Разнастайнасць птушак навокал уздзейнічае на ўзровень неспакою і перапады настрою людзей

Нядаўняе даследаванне, праведзенае камандай амерыканскіх і канадзкіх навукоўцаў, у чарговы раз прадэманстравала моцную ўзаемасувязь ментальнага здароўя людзей ад разнастайнасці дзікіх птушак, якія жывуць навокал іх.

Даследчыкі параўналі дадзеныя па відавому складу птушак у розных месцах штата Мічыган (ЗША) з колькасцю выпадкаў гаспіталізацыі з праявамі неспакою ці рэзкімі перападамі настрою (anxiety and mood disorder) за больш, чым 11-гадовы перыяд. Аказалася, што меншая відавая разнастайнасць птушак можа быць індыкатарам большай колькасці гаспіталізацый з рознымі ментальнымі праблемамі. Гэта значна ўдакладняе наша разуменне складанай сувязі паміж псіхічным здароўем чалавека і станам прыроднага асяроддзя ў якім ён жыве.

Адно з папярэдніх даследаванняў паказала, што больш за 50% насельніцтва ў краінах з высокім і сярэднім даходам можа мець як мінімум адно псіхічнае захворванне і гэта галоўным чынам неспакой і рэзкія перапады настрою. Хаця ўзровень даходаў, агульны стан здароўя і шчыльнасць расліннага покрыва навокал месца жыхарства таксама могуць выразна прадказаць ўзровень колькасці гаспіталізацый з раней пералічанымі ментальнымі расстройствамі, гэтае даследаванне паказала, што разнастайнасць птушак – гэта яшчэ адзін моцны і незалежны фактар асяроддзя, які можа ўздзейнічаць за псіхічнае здароўе чалавека. Таму планаванне ‘зялёных прастораў’ у гарадах павінна ўлічваць і гэтую акалічнасць.

Dr Rachel Buxton, галоўная сааўтарка артыкула па выніках даследавання, якая прадстаўляе Institute of Environmental and Interdisciplinary Sciences ва ўніверсітэце Carleton (Канада), сказала: "Людзі часта лічаць прыродай зялёныя насаджэнні навокал дамоў ці бліжэйшы да іх жытла парк, аднак яўна недаацэненай для здароўя застаецца разнастайнасць там відаў. Наша работа паказала, што менавіта біяразнастайнасць можа ўздзейнічаць на ўзровень гаспіталізацый з ментальнымі праблемамі. І вельмі магчыма, што змяншэнне біяразнастайнасці па ўсяму Свету можа мець складаную ўзаемасвязь з нашым адчуваннем неспакою і рэзкімі зменамі настрою на штодзённай аснове”.

"Крытычна важна мець цэласны погляд на ўзаемасувязь прыроды і стан нашага псіхічнага здароўя. Інвестыцыі ў (ахову) прыроды павінны разглядацца не як раскоша, а як неабходнасць і ацэньвацца таксама ў кантэксце таго, наколькі гэта важна для нармальнага стану здароўя і асобных людзей, і супольнасцяў, якія жывуць у гарадах або ў месцах з вельмі абмежаванымі прыроднымі элементамі. Аднаўленне і захаванне разнастайных відаў дзікіх птушак можа быць значным унёскам у паляпшэнне псіхічнага самапачуцця людзей у гарадах, павінна ўлічвацца ў праектах па аднаўленню прыроды і ў агульнай палітыцы па ахове здароўя.”

Каб больш даведацца пра знойдзеныя ўзаемасувязі, навукоўцы рэкамендуюць наступныя даследаванні.

Крыніца: Buxton, R T, Pearson, A L, Lin, H-Y, Sanciangco, J C, & Bennett, J R. 2023. Exploring the relationship between bird diversity and anxiety and mood disorder hospitalisation rates. Geo: Geography and Environment. DOI: https://doi.org/10.1002/geo2.127

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Адчуванне шчасця для еўрапейцаў залежыць ад колькасці відаў птушак навокал

Назіранні за птушкамі неабходныя для нашага душэўнага здароўя

У Шатландыі тэрапеўты пачалі прапісваць пацыентам бёрдуотч!

Маладым людзям не хапае зносінаў з прыродай

Кожны пяты амерыканец – бёрдуотчар!