Амерыканскія вароны могуць дзесяцігоддзямі атакаваць чалавека, які іх ‘пакрыўдзіў’

Толькі праз 17 гадоў пасля яго пачатку скончыўся арыгінальны эксперымент з удзелам дзікіх амерыканскіх варон (Corvus brachyrhynchos). Менавіта столькі часу прайшло пакуль адлоўленыя - і такім чынам ‘пакрыўджаныя’ - птушкі адпаведна негатыўна рэагавалі на чалавека, які гэта зрабіў.

Дзякуючы добра падрыхтаваным эксперыментам атрымалася пацвердзіць параўнальна доўгатэрміновую памяць розных відаў крумкачовых птушак, якая, між іншым, дазваляе ім запамінаць месцы сотняў ці нават тысячаў схованак з ежай, якую яны прыхоўваюць ‘на зіму’. Аднак, як аказалася, не менш важнай інфармацыяй прынамсі для некаторых відаў і асобін з’яўляецца памяць на рысы твару тых людзей, якія (з пункту гледжання птушкі) уяўляюць для яе небяспеку і ўжо пацвердзілі гэта сваімі паводзінамі.

У якасці адказу такія пакрыўджаныя птушкі могуць чакаць адпаведнага моманту і атакаваць сваіх ‘крыўдзіцеляў’. Прафесар John Marzluff, біёлаг з універсітэту штату Вашынгтон (University of Washington, ЗША), сказаў, што яго на працягу апошніх 17 гадоў атакавалі вароны пасля таго, як у 2006 годзе ён прадэманстраваў сябе ім як небяспечная асоба.

Сем птушак былі адлоўлены сеткай і акальцаваныя прафесарам, які пад час маніпуляцый з варонамі меў на сабе адпаведную хутчэй Хэлоўіну маску. І хаця птушкі пасля атрымання калец былі адразу выпушчаныя назад у прыроду без аніякіх фізічных пашкоджанняў, атрыманы варонамі негатыўны досвед не быў імі забыты і птушкі стараліся атакаваць чалавека ў такой жа масцы штораз, калі ён праходзіў у ёй ува ўніверсітэцкім кампусе, дзе і адбыўся адлоў варон у 2006 годзе.

Прафесар Marzluff сказаў: “(У нашых папярэдніх даследаваннях) аказалася, што ў птушак ёсць участак мозга аналагічны міндалепадобнаму целу (amygdala) звяроў. У гэтым участку млекакормячыя захоўваюць негатыўныя асацыяцыі. І птушкі аказваюцца вельмі ўважлівымі назіральнікамі нашых дзеянняў і што здзівіла мяне найбольш пад час шматгадовых даследаванняў, гэта тое, што яны ўдзяляюць нам столькі ўвагі.”  

Цікава, што іншыя вароны навучыліся адрозніваць небяспечнага чалавека і 47 птушак з 53 у кампусе стараліся крыкамі даць яму зразумець, што ведаюць пра яго небяспеку. Толькі праз 7 гадоў, у 2013-м, колькасць сутычак з птушкамі заўважна зменшылася, а ўвосень мінулага году прафесар у масцы ўпершыню больш не пачуў крыкаў небяспекі варон пад час шпацыру праз кампус. Цяпер навуковец апрацоўвае атрыманыя дзякуючы шматгадовым назіранням дадзеныя і піша артыкул на гэтую тэму.

Паводле www.dailystar.co.uk (тэкст і фота-калаж) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Добра прадуманы эксперымент дапамог даказаць выдатную памяць у соек

Каўкі вучацца адна ад адной пра небяспечных людзей

Гэтая сарока ведае Вас?

Варона ніколі не забывае?

Разумныя сойкі плануюць будучыню

Сойкі могуць хутка мяняць свае паводзіны

Вароны вучацца пазбягаць пагроз дзякуючы мёртвым суродзічам