
Першы для абодвух амерыканскіх кантынентаў стэпавы лунь (Circus macrouros) нарэшце быў правільна вызначаны па здымках, знятых на Барбадосе. Аднак зроблены яны былі яшчэ ў снежні 2014 году - амаль 11 гадоў таму.
Маладую птушку ў палёце сфатаграфаваў John Webster недалёка ад аднаго з мясцовых касцёлаў. Пасля гэтага ён размясціў свае назіранні птушак на востраве на платформе eBird, дзе вызначыў луня як амерыканскага палявога (С. hudsonicus).
Больш, чым праз 10 гадоў Paul Buckley убачыў здымкі і даслаў іх на вызначэнне Dick’у Forsman’у, аднаму з самых вядомых спецыялістаў па драпежных птушках. Так было пацверджана, што насамрэч на фотах маладая самка стэпавага луня - віда, які раней не адзначаўся ні ў Паўночнай, ні ў Паўднёвай Амерыцы.
Forsman змясціў навіну пра гэта ў сваім акаўнце ў фэйсбуку і назваў eBird "сапраўднай скарбніцай”. Аднак дзіўна, што па такіх блізкіх і выразных здымках мадэратары платформы не вызначылі від птушкі адразу.
З-за больш усходняга месцазнаходжання Барбадоса сярод Карыбскіх астравоў, на востраве адзначаны залёты многіх еўрапейскіх відаў птушак, сярод якіх звычайная зязюля (Cuculus canorus), альпійскі свіргуль (Apus melba), стучок (Lymnocryptes minimus), жоўтая чапля (Ardeola ralloides) і гарадзкая ластаўка (Delichon urbica). У сакавіку 2023 г. туды заляцела скапа (Pandion haliaetus) з кальцом, якое яна атрымала на гняздзе ў Шатландыі, на адлегласці па прамой прыкладна ў 6600 км.
Паводле www.birdguides.com падыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Скрыншот са здымкам з www.ebird.org
На гэтую тэму:
Трансатлантычны пералёт скапы
Сокал-кабец упершыню даляцеў да Паўднёвай Амерыкі
Другая рэгістрацыя дзеркача ў Паўднёвай Амерыцы
Залёты амерыканскіх птушак у Еўропу – што гэта было?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ