
У пачатку крэйдавага перыяду, 117 мільёнаў гадоў таму на тэрыторыі сучаснай Бразіліі жыў даволі своеасаблівы від птушак – кратоавіс (Cratoavis cearensis). Ён адносіўся да самай шматлікай групы мезазойных птушак – энанціарніт (Enantiornithes) і быў апісаны 10 гадоў таму з рэшткаў адкладаў фармацыі Crato ў басэйне ракі Araripe. Гэта адзін з самых старажытных відаў птушак, апісаны з Паўднёвай Амерыкі.
Акрамя гэтага ён надзвычай цікавы тым, што меў даўжыню цела ўсяго 6 см, а гэта дакладна столькі ж, як верхняя мяжа памераў самай малой сучаснай птушкі Свету – калібры-пчолкі (Mellisuga helenae), эндэміка Кубы. Аднак у адрозненне ад гэтага апошняга віду, кратоавіс меў яшчэ такой жа даўжыні два рулявыя пёры, якія вельмі далёка выходзілі за агульнае пер’е хваста і г.зн. агульная даўжыня птушачкі была 12 см.
Пад час апісання віду, аднак, не звярнулі ўвагу на некаторыя дэталі, у тым ліку і на адасобленыя косці рыб, знойдзеныя са шкілетам птушкі і адпаведна інтэрпрэтаваныя толькі цяпер. Як аказалася, гэтыя косці належаць да рыбы Dastilbe crandalli, рэшткі якой вельмі часта сустракаюцца ў фармацыі Crato таго ж узросту. У скамянелых парэштках кратоавіса гэтыя косці (рэбры і часткі чэрапа) знаходзяцца ў двух месцах, якія пад час жыцця птушкі адпавядалі яе кішэчніку.
Таму можна амаль напэўна лічыць, што рыба, парэшткі якой знойдзены разам са шкілетам кратоавіса, была з’едзена гэтай птушкай. Калі гэта так, то гэты від з крэйдавага перыяду – самая малая рыбаедная птушка, вядомая навукоўцам і яна амаль у два разы меншая памерам цела за самага малога сучаснага зімародка Ceyx pusillus з Аўстраліі, даўжыня цела якога каля 11 см.
Крыніца: Salgado, F.L.K. et al. 2025. Evidence of piscivorous diet in an enantiornithine bird from the Lower Cretaceous of Brazil. Cretaceous Research https://www.sciencedirect.com/.../pii/S0195667125000849
Паводле Ornitofrenia PL падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі скамянелых парэштак птушкі і рыбы, якую яна з’ела і рэканструкцыя знешняга выгляду кратоавіса з www.sciencedirect.com
На гэтую тэму:
Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак
У Кітаі знойдзены парэшткі самай старажытнай птушкі
Чаму ў сучасных птушак няма зубоў – новая гіпотэза
Новы выкапневы від птушак назвалі ў гонар Дэвіда Атэнбора
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ