Запасы ежы ў малых грычуноў дапамагаюць і самкам, і птушанятам быць у лепшай кандыцыі

малы грычун

Многія віды жывёл добра вядомыя стварэннем запасаў ежы, і птушкі тут не выключэнне. Сярод апошніх грычуны (Laniidae) вылучаюцца тым, што робяць падобныя запасы ‘дэманстратыўна’, г.зн. насаджваюць здабычу на іголкі раслін ці інакш умацоўваюць яе. У сваю чаргу малыя грычуны (Lanius collurio) у адрозненне ад большасці іншых відаў грычуноў, назапашваюць ежу ў асноўным не да пачатку гнездавання, а пад час яго ў перыяд выкаpмлівання птушанят на гняздзе і пасля іх вылету да асягнення незалежнасці.

Каб праверыць тэорыю наконт адаптыўнасці падобных паводзін дарослых птушак, каманда польскіх даследчыкаў ва ўсходне-цэнтральнай Польшчы параўнала колькасць птушанят і іх гематалагічныя паказчыкі як у пар, якія рабілі запасы ежы пад час гнездавання, так і ў тых, што не рабілі гэтага.

Аказалася, што канцэнтрацыя гемаглабіна ў птушанят была выразна большай у вывадках ‘з запасамі’ (першая група) у параўнанні з вывадкамі ‘без запасаў’ (другая група). Колькасць лейкацытаў была больш нізкай у птушанят з першай групы ў параўнанні з другой, а вось колькасць эрытрацытаў і канцэнтрацыя глюкозы ў крыві птушанят у абодвух групах не адрознівалася. Даследчыкі лічаць, што хутчэй за ўсё запасы здабычы ствараюць больш пастаянны доступ да яе птушанят і адлюстроўваюцца іх лепшымі гематалагічнымі паказчыкамі.

Роль развешанай як запасы здабычы ў грычуноў бывае разнастайнай. Самцы могуць такім чынам паказаць свае перавагі ў якасці выдатных паляўнічых патэнцыйным партнёркам і больш-менш выразна паказаць іншым самцам, што гэтая тэрыторыя ўжо занятая. Тым больш аказалася, што развешвае запасы менш, чым палова самцоў. У самак, якія выбралі падобных спраўных паляўнічых, маса цела ў перыяд гадавання птушанят аказалася большай, чым у тых, самцы якіх запасы не рабілі.

Самцы малых грычуноў рабілі найбольшыя запасы ежы калі атмасферны ціск падаў і ‘прадвяшчаў’ надыход дажджоў. У такі час актыўнасць насякомых рэзка змяншаецца, што змяншае і магчымасць грычуноў знаходзіць патрэбную колькасць ежы для сябе і птушанят. Аказалася, што падобнымі запасамі птушкі карыстаюцца найчасцей раніцай і надвячоркам, калі даступнасць насякомых для дарослых грычуноў, а, значыць і іх птушанят, таксама змяншаецца.

Разам з перавагам падобных паводзін для грычуноў, даследчыкі адзначылі і недахопы. Падобнымі запасамі, якія дэманстратыўна развешаны на раслінах, могуць і карыстаюцца і іншыя жывёлы, а частка запасаў пад час спякотнага ці, наадварот, даждлівага надвор’я, псуецца і больш не надаецца для спажывання грычунамі.

 

Крыніца: Goławski, A., Mroz, E., & Golawska, S. 2020 The function of food storing in shrikes: the importance of larders for the condition of females and during inclement weather. The European Zoological Journal, 87(1), 282–293.

Goławski A., Kondera E. 2022. Storing prey in larders affects nestling haematological condition in the Red-backed Shrike (Lanius collurio). Ibis, doi.org/10.1111/ibi.13104

Паводле https://onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Грычуны забіваюць вялікую здабычу, выкарыстоўваючы яе вагу

Чаму грычуны падобныя да Zorro?

Як палёўкі перашкаджаюць грычунам паляваць на сябе

Незвычайнае адкрыццё: сокалы Элеаноры назапашваюць жывую здабычу!

Галодныя суседзі дапамагаюць птушкам лепш падрыхтавацца да недахопу ежы