У Беларусі адзначана нільская гусь - новы для краіны, але чужародны від птушак

У чацвер, 27 лютага, І.Н.Наско, механізатар СПК "Макараўцы"  Бераставіцкага раёна паведаміў пра сустрэчу з парай нільскіх гусей (Alopochen aegyptiaca) пад час ўзворвання глебы на адным з палёў. Ён  нават зрабіў мабільным тэлефонам здымкі птушак, якія не баяліся трактара, але пры набліжэнні да іх чалавека, адляцелі.

Інфармацыя  трапіла праз Дзьмітрыя Якубовіча, гродзенскага фотографа-анімаліста, у групу Клуба200 АПБ, куды ‘сцякаецца’ усё пра назіранні рэдкіх і новых для краіны відаў птушак.

Нільская гусь уваходзіць у Спіс самых небяспечных відаў-інтрадуцэнтаў, падрыхтаваны Еўрапейскай камісіяй для нашага кантыненту. Прычым з птушак там усяго 4 віды!

Прыродны арэал гэтых гусей знаходзіцца на поўдзень ад Сахары ў Афрыцы, невялікая прыродная папуляцыя таксама насяляе, адпаведна з назвай на многіх мовах, даліну Ніла ў Егіпце. Аднак, на жаль, гэтыя гусі былі інтрадукаваныя чалавекам у многіх краінах Заходняй Еўропы, дзе стварылі папуляцыі, якія вольна жывуць не толькі ў вадаёмах у парках, але і ў прыродзе гэтых краін.

У Польшчы, дзе першая рэгістрацыя віду адбылася яшчэ ў 1877 годзе, да 2008 года вядома пра 82 рэгістрацыі. Прычым штогод птушкі сталі адзначаццца там з 1999 г. і колькасць рэгістрацый стала павялічвацца з пікам у 35 як раз перад пачаткам гнездавання, у 2007 годзе. Пасля выпадку першага гнездавання, якое адбылося ў пітомніка для размнажэння водных відаў птушак у міні-заапарка, адкуль хутчэй за ўсё, і паходзіла пара, лічыцца нешматлікім гняздуючым відам для Польшчы з агульнай колькасцю ў 6-7 пар. Усе вядомыя выпадкі гнездавання адбываюцца на паўднёвым захадзе і захадзе краіны. Цікава, што адзіная рэгістрацыя нільскіх гусей для усходняй часткі краіны (з якой непасрэдна кантактуе Бераставіцкі раён Гарадзеншчыны і адкуль яны хутчэй за ўсё і прыляцелі да нас), адбылася на Бебжаньскіх балотах  у пачатку сакавіка 2008 года. (Stawarczyk et al. 2017)

Для Літвы вядома пра 4 рэгістрацыі нільскіх гусей, першая адбылася ў 2002 годзе, дзве апошнія – у 2016-м годзе. Адна адбылася ў цэнтральнай Літве, дзве – на поўначы і адна – на захадзе краіны. (Jusys et al.  2017)

Рэгістрацыі любых новых для Беларусі відаў птушак разглядаюцца і павінны быць зацверджаныя Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй (БАФК), пасля якой егіпецкая гусь можа стаць другім відам-інтрадуцэнтам для нашай краіны гусей (пасля залёту горнай гусі ў 2014-м) і хутчэй за ўсё трапіць у катэгорыю”Е” або “С” спіса птушак Беларусі (або як збеглы з няволі від-інтрадуцэнт, або як від-інтрадуцэнт, які стварыў незалежную папуляцыю ў іншай еўрапейскай краіне) – як і для Літвы, напрыклад (дзе від аднесены да катэгорыі “С”).

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак з сайта www.joniecnaturalnie.com/

 

На гэтую тэму:

У Мінску адзначаны новы для Беларусі від птушак– палярная чайка!

У ПРЫРОДЗЕ БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ЯШЧЭ АДЗІН (ЧУЖАРОДНЫ) ВІД ПТУШАК

Спіс самых небяспечных для Еўропы відаў-інтрадуцэнтаў павялічаны на 12 відаў, сярод іх – нільская гусь

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы

Паспяховыя інвазіі чужародных відаў птушак адбываюцца ў пэўных месцах

У Спісе птушак Заходняй Палеарктыкі стала менш відаў