У маладых лясах-пасадках у птушак большы стрэс і смяротнасць

бурагаловая сініца

Новае даследаванне даказала, што птушкі адчуваюць меншы стрэс, калі зімуюць у старым лесе ў параўнанні з маладымі пасадкамі. Даследаванні праводзілі навукоўцы з універсітэту Латвіі і Тартускага ўніверсітэту ў Эстоніі.

Лясная гаспадарка прыводзіць да фрагментацыі і знікнення нармальных, старых лясоў, што, у сваю чаргу, вядзе да змяншэння разнастайнасці лясных раслін і жывёл. У краінах Паўночнай Еўропы, напрыклад, з-за знікнення стараўзроставых лясоў на вялікай плошчы іх былога распаўсюджання адбылося рэзкае змяншэнне колькасці насекомаедных лясных відаў птушак. Чалавек не толькі змяншае даступнасць і бяспечнасць месцаў гнездавання, высякаючы старыя лясы, але і значна змяншае даступнасць безхрыбетных – асноўнай ежы такіх відаў.

Даследчыкі сфакусаваліся на вывучэнні папуляцый бурагаловай сініцы (Poecile montanus), невялікай насекомаеднай лясной птушкі, якая насяляе лясы ўмеранай і субарктычнай кліматычнай зоны ад Еўропы да Паўночнай Азіі. Пасля сезону гнездавання гэтыя сініцы аб’ядноўваюцца ў групы і даследуюць хвойныя лясы ў пошуках безхрыбетных – насякомых і павукападобных. Папярэднія даследаванні паказалі, што зялёныя часткі старых іглістых дрэваў “хаваюць” больш безхрыбетных, чым галіны маладых, таму што безхрыбетныя лепш выбіраюць першыя, - на іх значна больш іголак, сярод якіх можна схавацца на зіму.

Даследаванне адбывалася на птушках, якія жылі ў паўднёва-усходняй Латвіі ў плантацыях шатландзкай сасны ўзростам паміж 35 і 55 гадоў і ў старых лясах, пераважна з нарвежскай елкі, узростам да 155 гадоў, дзе адсутнічала лясная гаспадарка. 98 сініц, якія трымаліся ў розных зграйках, адлоўліваліся двойчы пад час зімы: першы раз калі тэмпературы былі лагоднымі і другі, калі былі моцныя маразы. Птушкі кальцаваліся і правяраўся іх фізічны стан (запасы падскурнага тлушчу і памеры грудных мышцаў). Таксама двойчы бралася кроў на гармоны стрэсу: адразу пасля адлову і праз 20 хвілін па ім (каб зменшыць магчымы стрэс пасля яго). Узровень стрэсу сінічак правяралі стандартным метадам па канцэнтрацыі корцікастэронаў у крыві.

Пасля параўнання вынікаў для абодвух груп птушак, атрымалася, што незалежна ад ўзросту і полу сініц, узровень стрэсу ў іх быў меншы, калі гэтыя асобіны зімавалі ў старым лесе. Агулам там узімку выжывала 92% сініц супраць 73% у лясных плантацыях.

"Большы стрэс і меншая выжывальнасць сініц, якія зімавалі ў маладых лясах, дзе вялася інтэнсіўная лясная гаспадарка, можна растлумачыць меншай колькасцю даступнай птушкам ежы і большай імавернасцю драпежніцтва на іх”- сказаў Індрыкіс Крамс (Indrikis Krams), адзін з сааўтараў публікацыі. “Таму маладыя плантацыі іглістых дрэваў можна лічыць субаптымальным біятопам для гэтага віду птушак”.

Пытанне будучыні бурагаловай сініцы ў кріанх Балтыі вельмі своечасовае, таму што старыя лясы там знікаюць у хуткім тэмпе, а на іх месцы застаюцца або высечкі, або лясныя плантацыі.

Так, у многім аналагічнае вядзенне лясной гаспадаркі ў Вялікабрытаніі прывяло да змяншэння колькасці віду на 70%"у параўнанні з 1970 годам.

Крыніца:

Dina Cīrule et al, Habitat quality affects stress responses and survival in a bird wintering under extremely low ambient temperatures, The Science of Nature (2017). DOI: 10.1007/s00114-017-1519-8

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак бурагаловай сініцы Алы Эрдман

 

 

На гэтую тэму:

Без старых дуплістых дрэваў не будзе лясных экасістэм

Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?

Як выжываюць тыя птушкі, якія застаюцца зімаваць на поўначы?

Знойдзена самая старая сівая сініца?

Карміць ці не карміць птушак узімку?

Шэрыя зімы для сінix сініц

Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх