Нядаўна па скамянелых некамплетных рэштках чэрапа і шкілета каманда брытанскіх палеантолагаў апісала раней невядомы і самы старажытны на сённяшні дзень від гагача, які атрымаў навуковую назву Nasidytes ypresianus.
Выкапневыя парэшткі былі знойдзены некалькі гадоў таму палеанолагам-аматарам у мясцовасці Walton-on-the-Naze, якая знаходзіцца прыкладна ў 100 км на паўночны усход ад Лондана ў знакамітай геалагічнай фармацыі London Clay (Вялікабрытанія). Іх узрост вызначаны прыкладна 55 мільёнамі гадоў і яны адносяцца да пачатку эацэну. Практычна штогод па скамянелых парэштах адтуль апісваюцца новыя выкапневыя віды птушак, прычым сёлета гэта ўжо 7 новаапісаны від, знойдзены там.
Сучасныя гагачы, якія аб’яднаныя ў асобным атрадзе Гагачападобных (Gaviiformes) - гэта толькі 5 высокаспецыялізаваных на падводным паляванні на рыб птушак сярэдніх і вялікіх памераў. Новаапісаны – адзін з 20 вядомых нам выкапневых відаў і яго парэшткі адны з найбольш захаваных.
Сківіцы Nasidytes былі прапарцыйна больш шырокія і кароткія, чым у іншых відаў гагачоў і больш нагадваюць дзюбы сучасных лысак (Fulica spp.). Марфалогія цэўкі N. ypresianus сведчыць, што гэты від адносіцца да ‘сястрынскай’ групы гагачоў у адносінах да ўсіх іншых птушак гэтага атраду з перыяду цэназоя (Cenozoic). Гэта ўсё можа сведчыць пра тое, што новаапісаны від не быў выключна рыбаедным, як сучасныя гагачы і хутчэй за ўсё прадстаўнікі віда не спецыялізаваліся на падводных пагонях за рыбай, як гэта робяць сучасныя віды.
Эвалюцыя больш развітых здольнасцяў да нырання і перасоўвання птушак пад вадой адбывалася з павелічэннем спецыялізацыі на харчаванні рыбай. І марфалогія шкілета Nasidytes пацверджвае шматразовае незалежнае паходжанне спецыялізаваных да актыўнага здабывання рыбы зменаў шкілета ў кладзе водных птушак (Aequornithes).
Крыніца: Gerald Mayr, Andrew C Kitchener 2022 Oldest fossil loon documents a pronounced ecomorphological shift in the evolution of gaviiform birds, Zoological Journal of the Linnean Society, zlac045, https://doi.org/10.1093/zoolinnean/zlac045
Паводле https://academic.oup.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Знойдзены скамянелыя парэшткі самых старажытных вераб’іных птушак
Антарктычныя карані Гусепадобных
Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу
Апісаны новы від і сямейства выкапневых мезазойных птушак
Знойдзена свіргулепадобная птушка, якой больш за 50 мільёнаў гадоў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ