Сібірскія пячураўкі-ценькаўкі і пячураўкі-зарнічкі ў Еўропе: першыя зімуюць, другія выпадкова залётныя

пячураўка-зарнічка

Нядаўняя публікацыя, падрыхтаваная вялікай міжнароднай камандай даследчыкаў на аснове адловаў сотняў птушак, у асноўным паміж 2010 і 2023 гг у верасні-лістападзе ў Швецыі, Нідэрландах, Шатландыі, Францыі і Гішпаніі, дазваляе паглыбіцца ў асаблівасці знаходжання двух сібірскіх таксонаў пячуравак Phylloscopus у Еўропе.

Значнае павелічэнне колькасці выпадкова залётных асобін (vagrants) для некаторых відаў у спецыфічныя рэгіёны за параўнальна кароткі час можа інтэрпрэтавацца як стварэнне відам новага міграцыйнага шляху (як прапанавалі Gilroy & Lees 2003). Тым не менш, на пачатковых стадыях гэтага працэсу адрозніць выпадковыя залёты і рэгулярную міграцыю можа быць цяжка.

Dufour з сааўт.(2022) прапанаваў серыю эмпірычных тэстаў, каб паспрабаваць аддзяліць сярод атрыманых дадзеных параўнальны ўнёсак выпадковых залётаў і птушак, якія ‘сапраўды’ мігруюць. І адзін з гэтых тэстаў прапаноўваў ацэньваць ўзроставыя суадносіны адлоўленых птушак (у выглядзе прапорцыі дарослыя/маладыя асобіны) пад час паслягнездавой міграцыі (Dufour et al. 2022, гл. таксама Ralph 1981).

Рэгістрацыі пячуравак-зарнічак (Phylloscopus inornatus) і сібірскіх пячуравак-ценькавак (Ph. (collybita) tristis) значна павялічыліся ў Еўропе ў апошнія гады, аднак іх статус застаецца нявызначаным. Існуюць тры асноўных падыхода да гэтай з’явы: гэта выпадковыя залёты; гэта рэгулярныя мігранты, якія выкарыстоўваюць новыя пралётныя шляхі і гэта нейкая камбінацыя першых двух.

мапа

Арэалы пячураўкі-зарнічкі (Phylloscopus inornatus), сібірскай пячураўкі-ценькаўкі  (Ph. (collybita) tristis) і пячураўкі-ценькаўкі (Ph. collybita). Гнездавы і негнездавы арэал з BirdLife International. На кожнай з мапаў больш светлы колер азначае негнездавы час. Распаўсюджанне Ph. collybita уключае падвіды (collybita, abietinus, menzbieri, caucasicus і brevirostris), аднак толькі collybita і abietinus (у Швецыі) хутчэй за ўсё сустракаюцца ў месцах, якія вывучаліся ў публікацыі. Больш за тое, P. collybita можа адзначацца круглы год ў паўднёвых частках свайго гнездавога арэалу пазначаных на мапе, хаця ў розны час году там могуць быць асобіны з розных папуляцый. Здымкі: Ottenby fågelstation. З Dufour et al. 2024.

Пячураўка-зарнічка

Пячураўкі-зарнічкі з’яўляюцца выдатным прыкладам для абмеркавання, таму што тысячы (калі не дзесяткі іх тысяч) назіраюць у Еўропе штовосень і шэраг папярэдніх публікацый прапаноўвываў падыход, які тлумачыць гэтыя назіранні ўзнікненнем новага міграцыйнага пралётнага шляху.

На карысць гэтай гіпотэзы яшчэ не было прыведзена доказаў, аднак рэгулярныя прылёты ўвосень дарослых птушак былі б сведчаннямі  новага пралётнага шляху. Але суадносіны ўзроставых груп (дарослыя/маладыя асобіны) для пячуравак-зарнічак у Еўропе дагэтуль адсутнічалі, таму што ўзрост у гэтага віда параўнальна цяжка вызначаецца.

Paul Dufour (з універсітэту Montpellier) з калегамі з Univ. Savoie Mont Blanc (абедзьве ўстановы - Францыя), Ottenby Bird Observatory і Lund University (Швецыя), Institut Català d'Ornitologia, Barcelona (Каталонія), Fair Isle Bird Observatory Trust (Вялікабрытанія), Naturalis Biodiversity Center і Leiden University (Нідэрланды), вызначылі ўзроставыя групы для сотняў пячуравак-зарнічак, адлоўленых для кальцавання ў розных частках нашага кантыненту, а таксама для сібірскіх пячуравак-ценькавак і пячуравак-ценькавак іншых падвідаў для параўнання і кантроля /у артыкуле сібірская пячураўка разглядаецца як асобны від/.

мапа

Суадносіны птушак розных ўзроставых груп (дарослыя/маладыя) для  Phylloscopus inornatus, Ph. (collybita) tristis і Ph. сollybita, адлоўленых у верасні-лістападзе ў Еўропе. На (a), паказаны вынікі для 324 inornatus, якіх лавілі у 7 розных мясцовасцях у параўнанні з узроставымі групамі 8964 collybita (кантрольная група), адлоўленых у трох мясцовасцях. На (b) суадносіны ўзроставых груп для 117 tristis, адлоўленых у двух месцах (Ottenby, Швецыя і Mireval, Францыя) упараўнанні з адпаведным паказчыкам 11.048 collybita (кантрольная група), адлоўленых у тых самых месцах. Долі, меншыя за 1%, нябачныя на дыяграмах.  З Dufour et al. 2024.

Cярод 324 пячуравак-зарнічак з вызначанай узроставай групай, 98% аказаліся маладымі птушкамі, 1 птушка дакладна дарослая і 5 хутчэй дарослыя. Гэта амаль не застаўляе сумневаў на карысць таго, што пячураўкі-зарнічкі амаль выключна выпадкова залётныя ў Еўропу і яўна не мігрыруюць сюды рэгулярна. Гэтыя высновы таксама пацверджваюцца вельмі невялікай колькасцю вясновых назіранняў віда на нашым кантыненце.

Сібірская пячураўка-ценькаўка

Вынікі для сібірскай пячураўкі-ценькаўкі аказаліся рознымі для розных тэрыторый, дзе адбываліся іх адловы. Аднак агулам доля дарослых птушак сярод 117 асобін tristis, для якіх атрымаўся падзел на ўзроставыя групы, аказалася блізкай да падобнага паказчыку сярод (іншых падвідаў) пячураўкі-ценькаўкі. Так, напрыклад, 9,4% птушак сібірскага падвіду аказаліся дарослымі ў Швецыі, тады як у паўднёвай частцы Францыі іх было нават 29,7%. Апошняе азначае, што tristis могуць рэгулярна зімаваць ў Паўднёва-Заходняй Еўропе і для гэтага выкарыстоўваюць папярэдне невядомы міграцыйны шлях туды.

Надзейнае вызначэнне tristis застаецца ў многім цяжкім, таму і адсачыць яе статус для еўрапейскага кантыненту з’яўляецца нялёгкай задачай. Каб пацвердзіць вызначэнне генетычна, каманда даследчыкаў генатыпавала вялікую колькасць падобных да сібірскага падвіду ценькаўкі асобін на поўдні Францыі і ўсе яны мелі дамінуючымі гены tristis. Тым не менш, значная доля птушак мела гены розных падвідаў, што сведчыла б на карысць іх інтрагрэсіі і гібрыдызацыі з імі. Таму як мінімум частка гэтых птушак гняздуе на захад ад гнездавога арэалу tristis, блізка ад кантактнай зоны падвіда abietinus пячураўкі-ценькаўкі. Гэта ўздымае пытанні пра магчымае ўзнікненне новых маршрутаў міграцыі і месцаў зімоўкі, і гібрыдызацыя можа прыводзіць да інтрагрэсіі генаў або іх камбінацыі, якія адказваюць за рашэнне птушак дзе ім зімаваць і як туды трапіць.

Акрамя гэтага аказалася, што рэгулярныя зімовыя рэгістрацыі tristis ў Паўднёва-Заходняй Еўропе - гэта не зусім фенамен апошніх гадоў. Птушкі адзначаліся ўзімку ў правінцыі Vincenza (Паўночна-Усходняя Італія) у 1990-я гады і адзначаюцца на поўначы Італіі дагэтуль. Тым не менш, сібірскія пячураўкі-ценькаўкі параўнальна рэдкія на Іберыйскім паўвостраве і магчыма, што Францыя з’яўляецца заходняй мяжой еўрапейскіх месцаў зімоўкі гэтага таксона. Таксама магчыма, што мяккія зімы павялічваюць зімовую выжывальнасць tristis і адпаведна ‘адказваюць’ за большую колькасць іх рэгістрацый ў Еўропе.

У адпаведнасці з высновамі, даследчыкі цяпер будуць канцэнтраваць сваю ўвагу на тым, каб зразумець чаму тысячы пячуравак-зарнічак памылкова ляцяць на захад штовосень, што для іх азначае амаль 100% гібель.

Крыніца: Dufour, P et al. 2024. Using age-ratios to investigate the status of two Siberian Phylloscopus species in Europe. Ibis. DOI: https://doi.org/10.1111/ibi.13382

Паводле www.birdguides.com et https://onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Дзьмітрыя Якубовіча

 

На гэтую тэму:

Пячураўкі-зарнічкі пачалі зімаваць у Еўропе!

Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом

Стэпавыя свірстуны з Заходняй Сібіры рэгулярна зімуюць у Заходняй Еўропе