Смяротнасць і яе прычыны ў маладых касматаногіх сычэй у розных частках Еўропы

касматаногі сыч

Долі смяротнасці, або наадварот, выжывання маладых птушак, якія выляцелі з гнязда - вельмі важны паказчык для разумення дынамікі папуляцыі, які, аднак, вельмі цяжка вызначыць. Між іншага, ён дэманструе і здольнасці бацькоў да гадавання сваіх птушанят. І нашы веды пра смяротнасць у злёткаў (post-fledging mortality) і яе прычыны застаюцца вельмі фрагментарнымі для большасці відаў, яшчэ менш мы ведаем пра магчымыя адрозненні ў розных частках арэалу таго самага віду.

Невялікая каманда навукоўцаў з Чэхіі, Славакіі і Фінляндыі вырашыла з дапамогай радыё-тэлеметрыі вызначыць вышэй пералічаныя паказчыкі для маладых касматаногіх сычэй (Aegolius funereus) і правяла даследаванні на працягу 6 сезонаў у Цэнтральнай і Паўночнай Еўропе.

Усяго атрымалася адсачыць лёс 80 маладых сычэй з 18 вывадкаў у Чэхіі (у 2010–2012, 2015 гг) і 60 з 24 вывадкаў у Фінляндыі (у 2019 і 2021 гг). Аказалася, што доля тых, хто выжыў у першыя некалькі месяцаў пасля вылету з дупла, была нашмат большай у Чэхіі (83%), чым у Фінляндыі (53%), а галоўнай прычынай гібелі маладых сычэй у абодвух краінах былі драпежнікі. Доля сычэй, якіх забілі драпежныя птушкі, была большай у Фінляндыі, а вось для драпежных звяроў яна аказалася аднолькавай для двух тэрыторый.  

Лясныя куніцы (Martes martes) і шулякі-галубятнікі (Accipiter gentilis) былі найбольш адказнымі за смяротнасць маладых касматаногіх сычэй адпаведна ў Чэхіі і Фінляндыі. Недахоп ежы і хваробы, або абодва гэтыя фактары разам, аказаліся другой найбольш значнай прычынай смяротнасці, але іх доля была большай у Фінляндыі, чым у Чэхіі. Цікава, што для абодвух тэрыторый выжывальнасць маладых соваў была лепшай у гады, багатыя на здабычу, чым у бедныя. І менавіта недахоп ежы ў больш выпрабавальным асяроддзі на поўначы Еўропы мацней сказаўся на маладых птушках і іх смяротнасці.

Крыніца: Marek Kouba et al. 2024 Survival rates and causes of death in Tengmalm’s owl offspring during the post-fledging dependence period in Central and North Europe // Front. Ecol. Evol. 12: 2024 | www.doi.org/10.3389/fevo.2024.1388643 

Паводле www.frontiersin.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Самцы вераб’іных сычыкаў робяць меншыя запасы ежы на зіму, чым самкі і маладыя птушкі

Калі птушанятам лепш вылятаць з гнязда?

Плюсы і мінусы больш позняга вылету з гнязда

Як выжываюць тыя птушкі, якія застаюцца зімаваць на поўначы?