых рэальных прадстаўнікоў свайго віду і такім чынам можа лічыцца сапраўдным заснавальнікам рэальнай калоніі аўстралійскіх олуш на востраве Мана.
Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Найджэла з “партнёркай” FRIENDS OF MANA ISLAND
На гэтую тэму:
Птушыныя манекены дапамогуць рэальным птушкам
Глабальна пагражаемыя мангравыя ўюркі на новым месцы жыхарства
У які бок змяняліся птушкі астравоў
Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё
Клеткі дапамагаюць птушкам нават на волі
Увага! Паўночная олуша ў Беларусі! (+відэа)
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ