Чарговая справаздача польскай Komisji Faunistycznej пра разгляд рэгістрацый рэдкіх для Польшчы відаў і падвідаў птушак у 2025 годзе ўтрымлівае інфармацыю пра зацверджанне 199 паведамленняў за гэты год і яшчэ пра 15 з іншых гадоў, якія разглядаліся ізноў. Яны тычацца 73 відаў і падвідаў. Амаль 16% паведамленняў пра назіранні рэдкіх відаў не былі зацверджаны Камісіяй.
У 2025 годзе ў Спіс птушак Польшчы дадаліся 3 новыя віды: канадзкі жураўль (Antigone canadensis), шырокахвостая чаротаўка (Cettia cetti) i белавусая леска (Curruca mystacea).
З іншых найбольш цікавых рэгістрацый варта ўзгадаць першы выпадак гнездавання соўкі-сплюшкі (Otus scops), а таксама другіе выпадкі гнездавання крычкі-чэгравы (Hydroprogne caspia) i малага баклана (Microcarbo pygmaeus). З яшчэ негняздуючых відаў гэта другія рэгістрацыі для Польшчы пеўчага цвыркуна (Helopsaltes certhiola) i юнка (Junco hyemalis), другая і трэцяя рэгістрацыя вастрахвостага пясочніка (Calidris acuminata), чацвёртая і пятая жаўтадзюбага буравесніка (Calonectris diomedea), пятая сокала Элеаноры (Falco eleonorae), шостая амерыканскай сеўкі (Pluvialis dominica), бакасападобнага даўгадзюбага грыцука (Limnodromus scolopaceus), танкадзюбай чаротаўкі (Acrocephalus melanopogon) i сібірскага чорнагаловага ерчыка (Saxicola maurus) (з 2024 году), восьмая кучаравага пелікана (Pelecanus crispus) i чорнагаловай стрынаткі (Emberiza melanocephala).
Акрамя гэтага, былі атрыманы рэкордныя па колькасці паведамленні пра назіранні каравайкі (Plegadis falcinellus) (17 рэгістрацый), пячураўкі Х’юма (Phylloscopus humei) (12), шэрага буравесніка (Ardenna grisea) (7), плямістага свірстуна (Anthus hodgsoni) (6) i чарнакрылага каршуна (Elanus caeruleus) (5).
У выніку перагляду рэгістрацыі са Спісу птушак Польшчы быў выкрыслены т.зв. ‘маўрэтанскі’ падвід міжземнаморскага буравесніка (Puffinus yelkouan mauretanicus).
Такім чынам, цяпер у Спісе 475 відаў птушак.
Паводле www.ornis-polonica.pl (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Шырокахвостая чаротаўка (Cettia cetti), здымак - Radosław Gwoźdz
На гэтую тэму:
Аб’яднанне і падзел відаў зменшылі спіс птушак Польшчы на 3 віды
Спіс птушак Польшчы афіцыйна павялічыўся да 476 відаў
У Спісе птушак Польшчы дадаліся 2 новыя віды і 2 выкрэслены: справаздача Komisji Faunistycznej за 2024 год
Агляд рэгістрацый рэдкіх птушак у Польшчы ў 2023 годзе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ