Стрынатка-рэмез, сокалы балабан і шулёнкі: агляд назіранняў Клуба200 за верасень-2019

Верасень атрымаўся цёплым і багатым на назіранні: 43 паведамленні пра 19 відаў са спісу Клуба200. У дадатак толькі зараз мы даведаліся пра вельмі цікавае назіранне з пачатку жніўня. Аднак, не гледзячы на розную колькасць паведамленняў і відавы склад у мінулагоднія верасні (36 і 49 адпаведна ў 2018 і 2017-м), колькасць адзначаных на працягу месяца відаў была падобнай і тады – 19 і 20.

Упэўнена можна казаць пра дзве сенсацыі, прычым адна з іх з вераснёўскіх назіранняў, а адна – яшчэ са жнівеньскіх.

Стрынатка-рэмез (Emberiza rustica) – від, які яшчэ не ўваходзіць у афіцыйны Спіс птушак Беларусі, бо першая рэгістрацыя з мінулага году яшчэ не разглядалася БАФК. І калі першая для нашай краіны птушка была адлоўлена і акальцаваная у пачатку кастрычніка ў Верхнядзвінскім раёне, то першая сёлета і другая ў ‘агульным заліку’ – 25.09 на самай поўначы Расоншчыны, у месцы пастаянных адловаў вераб’іных на станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор” у аднайменнай вёсачцы. Віншуем Дзяніса Кіцеля і ўсю каманду станцыі з выдатнай рэгістрацыяй!

gneirf

Другая сенсацыя атрымалася “адкладзенай” на больш, чым два месяцы, але не менш цікавая: у пачатку жніўня Аляксандр Собалеў сфатаграфаваў вялікага светлага сокала, які аказаўся першым сёлета сокалам-балабанам (Falco cherrug)! Гэта першы для Беларусі выразны фота-доказ назірання віду, бо дагэтуль былі вядомыя (толькі) слоўныя апісанні і сведчанні залётаў маладых птушак, атрыманыя дзякуючы спадарожнікавым перадатчыкам. Цікава, што ў мінулым годзе малады сокал-балабан з перадатчыкам таксама заляцеў на поўнач Беларусі ў жніўні, але загінуў пад Віцебскам 19.08.

птушка

Сокал-балабан пад Лёзна, 04-08-2019.Здымак Аляксандра Собалева

Качка-огар (Tadorna ferruginea) – чарговае назіранне птушак, якія зусім не баяцца людзей, ізноў адбылося ў Мінску. І калі вясной да двух качак, якія трымаліся на адным з вадаёмаў у межах сталіцы з канца красавіка ў пачатку мая далучылася яшчэ адна з падобнымі паводзінамі, то з першага назірання 25.09 гэтыя качкі так і трымаліся нейкі час на Цнянскім вадасховішчы ў тым самым складзе. У абодвух выпадках паходжанне птушак застаецца цмяным.

птушка

Качка-огар, Мінск, 26-09-2019.Здымак Ірыны Ляшчовай

Чырвоная чапля (Ardea purpurea) – абедзве (другая і трэцяя для гэтага году) рэгістрацыі адзінкавых птушак адбыліся ў пачатку верасня: першая 02.09 на рыбгасе ў Салігорскім раёне, другая – 04.09 на Жыткавеччыне ў пойме Прыпяці.

Сокал-шулёнак (Falco vespertinus): увогуле, пад час восеньскай міграцыі (у жніўні і верасні) было зроблена 17 паведамленняў пра 15 рэгістрацый фактычна па ўсёй Беларусі, за выключэннем – як гэта не дзіўна – Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Бо менавіта праз Магілёўшчыну павінны ляцець да нас шулёнкі з усходу, дзе гняздуюць, а праз Гомельшчыну пралятаць ва Украіну – дзе прыпыняюцца на ўзбярэжжы дзесяткамі тысяч перад міграцыяй праз Чорнае мора на шляху да месцаў зімоўкі ў Паўднёвай Афрыцы. На верасень прыходзіцца больш за палову “восеньскіх” назіранняў віда – 13 паведамленняў пра 11 рэгістрацый. Як звычайна, сокалы ляцелі праз Беларусь і асобна, і ў невялікіх адна- і рознаўзроставых групах, найбольшая з якіх – мін 22 птушкі - была адзначана 05.09 на поўначы Віцебшчыны. У 2018-м увосень было 8 рэгістрацый гэтых сакалоў (уключна са жніўнем), за гэты ж час у 2017-м – 17 рэгістрацый, у 2016-м – 8 і ў 2015-м – 18 рэгістрацый. Так што або мы кожны раз праз год адпаведна змяншаем інтэнсіўнасць назіранняў, або – што магчыма – мы назіраем ‘цыклы’ інтэнсіўнасці пралётаў гэтага віду на поўнач ад месцаў гнездавання з пікамі і спадамі праз год.

https://youtu.be/n8wcEcHhIKk

Стэпавы лунь (Circus macrourus) – адзіная рэгістрацыя адбылася у Любанскім раёне 07.09. Было гэта пад час чарговага Birdrace, які прынёс – прычым як і ў мінулыя гады – столькі цікавых назіранняў (19 паведамленняў пра назіранні 12 відаў са Спісу Клуба200), што калі б штотыдзень столькі дасведчаных і зацікаўленых назіральнікаў выходзілі і выязджалі “у паля” у розных месцах Беларусі, мы штогод мелі б пад 1000 цікавых назіранняў птушак са Спісу рэдкасцяў замест 400-450 зараз…

Канюх-курганнік (Buteo rufinus) – трэцяя сёлетняя рэгістрацыя гэтага стэпавага віда была зроблена 25.09 на Віцебшчыне:

птушка

Канюх-курганнік, Мёрскі раён, 25-09-2019. Здымак Вячаслава і Ірыны Груздзіловіч.

Чырвоны каршун (Milvus milvus) быў адзначаны 02.09 у Салігорскім раёне, аднак адсутнасць здымка не дазваляе пацвердзіць гэтае цікавае назіранне – бліжэйшая вядомая і гібрыдная пара з чорным каршуном вядомая як раз на Міншчыне і птушка магла быць і патомкам гэтай пары.

Сокал-падарожнік (Falco peregrinus): мінімум 2 сокала былі адзначаныя у Гродзенскім раёне 01.09, у тым жа месцы адна птушка назіралася і 07.09. У той жа дзень дарослы сокал-падарожнік быў адзначаны ў Чэрвенскім раёне:

птушкі

Здымак Таццяны Каржыцкай

Пясчанка (Calidris alba) – усе сёлетнія сустрэчы з відам, акрамя паўторнай 14.09, адбыліся 07.09 пад час Birdrace-2019: у Мінскім, Салігорскім, Драгічынскім і Бярозаўскім раёнах.  

Кругланосы плывунчык (Phalaropus lobatus) -  хутчэй за ўсё адна са жнівеньскіх птушак была адзначаная 07.09 на рыбгасе “Сялец”.

Сявец (Pluvialis squatarola) – таксама адзіная сустрэча ў верасні, якая таксама адбылася 07.09 пад час Birdrace-2019.

Ісландскі пясочнік (Calidris canutus) – агулам 7 назіранняў пад час восеньскай міграцыі віда, з якіх 2 адбыліся на рыбгасах у верасні: 07.09 у Бярозаўскім і 26.09 у Драгічынскім раёне. Падобная колькасць ‘восеньскіх’ назіранняў была толькі ў 2016-м.

Каменяшарка (Arenaria interpres) і  Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) –  па адной сустрэчы 07.09 у Бярозаўскім раёне.

Стучок (Lymnocryptes minimus) – адна птушка была акальцаваная 26.09 таксама ў Бярозаўскім раёне.

Марская чайка (Larus marinus) – трэцяя для гэтага году рэгістрацыя гэтага самага вялікага віду чаек адбылася 12.09 у Новалукомле:

птушка

Здымак Віталія Кашчэева

Крычка-чэграва (Hydroprogne caspia) – абедзьве рэгістрацыі верасня адбыліся на Берасцейшчыне: 07.09 у Бярозаўскім і 25.09 у Драгічынскім раёне.

Чырвонаваллёвы свірстун (Anthus cervinus) – усе чатыры восеньскія назіранні віда адбыліся у верасні і на Міншчыне: 06.09 і 07.09 на Чэрвеншчыне, 07.09 і 12.09 на Любаншчыне:

птушка

Здымак Мікалая Вераб'я

Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) паступова становіцца ўсё менш рэдкім відам у Заходняй і Цэнтральнай Беларусі: 4 птушкі былі адзначаныя 07.09 у Бярозаўскім раёне і адна 12.09 у Мінску:

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак маладога сокала-шулёнка яго ж

 

 

 

На гэтую тэму:

РЭДКАСЦІ НА МІГРАЦЫІ І НЕ ТОЛЬКІ: АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА ЛІПЕНЬ І ЖНІВЕНЬ-2019

Паморнік і гусі-піскулькі: агляд самых цікавых назіранняў птушак за верасень-2018

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – СТРЫНАТКА-РЭМЕЗ – АДЛОЎЛЕНА НА ПОЎНАЧЫ КРАІНЫ!

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў птушак за 2018 год. Частка 1: ад гагачоў да кулікоў

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў птушак за 2018 год. Частка 2: ад чаек да вераб’іных

Больш траціны відаў са Спіса птушак Беларусі – у абноўленым Спісе відаў Клуба200