Хаця сірыйскіх дзятлаў (Dendrocopos syriacus) у пойме Гараднічанкі я бачыў неаднойчы і раней, гэтая сустрэча стала нечаканай. І даволі хутка стала зразумела, што гэта не зусім мясцовая самка. А справа была ў тым, што яна харчавалася костачкамі алычы (?), якія даволі хутка, за некалькі секунд, раскалывала і раз за разам вярталася пад той самае дрэва на беразе рэчкі за новымі.
Я шмат разоў бачыў, як гэта робяць іншыя сірыйскія дзятлы, і калі ў іншым месцы ў горадзе рэгулярна назіраў за адной з пар з сярэдзіны восені да сярэдзіны вясны, то часта бачыў і самца, і самку, якія займаліся раскалваннем костачак алычы і было падобна, што ўвесь гэты час (а можа і даўжэй) гэта была іх асноўная ежа. І яны мелі невялікі набор спецыяльных кузняў, нават на тых самых дрэвах алычы, пад якімі падымалі костачкі. Звычайна гэта былі невялікія адтуліны-складкі, дзе костачка трымалася і яе зручна было раскалываць.
А вось мая апошняя знаёмая штораз ляцела са знойдзенай костачкай на новае дрэва, часам нават на адлегласць у 15-20 м і зноў і зноў шукала прыдатнае месца і прыладжвала ў яго костачку перш, чым раскалоць яе. Таму я і падумаў, што мясцовая птушка дакладна б ведала дзе гэта зручна рабіць і мела б даўно выбраныя для гэтага месцы-кузні, а іх у яе не было...
У два наступныя дні атрымалася праверыць сваю здагадку. Дзятлы на тым адрэзку рэчкі былі, але не сірыйскія і больш я той самкі там не бачыў.
Гродна, 04-04-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ