Сокал-кабец упершыню даляцеў да Паўднёвай Амерыкі

Невялікі палеарктычны сокал дзякуючы неабыякавасці каманды бразільскага карабля, якая ананімна паведаміла пра яго з’яўленне на судне навукоўцам, стане першым прадстаўніком віду, які заляцеў ў Паўднёвую Амерыку.

Сокал-кабец (Falco subbuteo) распаўсюджаны ў Еўропе, некаторых частках Паўночнай Афрыкі, а таксама ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі. Вылучаюць два падвіды: F.s. subbuteo і F.s. streichi. Прадстаўнікі першага зімуюць пераважна ў Цэнтральнай і Паўднёвай Афрыцы, а таксама ва усходняй і паўднёва-усходніх частках Азіі. Прадстаўнікі другога аселыя і распаўсюджаны на поўдні і ўсходзе Кітая, а таксама магчыма на поўначы М’янмы і Індакітаю.

Згодна з атрыманымі ад забяспечаных спадарожнікавымі перадатчыкамі сакалоў дадзенымі, яны пад час міграцыі перамяшчаюцца ў сярэднім на 10 тысяч км.

Вядома параўнальна шмат выпадковых залётаў сакалоў-кабцоў на акіянічныя астравы, як у Атлантыцы (Азоры), так і ў Ціхім (Марыянскія астравы, Гуам, Паган) і ў Індыйскім акіянах (Амстэрдам, Какос і Крыстмас). Адзначаны і залёты віда ў Паўночную Амерыку: на Аляску, у канадзкую правінцыю Новая Каламбія і на Ньюфаўндлэнд, а таксама ў амерыканскія штаты Вашынгтан і Масачусетс.

29-12-2022 г. малады сокал-кабец быў знойдзены жывым на невялікім бразільскім караблі на адлегласці 955 км ад паўночна-усходняга ўзбярэжжа Бразіліі, недалёка ад бразільскага архіпелагу São Pedro і São Paulo.

Гэта першая рэгістрацыя віда не толькі для Бразіліі, але і Паўднёвай Амерыкі ўвогуле. Цікава, што яна атрымалася пасля папярэдніх назіранняў у Бразіліі іншых палеарктычных птушак: дзеркача (Crex crex), дразда-белабровіка (Turdus iliacus), куліка-случка (Tringa totanus). А на архіпелагу São Pedro і São Paulo некалькі гадоў таму быў адзначaны першы для Бразіліі сокал-пустальга (F. tinnunculus).

Крыніца: Pallinger, F, Soares, J G, and Schunk, F. 2023. First record of Eurasian Hobby Falco subbuteo in South America. Bulletin of the British Ornithologists' Club, 143(3): 346-349. DOI: https://doi.org/10.25226/bboc.v143i3.2023.a10

Паводле www.bioone.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Трансатлантычны пералёт скапы

Незвычайныя птушыныя падарожжы

Дзе зімуюць еўрапейскія сокалы-кабцы?

ПЕРШАЯ ГУСЬ РОССА З КАНАДЗКІМ КАЛЬЦОМ ДАЛЯЦЕЛА ДА ЕЎРОПЫ