Залёты амерыканскіх птушак у Еўропу – што гэта было?

Новае даследаванне дазволіла атрымаць больш дакладную і поўную карціну залётаў наземных відаў птушак з Неарктычнага зоагеаграфічнага рэгіёну ў Еўропу, таму што дапамагло лепш зразумець адкуль яны ляцелі і вызначыць магчымыя прычыны гэтых пералётаў праз Атлантычны акіян.

Вялікая міжнародная каманда даследчыкаў з Францыі, Канады, Ісландыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Славакіі і Партугаліі праааналізавала ізатопны склад пер’я 72 птушак 26 відаў з Паўночнай Амерыкі, атрыманага ад асобін, якія заляцелі паміж 1936 і 2023 гг на Азорскія астравы, у Францыю і Ісландыю. Дзякуючы рознаму ўтрыманню ізатопаў вадарода ў іх атрымалася прасачыць найбольш імавернае геаграфічнае паходжанне птушак на паўночна-амерыканскім кантыненце.

Атрыманыя вынікі сталі сюрпрызам. Хаця многія птушкі, пер’е якіх трапіла ў ізатопны аналіз, паходзілі з паўночнага ўсходу ЗША (як і чакалася), некаторыя аказаліся на нашым кантыненце з паўднёвых і паўднева-усходніх штатаў і нават з паўночнага захаду, уключна з Аляскай! Такім чынам, была атрымана больш комплексная і складаная карціна залётаў паўночна-амерыканскіх птушак у Еўропу, чым было прынята думаць раней.

Навукоўцы лічаць, што ўмовы надвор’я, найперш кірунак моцных вятроў і штармоў, не могуць быць адзінымі прычынамі залётаў неарктычных відаў на наш кантынент. Некаторыя птушкі, найперш маладыя, могуць пачынаць сваё падарожжа на месцы зімоўкі ў няправільным кірунку хутчэй за ўсё з-за памылак у навігацыі – гэты погляд на выпадковыя залёты вядомы як ‘дэзарыентацыя’ ('misorientation'). Гэтыя птушкі ляцелі на ўсход замест на поўдзень, а іх памылка з кірункам магла пагаршацца пад час палёту над акіянам з-за штармоў.

птушка

Залёты 72 птушак 26 відаў паўночна-амерыканскіх відаў, пер’е ад якіх аналізавалася ў публікацыі, сабранае паміж 1936 і 2023 гг на Азорскіх астравах (Партугалія), у Ісландыі і Францыі. На здымках жоўтадзюбая зязюля, чырвонавокі вірэон, міртавы лясны пявун і белавокая сетафага, з Dufour 2025 (www.nature.com).

Даследчыкі таксама знайшлі, што некаторыя птушкі паходзілі з тэрыторый з асабліва шчыльнымі гнездавымі папуляцыямі віду і тады іх выпадковы пералёт праз Атлантыку лягчэй растлумачыць – чым больш асобін мігрыруе з дадзенага месца, тым большая імавернасць што некаторыя з іх скончаць пералёт у нечаканым месцы.

Нечакана ўсе жоўтадзюбыя зязюлі (Coccyzus americanus), пер’е ад якіх было даследавана, прыляцелі з паўднёвага ўсходу ЗША, а не з паўночнага ўсходу. Гэта дае магчымасць меркаваць, што яны маглі быць аднесены ў паўночным кірунку, а потым на ўсход ураганнымі ветрамі хутчэй, чым спецыяльна паляцелі праз Атлантыку. Падобныя выпадкі ўжо адзначаліся ў адносінах іншага амерыканскага віду – дымчатага іглахвостага свіргуля (Chaetura pelagica), якіх у вялікай колькасці ‘прынёс’ у Еўропу восенню 2005 г. ураган Wilma.

Адначасова даследчыкі папярэджваюць, што хаця ізатопны аналіз пер’я дае магчымасць даведацца пра тэрыторыю паходжання птушак, гэта параўнальна прыблізная прывязка. Падобны ізатопны склад можа існаваць у розных месцах, а дадзеныя пра асаблівасці надвор’я могуць быць недаступныя для ўсіх залётаў, асабліва з першай паловы мінулага стагоддзя.

Даследаванне кажа пра неабходнасць далейшага вывучэння прычын падобных падарожжаў птушак. Сучасныя тэхналогіі, такія як спадарожнікавыя перадатчыкі, павінны дапамагчы вызначыць ці мігранты дэзарыентаваныя, захопленыя і аднесеныя ветрам або адбываецца і першае, і другое? Іх далейшы лёс: ці яны выжываюць, ці вяртаюцца, ці могуць яны загнездаваць на іншым кантыненце? можа праліць больш святла на каланізацыю рознымі відамі птушак астравоў - напрыклад, Азорскіх.

Крыніца: Dufour P. et al. 2025. Origins of Nearctic migratory landbird vagrants recorded in Europe revealed by feather isotopic analysis. Scientific Rep. DOI: doi.org/10.1038/s41598-025-99765-4

Паводле www.birdguides.com і www.nature.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Міртавы лясны пявун (Setophaga coronata) ад Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Белыя совы ў Гішпаніі: ізатопны склад пер’я даказаў іх дзікае паходжанне

Другая рэгістрацыя дзеркача ў Паўднёвай Амерыцы

Сокал-кабец упершыню даляцеў да Паўднёвай Амерыкі

Трансатлантычны пералёт скапы

Незвычайныя птушыныя падарожжы

ПЕРШАЯ ГУСЬ РОССА З КАНАДЗКІМ КАЛЬЦОМ ДАЛЯЦЕЛА ДА ЕЎРОПЫ

Сібірскія пячураўкі-ценькаўкі і пячураўкі-зарнічкі ў Еўропе: першыя зімуюць, другія выпадкова залётныя