Як і якія афрыканскія віды каланізуюць Іберыйскі паўвостраў

У апошнія дэкады на самым захадзе Еўропы, у Партугаліі і Гішпаніі, былі адзначаны некалькі афрыканскіх відаў птушак, некаторыя з іх так і засталіся больш ці менш рэгулярна залётнымі, іншыя ж пачалі тут гнездаваць. Гэтыя параўнальна хуткія змены іберыйскай арнітафауны звязваюць найперш з апошнімі кліматычнымі зменамі.

Кожны афрыканскі від птушак, які з’яўляецца толькі аднойчы, або застаецца надаўжэй і пачынае размнажацца на еўрапейскім кантыненце, можа з’яўляцца адным з індыкатараў уздзеяння зменаў клімату на мясцовыя экасістэмы. Кампутарныя мадэлі прадказваюць далейшую арыдызацыю і павелічэнне маштабаў і частаты засух у Паўночнай Афрыцы і паўднёвай Іберыі. Гэта, у сваю чаргу азначае, што наўрацці змены відавога складу птушак, якія ўжо адбыліся, будуць апошнімі.

Бар’еры і межы

Хаця паўночная частка Афрыкі і паўднёвая Іберыйскага паўвострава Еўропы маюць падобны клімат і ландшафты, дзеляць паміж сабой т.зв. Альбаранскае мора (Alborán Basin) Міжземнага і параўнальна невялікі ўчастак Атлантычнага акіяну, адлегласць паміж імі стварае эфектыўны бар’ер, цяжкі для пераадолення многімі відамі птушак. Нават Гібралтарскі праліў, які ў самым вузкім месцы мае шырыню толькі 13 км, не спрабуюць пераляцець некаторыя віды птушак.

Пустыня Сахара з’яўляецца яшчэ адной сур’ёзнай перашкодай на шляху на поўнач для патэнцыйных `каланістаў` з Афрыкі. Не менш значнай ёсць і адсутнасць ці абмежаванае размяшчэнне адпаведных прыродных біятопаў, змененых ці фрагментаваных чалавекам.

Рэгістрацыя афрыканскіх відаў стала адной з характэрных рысаў  арніталогіі Іберыйскага паўвострава на працягу мінулага і гэтага стагоддзяў і за гэты час некалькі з іх сталі часткай мясцовай арнітафауны.

Лічыцца, што большасць залётаў у Партугалію і Гішпанію з Афрыкі адбываецца з тэрыторыі Марока і Заходняга Алжыру. У апошняй краіне гняздуюць 63 віды, якія не робяць гэтага на Іберыйскім паўвостраве, але 22 з іх ужо адзначаліся там як залётныя і некаторыя з часам могуць пачаць гнездаваць.

Многія віды з гэтай групы - гэта водныя і каляводныя птушкі, напрыклад 4 віды афрыканскіх пастушкоў, а таксама драпежныя птушкі, асабліва грыфы і сіпы. Так, напрыклад, грыф Р’юппеля (Gyps rueppellii), упершыню адзначаны на Іберыйскім паўвостраве на пачатку 1990-х, цяпер рэгулярна туды залятае. Нядаўна былі зацверджаны і рэгістрацыі афрыканскага белабокага грыфа (G. africanus), і бурага сцярвятніка (Neophron monachus), аднак магчымае паходжанне апошняга як збеглага з няволі пакуль што не дазваляе дакладней вызначыць яго статус у Еўропе. Існуе даволі рэалістычная магчымасць, што грыф Р’юппеля загняздуе ў Гішпаніі ў бліжэйшыя гады нават негледзячы на статус віда - яму крытычна пагражае знікненне (Critically Endangered). 

Новы дом ужо і ў будучыні

На сённяшні дзень шэсць афрыканскіх відаў ужо стварылі на Іберыйскім паўвостраве гнездавыя папуляцыі, якія здольныя самастойна падтрымліваць сваю колькасць, і яшчэ тры амаль дасягнулі гэтага. Хаця рыжапаяснічная ластаўка (Cecropis daurica) адзначалася як залётная яшчэ ў ХІХ стагоддзі, першы выпадак гнездавання на Іберыйскім паўвостраве - і ў Еўропе - быў зарэгістраваны толькі ў 1920-м годзе. Падобна было і з чорнакрылым каршуном (Elanus caeruleus), якога, як і ластавак, даўно нецяжка ўбачыць практычна на ўсёй тэрыторыі паўвострава і адбываюцца залёты віда нават у еўрапейскую частку Расіі. Першы выпадак гнездавання віда ў Партугаліі быў адзначаны толькі ў 1944 годзе, а ў Гішпаніі ў 1975-м.

Тройка афрыканскіх свіргулёў таксама паспяхова каланізавала Іберыю. Прычым кафрскі свіргуль (Apus caffer), які выкарыстоўвае гнёзды рыжапаяснічнай ластаўкі для гнездавання, фактычна прыляцеў у Еўропу за ёй. Пачаў гнездаваць на паўвостраве і малы свіргуль (A. affinus), а цьмяны свіргуль (A. unicolor), якога лёгка зблытаць з чорным і якога раней адзначалі толькі на Мадэйры і Канарскіх астравах, упершыню стварыў невялікую гнездавую калонію у Партугаліі ў 2019 годзе.

Пустынны гіль (Bucanetes githagineus) - шосты від птушак з Афрыкі, які стаў параўнальна звычайным на гнездаванні ў паўднёва-усходняй частцы Гішпаніі, дзе ўпершыню ў гэтым статусе быў адзначаны ў 1971 годзе.

Яшчэ шэраг відаў, якія параўнальна нядаўна пачалі гнездаваць на Іберыйскім паўвостраве і могуць стварыць тут устойлівыя папуляцыі, гэта малае фламінга (Phoeniconaias minor) і малая туркаўка (Spilopelia senegalensis). Т.зв. ‘атласкі канюх’ з пакуль што не да канца зразумелым таксанамічным статусам, які нядаўна аднеслі да канюха-курганніка (Buteo rufinus), але пазней аказалася, што ён усё ж бліжэйшы да канюха-мышалова (B.buteo), пачаў рэгулярна адзнaчацца на паўвостраве з 1990-х, а апошнія 15 гадоў пачалося значнае павелічэнне выпадкаў гнездавання гэтых драпежных птушак на поўнач ад Гібралтара. Аднак частая гібрыдызацыя з канюхамі-мышаловамі хутчэй за ўсё сведчыць пра тое, што па абодва бакі аднайменнага праліву распаўсюджаны гібрыдныя асобіны.

Наступны шэраг відаў, якія таксама ўсё часцей адзначаюцца на гнездаванні ў Іберыі, гэта міжземнаморскі сокал (Falco biarmicus) (некалі раней ужо гнездаваў тут), звычайны бягунчык (Cursorius cursor), бенгальская крычка (Thalasseus bengalensis), звычайны бюльбюль (Pycnonotus barbatus) і сахарская стрынатка (Emberiza sahari).

птушка

Сахарская стрынатка (Emberiza sahari), Марока

Іншыя афрыканскія віды і падвіды, якія ўсё часцей залятаюць на Іберыйскі паўвостраў, але на сённяшні дзень з меншай імавернасцю змогуць утварыць тут гнездавыя папуляцыі, гэта рудахвостка Моўсера (Phoenicurus moussieri), стракатая варона (Corvus albus) і пустынная падкаменка (Oenanthe deserti) хаця і, хутчэй за ўсё і могуць знайсці адпаведныя для гэтага біятопы.

птушка

Рудахвостка Моўсера (Phoenicurus moussieri), Марока

Ёсць і невялікі спіс відаў, першыя залёты якіх чакаюць у бліжэйшыя гады, аднак яны яшчэ не адзначаны ні ў Патугаліі, ні ў Гішпаніі. Гэта капская туркаўка (Oena capensis), якая ўсё часцей рэгіструецца ў Марока і малая ластаўка-зямлянка (Riparia paludicola) - апошняя гняздуе цяпер ужо ў 100 км на поўдзень ад Гібралтара. Таксама магчымы залёты атласкай валасяніцы (Ficedula speculigera), а суданскі залаты верабей (Passer luteus) нядаўна ўжо заляцеў на Іберыйскі паўвостраў.

З-за таго, што новыя віды-каланісты сустракаюцца на Еўрапейскім кантыненце з рознымі выклікамі, вельмі магчыма, што як мінімум для некаторых з іх варта падумаць пра стратэгіі і канкрэтныя дзеянні па ахове ўжо зараз. Але ў больш шырокім кантэксце ўжо добра задакументаваныя змены арэалаў многіх афрыканскіх відаў на поўнач сведчаць пра неабходнасць прымання хуткіх і эфектыўных мераў у сувязі з пацяпленнем клімату і яго ўздзеяннем на біяразнастайнасць.

Крыніца: Garcia, E. 2024. African Birds in Iberia: Recent Colonists, Potential Colonists and Vagrants. Ardeola. DOI: https://doi.org/10.13157/arla.71.2.2024.rp1

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Зверху - звычайныя бюльбюлі (Pycnonotus barbatus), гэты і іншыя здымкі Юрыя Шашэнькі

 

На гэтую тэму:

Сучасны стан арнітафауны Еўропы і змены ў ім за апошнія 25-30 гадоў

Афрыканскія грыфы на мяжы знікнення

Спіс птушак Заходняй Палеарктыкі зменшыўся на адзін від – у Марока знік цёмны спяваючы шуляк

Знойдзены невядомы від гіля, вынішчаны чалавекам на Азорах

Упершыню з 1850-х у Еўропе афіцыйна прызналі знікненне яшчэ аднаго віду птушак