Упершыню за апошнія 200 гадоў скопы загнездавалі ў Ірландыі

скапа

Гэтым летам пара скопаў (Pandion haliaetus) упершыню за больш, чым 200 гадоў гнездавала ў бліжэй не акрэсленай мясцовасці Co Fermanagh на поўначы Ірландыі. Прычым паводле сведчання прадстаўнікоў арганізацыі Ulster Wildlife, з гнязда паспяхова выляцелі 2 ці 3 птушанят. І хаця апошнія некалькі гадоў існуюць планы па рэінтрадукцыі віда ў Ірландыі, вельмі важна, што гэтая пара рэкаланізавала Fermanagh Lakelands самастойна.

Прыемнае, і як аказалася, чаканае адкрыццё зрабіў Giles Knight, адзін з раднікаў Ulster Wildlife па пытаннях аграсхемаў. Ён назіраў пару скопаў апошнія тры сезоны надалёка ад уласнай фермерскай гаспадаркі.

"Я доўгі час трымаў гэта ў сакрэце каб не адбылося непатрэбнага турбавання гэтых неверагодных, але ўразлівых птушак” – сказаў Knight. "Разам з сынам мы назіралі пару скопаў у тым самым месце штогод з 2021 года, таму можна ўявіць як мы ўзрадаваліся, калі сёлета акрамя дарослых птушак убачылі на гняздзе і траіх птушанят”.

"Я не паверыў сваім вачам, гэта самы інтрыгуючы момант у маёй 30 гадовай кар’еры аховы мясцовай прыроды. Для мяне гэта як адшукаць скарб, які быў даўно згублены.” – дадаў Knight.

"Прынамсі дзве маладых птушкі выляцелі ў гэтым сезоне. І для нас гэта выдатны прыродаахоўны момант, які дэманструе здаровую водна-балотную экасістэму, стан якой дазволіў вярнуцца сюды драпежніку з вяршыні харчовай піраміды."

Лічыцца, што скапа як гняздуючы від была вынішчана ў Ірландыі на прыканцы XVIII стагоддзя з-за сістэматычнага пераследавання чалавекам.

Хаця ў апошнія дзесяцігоддзі скопы рэгулярна адзначаюцца над востравам пад час вясновай і восеньскай міграцыі, сёлетні выпадак гнездавання з’яўляецца першым даказаным для краіны. Хаця Шатландыя дагэтуль падтрымлівае найбольшую гнездавую групоўку віда на Брытанскіх астравах, але ў апошнія некалькі гадоў скопы пачалі гнездаваць і ў розных месцах Англіі і Уэльса.

"Мне было вельмі прыемна назіраць гарачую пазітыўную рэакцыю ўладальніка зямлі, на якой загнездавалі скопы, усёй нашай фермерскай супольнасці і партнёраў па ахове прыроды” – сказаў Knight. Гэтая падзея дае сур’ёзныя падставы лічыць, што від зможа паспяхова вярнуцца ў Ірландыю як пастаянна гняздуючы.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

АРНІТАЛАГІЧНАЯ СЕНСАЦЫЯ: ГНЕЗДАВАННЕ СКАПЫ ВА УКРАІНЕ

Трансатлантычны пералёт скапы

Скапа з перадатчыкам знікла над Мальтай

Самая старая брытанская скапа вярнулася на сваё гняздо

Знакамітая шатландзкая Lady ізноў выгадавала птушаня