Пад час прыпынкаў на адпачынак птушкі-мігранты аднаўляюць і сваю імунную сістэму

звычайная рудахвостка

Новае даследаванне шведзка-нямецкай каманды навукоўцаў дазваляе лепш зразумець неабходнасць адпачынку птушак пад час сезонных міграцый. Аказалася, што яны выкарыстоўваюць адпачынак не толькі для аднаўлення энергіі, але і каб адпаведным чынам узмацніць сваю імунную сістэму.

Многія віды птушак, асабліва т.зв. далёкадыстанцыйныя мігранты, якія зімуюць у іншай кліматычнай зоне чым гняздуюць, пад час міграцыі робяць як мінімум адзін прыпынак у адпаведным месцы працягласцю да некалькі дзён, каб адпачнуць і аднавіць энергетычныя запасы для далейшага пералёту на месцы гнездавання.

"Наша даследаванне ўпершыню змагло паказаць на прыладзе дзікіх птушак, што яны выкарыстоўваюць прыпынкі пад час міграцыі не толькі для фізічнага адпачынку. Ім таксама неабходны час на аднаўленне ці настройку іншых фізіялагічных сістэмаў арганізма” – сказаў Arne Hegemann, біёлаг з Lund University (Швецыя), які праводзіў даследаванне разам з калегамі з Institute for Avian Research (Германія).

Напружаная фізічная актыўнасць можа негатыўна ўздзейнічаць на канстытутыўную (агульную) прыроджаную імунную сістэму (constitutive innate immune function (CIF)), якая ёсць першым моцным бар’ерам для патагенаў. Не менш важна тое, што CIF не з’яўляецца спецыфічнай для кожнай асобіны віда і таму вельмі важная для адпаведнага індывідуальнага імуннага адказу на новыя патагены. У сваю чаргу аслабленая CIF павялічвае рызыку захварэць, асабліва пад час хуткай змены наваколля ва ўмовах міграцыі.

Даследчыкі параўновывалі розныя паказчыкі CIF і ў тых самых асобін, і паміж рознымі ў берасцянак, лясных завірушак і звычайных рудахвостак пад час іх міграцыі. Аказалася, што некаторыя важныя паказчыкі CIF пасля адпачынку аднаўляліся ці нават павялічваліся. Гэта падкрэслівае важнасць адпаведных месцаў для адпачынку пад час сезонных міграцый, дзе птушкі не толькі могуць аднавіць запасы энергіі, але і імунную сістэму.

"Вельмі ўражвае, як шмат мы яшчэ можам даведацца пра міграцыі птушак і тое, што з’яўляюцца ўсё новыя і новыя цікавыя адкрыцці. Наша ж тычыцца таго, як яны спраўляюцца з фізіялагічнымі выклікамі пад час сваіх працяглых вандровак” – сказаў Arne Hegemann.

Крыніца: Cas Eikenaar et al, Recovery of constitutive immune function after migratory endurance flight in free-living birds, Biology Letters (2023). DOI: 10.1098/rsbl.2022.0518

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца звычайнай рудахвосткі Сяргея Зуёнка

 

На гэтую тэму:

Нашы птушкі вяртаюцца з тропікаў, каб пазбегнуць тамтэйшых хваробаў?

Тундравыя пардвы, імунітэт і глабальнае пацяпленне