Гісторыя пра тое, як шнур мог забіць, але дзякуючы людзям, выратаваў бусляня

Маладыя белыя буслы (Ciconia ciconia) ужо памалу вылятаюць з гнёздаў. Іх колькасць на розных гнёздах розная і залежыць ад мноства фактараў – месца, дзе яно было пабудаванае, досведу і здольнасці бацькоў сагрэць і выкарміць усё сваё патомства ў любое надвор’е і даступнасці ежы навокал. Але цудоўная гісторыя, якая адбылася ў адным з паселішчаў у Цэнтральна-Заходняй Польшчы, сведчыць таксама пра тое, што часам буслам могуць дапамагчы і неабыякавыя людзі.

Ніжэй гэтую незвычайную гісторыю расказвае адзін з галоўных удзельнікаў падзей:

У самым пачатку каляндарнага лета, 1 чэрвеня, мы атрымалі просьбу ад жыхароў вёскі Perzycе (Вялікапольскае ваяводзтва) прыехаць і прыбраць мёртвае бусляня. Птушанё вісела пад гняздом, размешчаным на дрэве – хутчэй за ўсё яго выкінулі самі бацькі, якія ацанілі сытуацыю з даступнасцю ежы для патомства і вырашылі, што ўсіх буслянят ім не выгадаваць.

На месцы аказалася, што бусляня вісіць уніз галавой пад дрэвам, а за нагу яго “трымае” пластыкавы шнур, які цягнецца з гнязда. Пад’ёмнік у вёсцы знайсці не атрымалася, і прыйшлося вярнуцца туды на наступны дзень і толькі тады адрэзаць шнур. Колькі дзён птушанё правісела падобным чынам, невядома. Але як толькі яно апынулася на зямлі, пачало варушыцца і нават прыпадняла галаву!

птушка

Парадокс сытуацыі быў у тым, што шнур фактычна дапамог яму не разбіцца, бо ўтрымаў над зямлёй. На гняздзе былі яшчэ тры іншыя бусляняты і мы вырашылі паспрабаваць выратаваць і гэтага. Птушанё атрымала вялікую порцыю сырога мяса і вады, усе пашкоджанні былі належным чынам апрацаваныя  і зафіксаваныя.

І хаця наша надзея на тое, што ўсё атрымаецца была мінімальнай, мы вырашылі вярнуць бусляня на гняздо. Вельмі хутка прыляцеў адзін з бацькоў і накарміў усіх птушанят. За гэтым гняздом мы назіралі наступныя два тыдні. Буслянё, якое мы вярнулі на гняздо, добра расло і развівалася, як яго і сіблінгі. Цяпер уся чацьвёрка ўжо выляцела і трымаецца недалёка на мясцовых лугах. Каб можна было далей адсачыць іх лёс, птушаняты былі акальцаваныя.

Мы дзякуем усім, хто дапамог і быў неабыякавы да птушак: ад мясцовых жыхароў да мясцовых уладаў. Ну і на будучыню можна зрабіць выснову – варта дапамагаць!

Паводле Rafał Markowski (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

ЁСЦЬ СЭНС РАТАВАЦЬ ДЗІКІХ ПТУШАК?

Самец белага бусла 16 гадоў вяртаецца да сваёй самкі-інваліда

Вугорскі бусел атрымаў гумовую дзюбу

Польшча ўжо не першая па колькасці белых буслоў?