У асобныя гады, калі зімы асабліва суворыя, тыя віды птушак, якія харчуюцца насеннем голанасенных раслін, вымушаныя адлятаць з тайгі ў больш паўднёвыя рэгіёны. Там яны шукаюць не толькі меншых маразоў і большай колькасці насення, але і даўжэйшай працягласці светлай часткі сутак, пад час якой яны могуць шукаць ежу. Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе The Auk: Ornithological Advances кажа пра тое, што пасля масавых інвазій на поўдзень, шчыльнасць папуляцый такіх відаў на месцах гнездавання на поўначы летам заўважна змяншаецца.
Многія бёрдэры любяць інвазіі, таму што яны даюць магчымасць параўнальна лёгка ўбачыць у сваёй мясцовасці звычайна нехарактэрныя для яе віды птушак. Аднак арнітолагі амаль нічога не ведаюць пра наступствы для відаў падобных маштабных зменаў месцаў зімоўкі. Канадзкі кавалік (Sitta canadensis) быў абраны як мадэльны від у даследаванні падобных наступстваў, бо ён вяртаецца на тыя самыя месцы гнездавання нават пасля зімовых інвазій на больш паўднёвыя тэрыторыі. Такім чынам, існуе магчымасць параўнаць шчыльнасць гняздуючых птушак і іншыя папуляцыйныя параметры віда ў розныя гады.
Эрыка Дан (Erica Dunn) з арганізацыі Environment Canada прааналізавала дадзеныя за 50 гадоў, сабраныя на Ontario's Long Point Bird Observatory (LPBO) і параўнала іх з дадзенымі, якія былі атрыманыя дзякуючы грамадзкай навуцы пад час калядных улікаў птушак Christmas Bird Count і таксама размешчаных на партале eBird. Потым яна выкарыстала дадзеныя з даследаванняў звычайных гняздуючых відаў птушак (Breeding Bird Surveу), каб параўнаць папуляцыйныя параметры канадзкіх кавалікаў пасля зімовых інвазій на поўдзень ад звычайных месцаў зімоўкі і без іх.
Аказалася, што працяглыя міграцыі для відаў, якія да іх непрыстасаваныя, але неабходныя з-за недохопу ежы на звычайных месцах зімоўкі, вядуць да большай за звычайную небяспекі стаць ахвярамі драпежніцтва і неабходнасці шукаць ежу ў незнаёмых месцах і біятопах.
Дан растлумачыла: "Ідэя зрабіць падобнае параўнанне ўзнікла ў мяне яшчэ 30 гадоў таму, калі я займалася ўлікамі зімуючых птушак на сталоўках ад LPBO і заўважыла, што людзі ў асобныя гады часта паведамляюць пра “налёты” кавалікаў на іх сталоўкі. Пасля таго, як падобны налёт – самы масавы з вядомых нам – адбыўся ў 2012 годзе, я вырашыла параўнаць дадзеныя за апошнія 50 гадоў.
Гэта не быў праект, накіраваны нейкай гіпотэзай і яе праверкай – я проста узяла вялікі масіў даступных мне дадзеных і праверыла – ці зможам мы нешта новае ўбачыць? Дадзеныя, атрыманыя дзякуючы грамадзкай навуцы ў падобных выпадках бясцэнныя – іх шмат і яны даступныя кожнаму, хто хоча працаваць з імі”.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Сініцам не перазімаваць асобна, без групы
Як выжываюць тыя птушкі, якія застаюцца зімаваць на поўначы?
Адлятаць ці заставацца на зіму "вырашае" генатып птушкі?
Міграцыі ўкарачваюць жыццё птушак
Мігрыруючыя вераб’іныя птушкі таго ж віду выжываюць лепш, чым аседлыя
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ