У нядзелю, пасля суботняга канцэрту “Будкі суфлера”, мы ўсе адсыпаліся. Пасля завяршэння не вельмі цікавых, але патрэбных бытавых справаў толькі ў абед змаглі выехаць на маё ўлюбёнае зімовае месца назіраньняў птушак – на Казіміроўку. Ў папярэднім Назіраньні адтуль я ўжо апісваў гэтае месца (Казіміроўка 29-11-2009: палявы лунь, крумкачы і краты), таму не буду паўтарацца.
За акном машыны было -3, ветру амаль не было, снегу таксама. Але вільгаць вісела ў паветры ў выглядзе негустога туману. І я пад час рэкагнасцыровак праз трубу даволі хутка пашкадаваў, што так і не здолеў знайсьці свае пальчаткі.
Спачатку нам не вельмі шанцавала: акрамя канюхоў і ўсюдыісных і крыклівых крумкачоў, іншыя птушкі не надта хацелі паказвацца. Адзін раз я нават заўчасна ўзрадаваўся – крумкач ганяўся за карычневатай драпежнай птушкай яго ж памеру, якая мела яркае белае надхвосце. Я назіраў за іх аддаленьнем праз трубу і хаця спачатку думаў, што гэта самка палявога луня, хутка ў мяне ўзьніклі сумневы: і сілуэт, і палёт і ўсё іншае было трошкі “не такое”. Калі ж пад час чарговага піруэту драпежнік павярнуўся бокам, я з расчараваньнем уздыхнуў – касматаногі канюх! Потым быў яшчэ і “зывчайны”, але не для іх мы прыехалі сюды…
Мае агляды мясцовасьці праз трубу нарэшце далі вынік: над замерзлай і кароткай шматгадовай травой хутка і ўвішна паляваў самец палявога луня! Было далекавата для здымак нават праз трубу, я адзначыў асаблівасьці паляваньня і мы рушылі далей. Яшчэ адзін прыпынак – і яшчэ адзін самец, толькі ў другім месцы.Можа гэта першы так хутка пераляцеў на новае месца? Тут птушка высока ляцела над узворанай зямлёй. Калі праязжалі каля пераезду, над вузкакалейкай, па якой вывозяць рэшткі торфу на торфабрыкетны завод, праляцеў яшчэ адзін самец, за ім крумкач. Усё адбылося вельмі блізка ад нас, мы з захапленьнем назіралі за птушкамі, але хутка, і я зноў не змог засьняць луня, які пераляцеў дарогу і паляваў над шматгадовай травой, аддаляючыся. І тут мне пашанцавала. Яшчэ адзін самец, яўна іншы, трапіў мне на вочы з гэтага ж боку, ён хутка сеў у траву, ўзляцеў пусты і праз некалькі метраў сеў зноў, але так, што з травы тырчала толькі яго галава. А вось і трэці самец – ён палюе з іншага боку дарогі, і тут я паспяваю не толькі злапаць яго ў трубу, але і зьняць невялікі фільмік пра яго паляваньне.
Тры самцы – гэта выдатны вынік за гадзіну назіраньняў! Шкада, што не было больш часу, каб паспрабаваць знайсьці і самак, таму сцвярджаць іх адсутнасьць няма як.
Але зіма толькі пачынаецца, і я спадзяюся, што ўсё яшчэ наперадзе.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
freelancer - 15.12.2009 - 12:09
а на апошнім здымку хто?
а на апошнім здымку хто?
Harrier - 15.12.2009 - 12:15
In reply to а на апошнім здымку хто? by freelancer
Па якасьці (ці лепш сказаць
Па якасьці (ці лепш сказаць па яе адсутнасьці) бачна, што гэта ўсё не здымкі, а кадры з фільмікаў.
На апошнім - канюх, не вызначаны да віду. Дзьвюх іншых вызначыць атрымалася - аказаліся адзін -B.buteo, другі -B.lagopus.