Асноўныя вынікі BirdRace-2019 + табліца з усімі адзначанымі відамі

Як звычайна адбываецца апошнія 16 гадоў, у першую суботу верасня у нашай краіне прайшоў Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўнай арніталогіі (скарочаная і больш папулярная назва – BirdRace, або гонка за птушкамі). І хаця сёлета ў спаборніцтвах удзельнічала рэкордная колькасць - 18 каманд, згодна з вынікамі рэальна “ганяліся за птушкамі” як і ў мінулыя гады, не больш 13-ці каманд.

Большасць каманд назірала птушак у Брэсцкай вобласці,нашмат менш – у Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай. На жаль, у Віцебскай і Магілёўскай сёлета каманд не было. Вельмі радуе, што не толькі з’явіліся новыя каманды і новыя ўдзельнікі, але і “старыя” каманды і ўдзельнікі падтрымліваюць высокі ўзровень чэмпіянату.

людзі

Некаторыя з каманд сабраліся пасля Гонак на экасядзібе "Залессе".

Усталяваны ў 2017 годзе камандай “Twix” рэкорд у 126 адзначаных відаў за 12 гадзін чэмпіянату так і не быў пабіты. Усе разам каманды адзначылі каля 180 відаў птушак (гл. табліцу ў дадатку пад артыкулам). Хаця ў Табліцы 182 віды, рэгістрацыя як мінімум двух выклікае сумневы ў выпадку адсутнасці фотаздымкаў ці іншых доказаў – гэта авяльга і палявы свірстун, адзначаныя толькі адной і не вельмі дасведчанай камандай. Але і так гэта найлепшы вынік, дасягнуты за ўсе 16 гадоў правядзення гонак за птушкамі.

людзі

Каманда Птицы вокруг столицы убачыла не толькі птушак)

людзі

Каманда "Гарадзенскія United традыцыйна заканчвае Чэмпіянат у пойме Стрыеўкі.

Месцы паводле Журы чэмпіяната ў адпаведнасці з Правіламі (каманда, якая раней паведаміла пра заканчэнне назіранняў пры аднолькавай колькасці адзначаных відаў, займае больш высокае месца):

  1. Монамур 118 відаў (месца старту – Кобрынскі раён)
  2. Rara Avis - 116 відаў (скончылі спаборніцтвы ў 17:53, месца старту- Бярозаўскі раён)
  3. Troglodytes - 116 відаў (скончылі спаборніцтвы пазней каманды Rara Avis, месца старту – Любанскі раён)
  4. Цмокі 115 відаў (месца старту – Бярозаўскі раён)
  5. Merlin - 114 відаў (месца старту – Пружанскі раён)
  6. Клювокрыл 103 віды (месца старту – Пружанскі раён)
  7. Птицы вокруг столицы - 99 відаў (месца старту – Мінскі раён)
  8. Берасцейскія пагонышы - 96 відаў (месца старту – Жабінкаўскі раён)
  9. Гарадзенскія United - 90 відаў (месца старту – Гродзенскі раён)
  10. Славки и совы - 88 відаў (месца старту – Пружанскі раён)
  11. Четвероножек - 78 відаў (месца старту – Добруш)
  12. Дакудаўскія лосі - 74 віды (месца старту – Лідскі раён)
  13. Райский чик-чирик - 68 відаў (месца старту – Бярозаўскі раён)
  14. Небольшая стая хохлатых среднеевропейских церулозавров 48 відаў (месца старту – Мінск)
  15. Сыч Уань - 46 відаў (месца старту – Мінск)
  16. Кулики-затейники - 42 віды (пешшу, месца старту - Гомель)
  17. Вандроўныя альбатросы - 32 віды (на ровары, месца старту – Мінск)
  18. Круглые лица - 26 відаў (пешшу, месца старту – Ганцевіцкі раён)

Віншуем пераможцаў і ўсіх удзельнікаў з выдатнымі назіраннямі!

Як звычайна, у дзень правядзення Чэмпіянату адбываецца найбольш за год рэгістрацый рэдкіх відаў са Спіса Клуба200 – усяго было атрымана 19 паведамленняў пра назіранні 12 відаў!

птушка

Малады сокал-шулёнак у Гродзенскім раёне.

Найчасцей назіралі пясчанак (у Бярозаўскім, Драгічынскім, Салігорскім і Мінскім раёнах) і сакалоў-шулёнкаў (у Гродзенскім, Бярозаўскім і Кобрынскім раёнах), двойчы – сакалоў-падарожнікаў (у Гродзенскім і Чэрвенскім раёнах) і чырвонаваллёвых свірстуноў (на Чэрвеншчыне і Любаншчыне), а таксама ісландскага пясочніка, сяўца, каменешарку, кругланосага плывунчыка, куліка-паручайніка, крычку-чэграву, стэпавага луня, чырвонагаловага каралька.

 

Зычым не збаўляць тэмпу і знаходзіць рэдкіх птушак і ў іншыя дні верасня і не толькі!

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі каманд з асабістых акаўнтаў у Фэйсбуку ўдзельнікаў чэмпіянату

 

 

На гэтую тэму:

«Чижики на Пыжике» - найлепшая каманда Birdrace-2018 + табліца з усімі 168 адзначанымі відамі

Новыя чэмпіёны і новы рэкорд Гонак за птушкамі: віншуем каманду "Тwix" + табліца з усімі відамі!

ЯК ЧЭМПІЁНЫ З "РЭДКАЙ ПТУШКІ" ЎСІХ АБАГНАЛІ: ПАДРАБЯЗНАЕ ІНТЭРВ'Ю

BIRDRACE-2016: ЧЭМПІЁНАМІ СТАЛІ НАЙЛЕПШЫЯ І НАЙХУТЧЭЙШЫЯ + ПАБІТЫ ПАПЯРЭДНІ РЭКОРД У 120 ВІДАЎ

"АРЛЫ І СТРЫНАТКІ" - ЧЭМПІЁНЫ БЕЛАРУСІ 2014 ГОДУ

Пад час “Гонак за птушкамі-2010” усталяваны абсалютны рэкорд - 114 відаў! + табліца з відамі птушак

Закулисный предвзятый взгляд

Формула перамогі

Birdwatching Rally „Сuronian Lagoon-2018”: белорусский взгляд