У Спісе птушак Польшчы дадаліся 2 новыя віды і 2 выкрэслены: справаздача Komisji Faunistycznej за 2024 год

белая чайка заляцела ў Польшчу

Усяго было разгледжана 339 назіранняў за 2024 год і яшчэ 26 за ранейшыя гады. У 2024 г. Спіс арнітафауны Польшчы павялічыўся на 2 віды, да яго дадаліся афганская мармытуля, або мармытуля Сайкса (Iduna rama) і чорны шпак (Sturnus unicolor). Таксама былі адзначаны і першыя выпадкі гнездавання двух відаў: малага баклана (Microcarbo pygmaeus) і стэпавага луня (Circus macrourus) y пары з поплаўным (C. pygargus).

Сярод іншых рэдкіх відаў, самыя цікавыя зацверджаныя Камісіяй назіранні гэта: другія рэгістрацыі для Польшчы белай чайкі (Pagophila eburnea) i жоўцевай стрынаткі (Emberiza bruniceps), трэцяя шуляка-цювіка (Accipiter brevipes) (адбылася ў 2022 г.) i пустыннага грычуна (Lanius isabellinus), трэцяя і чацьвёртая міжземнаморскай чайкі (Ichthyaetus audouinii), пятыя амерыканскай сеўкі (Pluvialis dominica), малага буравесніка (Puffinus puffinus) i маслінавай лескі (Curruca melanocephala), шостая танкадзюбай чаротаўкі (Acrocephalus melanopogon), шостая і сёмая чорнагаловай стрынаткі (Granativora melanocephala), сёмая і восьмая глупыша (Fulmarus glacialis) (упершыню гэта былі жывыя птушкі), восьмая азіяцкага свірка (Melanitta stejnegeri) i аліўкавага дразда (Turdus obscurus), дзевятая каралінскай качкі-цыранкі (Anas crecca carolinensis) i таўстадзюбага зуйка (Anarhynchus leschenaultii), дзевятая і дзесятая белахвостай кнігаўкі (Vanellus leucurus), а таксама дзесятыя сцярвятніка (Neophron percnopterus) i таўстадзюбай пячураўкі (Phylloscopus schwarzi).

У 2024 г. адбыліся рэкордныя па колькасці рэгістрацыі арла-магільніка (Aquila heliaca) (35), паўночнай олушы (Morus bassanus) (30) i малага баклана (45). Таму назіранні гэтых відаў з 2025 году больш не разглядаюцца Фауністычнай камісіяй, аднак дадзеныя пра іх будуць збірацца ў Картатэку рэдкіх відаў (Kartotece Rzadkich Ptaków (KRP)).

Акрамя гэтага, Камісія перагледзела свае ранешыя рашэнні і выкрэсліла са Спісу відаў краіны 2 віды: Уілсанаву качурку (Oceanites oceanicus) i шэрага жаўрука (Alaudala rufescens).

У выніку пералічаных вышэй зменаў у Спісе птушак Польшчы на канец 2024 году застаюцца 473 віды.

Справаздача была апублікавана ў другім нумары часопіса Ornis Polonica за 2025 год.

Паводле Ornis Polonica (тэкст і здымак белай чайкі (Łukasz Ławicki)) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Аб’яднанне і падзел відаў зменшылі спіс птушак Польшчы на 3 віды

Спіс птушак Польшчы афіцыйна павялічыўся да 476 відаў

Колькасць на гнездаванні і яе трэнды для некаторых рэдкіх птушак Польшчы ў 2022 годзе

Агляд рэгістрацый рэдкіх негняздуючых птушак у Польшчы ў 2022 годзе