Вясковыя ластаўкі могуць адрозніваць твары людзей побач з якімі гняздуюць, ад іншых

вясковая ластаўка

Вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica) могуць не толькі адрозніваць твары адных людзей ад іншых, але і запамінаць як мінімум некаторыя з іх. Гэтак адбываецца, калі людзі з’яўляюцца побач з іх гнёздамі і дазваляе эканоміць энергію, якую птушкі не трацяць на непатрэбнае рэагаванне на небяспеку пад час інкубацыі і абагрэву птушанят.

Кітайскія даследчыкі змаглі правесці і інтэрпрэтаваць шэраг эксперыментаў з дзікімі птушкамі ў адной з вёсак ў правінцыі Guangdong на поўдні Кітая. З мая па ліпень 2017 г. яны назіралі за паводзінамі ластавак і мералі адлегласці, на якія маглі падыйсці розныя людзі перш, чым самкі ластавак, якія інкубавалі яйкі ў гнёздах, зляталі з іх. У эксперыментах удзельнічалі як гаспадары падворкаў (мясцовыя жыхары), твары якіх маглі раней бачыць і запомніць птушкі, так і яўна незнаёмыя людзі, прычым усе былі апрануты ў адзенне нейтральных колераў.

Усяго каля 120 гнёзд адбылося 223 эксперымента і аказалася, што ластаўкі дазваляюць мясцовым жыхарам падыходзіць да сваіх гнёздаў нашмат бліжэй, чым незнаёмым ім людзям нават калі бачылі першых праз працяглы часовы перапынак.

Гэта можа значыць, што птушкі могуць не толькі адрозніваць індывідуальныя рысы твару розных людзей, але і запамінаць іх. Раней гэтыя здольнасці былі вядомыя толькі для некаторых відаў крумкачовых, якія лічацца адной з самых разумных груп птушак.

Даследчыкі сцвярджаюць, што такія паводзіны ластавак маюць для іх практычнае значэнне. Дзякуючы адрозніванню бязшкодных мясцовых жыхароў і невядомых для птушак іншых людзей, птушкі могуць пазбягаць траціць энергію на непатрэбныя палёты для пазбягання кантактаў з патэнцыйна небяспечнымі асобамі. Аднак навукоўцы падкрэсліваюць абмежаванні ў інтэрпрэтацыі атрыманых ім вынікаў, таму што даследаванні працягваліся толькі адзін гнездавы сезон на абмежаванай колькасці птушак і ў адным месцы. Акрамя гэтага, для вызначэння ацэнкі небяспекі розных людзей для ластавак выкарыстоўвалася толькі адлегласць паміж чалавекам і гняздом, з якой ластаўкі адлятаюць з гнязда.  

Даўно вядома, што вясковыя ластаўкі часцей выбіраюць для гнездавання тыя нашы будынкі, якія заселены людзьмі і такім чынам павялічваюць бяспеку гнездавання з-за меншай колькасці патэнцыйных драпежнікаў - напрыклад, драпежных птушак навокал.

Крыніца: Liu, Y, Liu, Y and Liang, W. 2025. Breeding barn swallows recognize householders from strangers. Animal Cognition. DOI: 10.1007/s10071-025-01956-z.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Амерыканскія вароны могуць дзесяцігоддзямі атакаваць чалавека, які іх ‘пакрыўдзіў’

Гэтая сарока ведае Вас?

Каўкі вучацца адна ад адной пра небяспечных людзей

Варона ніколі не забывае?