220 відаў-эндэмікаў зніклі на астравах Макаранезіі

Астравы добра вядомыя выдатнай эвалюцыйнай радыяцыяй і хаця іх плошча -гэта толькі каля 6,7% зямной паверхні, яны адказваюць за захаванне прыкладна 20% наземнай біяразнастайнасці. На жаль, на астравах сустракаецца каля паловы ўсіх відаў, якім пагражае знікненне і каля 75% апісаных (postdescription extinct) відаў, якія зніклі, жылі менавіта на астравах. У гэтую катэгорыю ўключаюць віды, якія зніклі (або былі цалкам вынішчаныя) ужо пасля таго, як былі адзначаныя жывымі, нейкім чынам апісаны і трапілі ў тагачасныя навуковыя выданні - а гэта азначае пасля спробаў каланізацыі еўрапейцамі розных частак Свету, то бок з канца XV стагоддзя.

З таго часу імавернасць астраўнога віда-эндэміка знікнуць павялічылася ў прыкладна 12 разоў у параўнанні з відамі, распаўсюджанымі на кантынентах. Знікненні відаў, звязаныя з дзейнасцю людзей да канца XV стагоддзя нашмат менш задакументаваныя. Аднак для тых астравоў і архіпелагаў, якія былі каланізаваныя чалавекам раней (у т.зв. ‘даеўрапейскі перыяд’) і для якіх існуюць надзейныя дадзеныя, яны кажуць пра тое, што маштабы знікненняў звычайна можна або параўнаць з пазнейшымі, або яны нават маглі пераўзыходзіць іх.

З-за таго, што астраўная ізаляцыя дапамагае відаўтварэнню, акіянічныя астравы часта з’яўляюцца цэнтрамі эндэмізма. Аднак іх параўнальна невялікі памер, часта атыпова безабаронныя віды жывёл і раслін і экалагічная неўстойлівасць да інтрадукаваных чалавекам чужародных і свойскіх відаў ператварае астравы ў цэнтры біялагічных знікненняў.

Вялікая міжнародная каманда даследчыкаў, якія прадстаўляюць Гішпанію, Вялікабрытанію і Данію, прааналізавала дадзеныя пра кожнае вядомае нам знікненне наземных відаў ў біягеаграфічным рэгіёне Макаранэзіі. Гэта асобныя астравы і архіпелагі ў Атлантычным акіяне вулканічнага паходжання, да якіх адносяць Азоры, Мадэйру, Канарскія астравы, Selvagens і Cabo Verde:

мапа

Tакім чынам, былі знойдзены пацверджанні пра знікненні 220 відаў, якія прадстаўлялі агулам 3,1% усіх вядомых нам эндэмікаў Макаранэзіі. Сярод іх 111 відаў наземных малюскаў, 55 відаў членістаногіх, 27 відаў птушак і 15 відаў рэптылій (уключна з гіганцкімі чарапахамі). Усяго знікла палова мясцовых відаў-эндэмікаў птушак.

З гэтых 220 відаў, знікненне паловы яўна звязана са з’яўленнем на астравах Макаранэзіі каланістаў з Гішпаніі (Кастыліі) і Партугаліі, якія завезлі туды розных свойскіх жывёл у XV стагоддзі. Некаторыя знікненні можна звязаць з кліматычнымі зменамі або вулканічнай актыўнасцю да каланізацыі астравоў чалавекам. Аднак маштабы знікнення пасля пачатку каланізацыі еўрапейцамі павялічыліся ў 12 разоў у параўнанні з папярэднім перыядам.

Крыніца: José María Fernández-Palacios et al. 2025 A synthesis of terrestrial species extinctions in the Macaronesian Islands and their correspondence with human occupancy, PNAS Nexus, 4: 8, August 2025, pgaf215,  https://doi.org/10.1093/pna snexus/pgaf215

Паводле https://academic.oup.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Рэканструкцыя знешняга выгляду некаторых відаў птушак, зніклых у Макаранэзіі: A) пастушок з São Jorge (Rallus nanus), які жыў на востраве São Jorge (Aзорскія астравы). B): мадэйрская соўка-сплюшка (Otus mauli) з вострава Мадэйра. C) Тонкадзюбая зелянушка (Carduelis aurelioi) з вострава Tenerife (Канарскія астравы). D) перапёлка з São Vicente (Coturnix centensis) з вострава São Vicente (архіпелаг Cape Verde).

 

 На гэтую тэму:

Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей

Людзі знішчылі больш за 10% усіх відаў птушак Свету, калі каланізавалі ціхаакіянскія астравы

10 гісторый поспеху пра 10 відаў птушак, якіх атрымалася выратаваць ад знікнення

Дзесяць амерыканскіх відаў птушак канчаткова прызнаныя зніклымі