Мільярды жывых істотаў вандруюць на розныя адлегласці паміж сваімі месцамі размнажэння і зімоўкі, каб выкарыстоўвываць сезонныя змены ў даступнасці рэсурсаў і павялічваць эфектыўнасць размнажэння. Натуральны адбор падтрымлівае тых, хто найлепш падпасоўвае свой гадавы цыкл да феналогіі свайго цяперашняга наваколля і атрымлівае першым доступ да неабходных рэсурсаў. У многіх відаў жывёл такія фактары, як канкурэнцыя паміж асобінамі аднаго полу, розныя ролі палоў пад час рамнажэння ды іншыя могуць стаць прычынай адрозненняў у часе міграцый самцоў і самак.
Адрозненні паміж паламі ў часе прылётаў на месцы гнездавання – самы часты і распаўсюджаны прыклад адрозненняў у часе міграцыі ў палоў. Протандрыя (рrotandry) —больш ранні прылёт самцоў на месцы гнездавання – найбольш распаўсюджаны прыклад адрозненняў у часе міграцыі ў прадстаўнікоў многіх таксонаў, тады як протагінія (protogyny) — калі самкі прылятаюць хутчэй за самцоў – малавядомая і сустракаецца звычайна ў тых відаў, у якіх ролі пад час гнездавання адваротныя.
Група еўрапейскіх навукоўцаў праверыла гэтыя канцэпцыі на вялікім масіве дадзеных для больш, чым 350 трэкаў розных відаў пералётных птушак сярэдняга і невялікага памеру, якія зімавалі на поўдзень ад Сахары. Усяго для параўнання былі абраныя птушкі 14 відаў, перамяшчэнні якіх адсочвалі як мінімум на працягу аднаго году або з дапамогай геалакатараў (вераб’іныя), або спадарожнікавых перадатчыкаў (звячайная зязюля Cuculus canorus і сіні сіваграк Coracias garrulus), а таксама калі як мінімум адзін самец і самка паходзілі з той самай гнездавой папуляцыі. Дадзеныя збіраліся з публікацый, датычных 25 еўрапейскіх папуляцый за прамежак паміж 2009 і 2017 гг.
Атрымалася, што ўвосень самцы пачынаюць міграцыю ў сярэднім на 2 дні раней за самак з тых жа папуляцый. Аднак гэтая розніца ў часе адлёту на зімоўку знікала пад час прылёту на яе. Вясной самцы адляталі з афрыканскіх зімовак у сярэднім на 3 дні раней самак і дасягалі месцаў гнездавання ў сярэднім на 4 дні раней за іх.
Аднак міжвідавое параўнанне паказала вялікія варыяцыі ва ўзроўні як протаандрыі, так і протагініі на працягу гадавога цыклу. І хаця атрымалася знайсці моцную карэляцыю паміж датамі адлётаў і прылётаў індывідуальных птушак, толькі ў самцоў даты вясновай міграцыі былі звязаныя з датамі папярэдніх восеньскіх міграцый.
Крыніца:
Martins Briedis et al. A full annual perspective on sex-biased migration timing in long-distance migratory birds Proc. Of the Royal Soc. B Published:20 February 2019 https://doi.org/10.1098/rspb.2018.2821
Паводле www.royalsocietypublishing.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак звычайнай зязюлі – Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
ВЯСНОВАЯ МІГРАЦЫЯ ПТУШАК ПРЫСПЕШВАЕЦЦА З КОЖНЫМ ГОДАМ
Чаму птушкі вяртаюцца штогод усё раней?
Міграцыі птушак і вялікія лічбы: некаторыя здзіўляючыя факты і высновы
МІГРЫРУЮЧЫЯ ВЕРАБ’ІНЫЯ ПТУШКІ ТАГО Ж ВІДУ ВЫЖЫВАЮЦЬ ЛЕПШ, ЧЫМ АСЕДЛЫЯ
Спадарожнікавае сачэнне за брытанскімі зязюлямі: змяншэнне іх колькасці звязана з рознымі пралётнымі шляхамі
Адкрыта самая працяглая міграцыя сярод вераб’іных птушак
Ці ўсе вераб’іныя пралятаюць Сахару найкарацейшым шляхам?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ