
Свежы штогадовы агляд Картатэкі рэдкіх птушак (Kartoteka Rzadkich Ptaków) Польшчы з’явіўся ў апошнім нумары часопіса Ornis Polonica і прадстаўляе дадзеныя, якія былі сабраныя для некаторых рэдкіх відаў у 2022 годзе. Атрымалася ахарактэрызаваць гнездавы статус 32 рэдкіх таксонаў (30 відаў і 2 падвідаў): апісаны памер іх папуляцыі, яе змены ў параўнанні з папярэднімі гадамі і трэнды колькасці.
Рэкордную колькасць як дагэтуль знайшлі для лебедзя-клікуна (Cygnus cygnus) (321 пара), нільскага гуся (Alopochen aegyptiaca) (38 пар), чырвонаносага нырка (Netta rufina) (66 пар), качкі-мандарынкі (Aix galericulata) (150 пар), крыўка (Haematopus ostralegus) (45 пар), шыладзюбкі (Recurvirostra avosetta) (17 пар), чаплі-кваквы (Nycticorax nycticorax) (1422 пары), вялікай белай чаплі (Ardea alba) (993 пары), а таксама сокала-падарожніка (Falco peregrinus) (79 пар). Павелічэнне колькасці таксама адзначана для барадатай кугакаўкі (Strix nebulosa) - 10 пар.
Супрацьлеглы, адмоўны трэнд заўважаны між іншага для вялікага зуйка (Charadrius hiaticula) (209 пар), вялікага грыцука (Limosa limosa) (240 пар), дубальта (Gallinago media) (541 самец), скапы (Pandion haliaaetus) (40 пар) i сіняга сіваграка (Coracias garrulus) (10 паp). Гнездавыя папуляцыі белавокага нырка (Aythya nyroca) (92 пары), пярэстай качкі (Tadorna tadorna) (116 пар), вялікага кулёна (Numenius arquata) (187 пар), вялікага арляца (Clanga clanga) (19 пар; у тым ліку 8 пар без удзелу гібрыдаў і малых арляцоў), арла-маркута (Aquila chrysaetos) (32 пары) i вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola) (4486 самцоў) засталіся па колькасці на тым самым узроўні.
Флуктуацыі або невядомы трэнд колькасці быў знойдзены для чорнагаловай чайкі (Ichthyaetus melanocephalus) (94 пары), пярэстаносай крычкі (Thalasseus sandvicensis) (355 пар), белакрылай рыбачкі (Chlidonias leucopterus) (874 пары), жоўтагаловай пліскі (Motacilla citreola) (53 пары па-за далінай Бебжы), а таксама таксонаў, колькасць якіх на гнездаванні не перакрочыла 10 пар: хадулачніка (Himantopus himantopus) (4 пары), арла-вужаеда (Circaetus gallicus) (1 пара), „стэпавага” падвіда вялікага грычуна (Lanius excubitor homeyeri) (2 пары), чорнай вароны (Corvus corone corone) (6 пар, усе пары з шэрай варонай), сценалаза (Tichodroma muraria) (мін. 4 пары) i „тундравай” жоўтай пліскі (M. flava thunbergi) (2 пары).
Не былі знойдзены на гнездаванні белабровы дрозд (Turdus iliacus), а таксама як і ў 2021 годзе: від-інтрадуцэнт папугай Крамера (Psittacula krameri), балотная сава (Asio flammeus) і зялёная пячураўка (Phylloscopus trochiloides).
Паводле Ornis Polonica падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак шыладзюбкі Сяргея Зуёнка
На гэтую тэму:
Агляд рэгістрацый рэдкіх негняздуючых птушак у Польшчы ў 2022 годзе
Колькасць на гнездаванні, яе змены і трэнды для некаторых рэдкіх птушак Польшчы ў 2021 годзе
Колькасць і яе трэнды для самых рэдкіх на гнездаванні відаў птушак Польшчы
Аб’яднанне і падзел відаў зменшылі спіс птушак Польшчы на 3 віды
Спіс птушак Польшчы афіцыйна павялічыўся да 476 відаў
Спіс птушак Беларусі застаўся ранейшым, без новых відаў: пратакол паседжання БАФК ад 18.12.2024 г.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ