Стрэс у пачатку жыцця потым адчувальны ў песні дарослага самца

Самцы пеўчых птушак, якія мелі пад час знаходжання птушанятамі ў гняздзе камфортныя ўмовы і дастаткова ежы, у далейшым жыцці спяваюць часцей і больш складаныя песні. Да гэтых высноваў прыйшлі даследчыкі з універсітэту Ланкастэра (Вялікабрытанія) упершыню на прыкладзе птушак у прыродных умовах.  

У большасці пеўчых птушак самкі ацэньваюць “якасць” і выбіраюць самцоў на аснове таго, як самцы спяваюць. У сваю чаргу, аддзелы мозга, якія адказваюць за фармаванне і будучае выкананне песні, утвараюцца пад час знаходжання птушанят у гняздзе і адразу пасля вылету з яго. Таму стрэс у гэты перыяд, - напрыклад, недахоп ежы, можа ўздзейнічаць на выкананне песен у будучыні, ужо ў дарослым жыцці. Гэтая здагадка, вядомая як “гіпотэза пра стрэс пад час развіцця” ("developmental stress hypothesis"), правяралася навукоўцамі спачатку на вывадках, а потым на 18 птушанятах аляпкі (Cinclus cinclus), якія выляцелі з гнёздаў уздоўж ракі Lune у графстве Cumbria. Даследчыкі правяралі памер вывадкаў, колькасць прылётаў бацькоў з ежай на кожным гнязде, фізічны стан птушанят ва ўзросце 9 дзён, а потым і колькасць ды складанасць песняў гэтых птушанят ужо ў дарослым узросце.

Атрымалася, што тыя птушаняты, якія ў 9-ці дзённым узросце мелі лепшы фізічны стан, потым дарослымі выконвалі больш складаныя песні і, у дадатак, больш часта. Птушаняты, якім бацькі часцей прыносілі корм, таксама спявалі часцей як дарослыя.

Такім чынам, упершыню ў прыроднай папуляцыі птушак атрымалася пацвердзіць гіпотэзу “пра стрэс пад час развіцця”. Да гэтага часу яна правяралася і знайшла пацверджанне толькі ў вальерных умовах на групах звычайных шпакоў (Sturnus vulgaris), зебравых амадзінах (Taeniopygia guttata), балотных (Melospiza georgiana) і спяваючых меласпізах (M. melodia).

Наступны крок навукоўцаў – знайсці фізіялагічны механізм, які адказвае за сувязь стрэсаў у пачатку жыцця птушак з частатой і складанасцю іх рэпертуару ў дарослым жыцці.

Люсі Мэгулэган (Lucy Magoolagan), галоўная аўтарка артыкулу пра вынікі даследавання, сказала: "Складанасць песні і частата, з якой яе выконваюць самцы, знаходзіцца пад моцным адборам самкамі, бо гэта ўскосныя характарыстыкі “якасці” самца як будучага партнёра. Час, калі будучыя самцы ўспрымаюць песні дарослых самцоў, птушаняты могуць знаходзіцца пад уздзеяннем розных стрэсуючых фактараў. І наша даследаванне стала першым з тых, якія паказалі сувязь выканання песні дарослымі птушкамі і іх развіцця ў якасці птушанят”.

 

Крыніца:

Magoolagan L, Mawby PJ, Whitehead FA, Sharp SP (2018) The effect of early life conditions on song traits in male dippers (Cinclus cinclus). PLoS ONE 13(11): e0205101.doi.org/10.1371/journal.pone.0205101

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак - Andrzej Smolinski

 

На гэтую тэму:

Джаз берасцянак

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

ЧОРНЫЯ ДРАЗДЫ ПАДВЫШАЮЦЬ ГУК

ЛЕПШ НЕ ВЫЛУЧАЦЦА

НЕЗВЫЧАЙНАЕ АДКРЫЦЦЁ: ПТУШАНЯТЫ ВУЧАЦЬ ПАРОЛЬ, КАБ ІХ КАРМІЛІ БАЦЬКІ

Калі птушанятам лепш вылятаць з гнязда?

Плюсы і мінусы больш позняга вылету з гнязда