МімаЛётнае шчасьце

    Сокалы-шулёнкі не давалі мне спакою: у дзень Бёдрэйсу мы адзначылі 3+9+1 у розных месцах вакол Горадні. На наступны дзень сокала-дрымлюка каля Абухава – той хутка і нізка праляцеў недалёка ад адрогі, а потым аднаго палюючага сокала-шулёнка за Казіміроўкай і зноў мноства- цэлых сем! шулёнкаў за Рацічамі!
Пазаўчора Ох-Фогель паздымаў іх за Зарачанкай – там іх стала ўжо 7 птушак. Ўчора іх там жа здымалі, але аднаго – Жорж Гулеўскі і Мікалай Гулінскі.


    Таму калі з’явілася новая магчымасьць паглядзець на іх на машыне, я не раздумваў ні хвіліны.
І вось з Аленай мы едзем на паўночны захад, на Рацічы. Па дарозе я пільна ўглядаюся у птушак на правадах – можа тыя шулёнкі пераляцелі, а можа з’явіліся новыя? Адзін раз нават прыпыняемся, каб разгледзець нейкіх птушак на правадах – не, гэта толькі вялікія галубы…
І вось Рацічы і лінія слупоў за імі. Але на правадах нікога няма! Я з надзеяй раскладваю трубу і разглядаю кожны слуп.     Але марна… Сакалоў няма. Тту я ўспамінаю, што Міаклай Іванавіч зьбіраўся сюды зранку, каб лепш зьняць птушак. Але ён паведамляе мне зусім не суцяшальную навіну – зранку адзіны малады шулёнак падняўся высока ў паветра і паляцеў у бок недалёкай Польшчы…
    Застаецца толькі паспрабаваць шчасьця за Зарачаркай – дзякуй богу, гэта зусім недалёка. І вось мы едзем уздоўж дарогі на Лойкі, дзе пад час гонкі за птушкамі заўважылі сваіх першых у гэтым годзе сакалкоў. Але і тут нікога няма. Мы прыпыняемся ніжэй за пагорак, я дастаю трубу і заўважаю сокала на правадах! Сілуэт-та сакаліны, але гэта не шулёнак, а хутчэй за ўсё пустальга.
    Вось сокал зрываецца з провада і пачынае завісаць над полем. Гэтак жа робяць і шулёнкі, і пустальгі. Можа лепш разгледзець? Я падабраўся бліжэй да сокала з пайкай, які вярнуўся да слупоў і ўладкаваўся разрываць здабычу. Сумненьняў амаль не засталося – гэта пустальга. І вось яшчэ раз навожу трубу – так, сокал прыгожы, але не той…

   Алена, ўбачыўшы маё расчараваньне, прапануе з’ездзіць на ачышчальныя сажалкі Азоту. Да іх зусім недалёка, час у нас ёсьць і я пагаджаюся.
   Але і тут нам не шэнціць: птушак амаль няма. Дзьве качкі-крыжанкі зрываюцца далёка ад нас з першай жа сажалкі. Далей па меры нашага набліжэньня зьлятаюць з дамбы ці з вады некалькі шэрых і вялікіх белых чапляў, пакрыкваюць з берагу 2 кулікі-селянцы, а з вады булькочачы сьпяшаюць выказацца малыя коўры.
    Мы разглядаем шэрых і белых чапляў на вяршалінах і галінах дрэваў бліжэй да Нёмана, а потым набіраем у заплечнік яблыкі з берагу адной з сажалак. Каля першай сажалкі я вырашаю прыпыніцца яшчэ раз – як раз прываднілася самка гогаля, а потым ныркі-сівакі. Ды і на касе бегае нейкі кулічок! Я дастаю здыймач і накіроўваю на яго трубу.
   Нейкі дзіўны зуёк – такіх я яшчэ не бачыў. Троху ўзбуджана – а раптам гэта новы від! – я пачынаю здымаць яго на фільмікі, але вялікае павелічэньне і маё хваляваньне прыводзяць да пастаянных дрыжыкаў. Нічога, хоць адзін кадр, каб разгледзець яго я выбяру!
   І вось мы ў хаце, я праглядаю фільмікі і бачу, што гэта малады малы зуёк. Але яго грудзь і жывот маюць сапраўды дзіўны цёмны колер, якога ў ніякіх зуйкоў быць не павінна – моцна недзе выпацкаўся?...
Вось так і сарвалася чарговая сенсацыя. Але гэтая паездка яшчэ раз паказала – дзікія птушкі не заўсёды чакаюць сваіх назіральнікаў. На жаль…

На здымках:
Сокал-шулёнак за Рацічамі 07-09-2009
Пустальга зьлятае са слупа
Дзівосна прыгожы вусень нейкага бражніка

Фотаздымкі

Каментары