Аказалася, што багамолы могуць паляваць на птушанят вераб’іных птушак

Па ўсяму Свету жывуць прыкладна 2.500 відаў багамолаў, якія распаўсюджаны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Гэтыя своесаблівыя і параўнальна вялікія насякомыя добра вядомыя сваімі здольнасцямі здабываць і з’ядаць іншых бесхрыбетных, аднак часам паспяхова палююць і на дробных хрыбетных жывёл, такіх як яшчаркі ці нават рыбкі.

Тым не менш, нядаўнія назіранні паспяховага палявання самак звычайнага (еўрапейскага) багамола (Mantis religiosa) на птушанят пурпурнай нектарніцы (Cinnyris asiaticus) і жаўрука-смецюха (Galerida cristata) на поўдні Ірану, зацікавілі энтамолагаў пашукаць іншыя сведчанні паляванняў багамолаў на птушанят. У абодвух іранскіх выпадках схопленыя самкамі багамола птушаняты мелі параўнальна невялікі ўзрост і памеры. Птушанё нектарніцы было выхаплена з гнязда на дрэве, а жаўрука-смецюха схапілі на ўзроўні зямлі. Прычым у абодвух выпадках атрымалася прасачыць увесь працэс палявання і ўвагу багамолаў прыцягнулі рухі птушанят у гняздзе.

Пошукі адпаведнай інфармацыі выявілі яшчэ два нядаўнія выпадкі, калі багамолы забілі птушанят вераб’іных птушак. У першым гіганцкі азіяцкі багамол злавіў птушанё японскай белавочкі (Zosterops japonicus) на Тайване, а ў другім нявызначаны да віда багамол забіў і харчаваўся на птушані белагорлага насеннеяда (Sporophila albogularis) у Бразіліі. У абодвух гэтых выпадках багамолы забілі ўжо вялікіх і апераных птушанят у гнёздах, размешчаных на дрэвах.

Эксперты прапанавалі дзве гіпотэзы, якія растлумачылі б гэтыя выпадкі паляванняў багамолаў на птушанят. Магчыма, што самкі багамолаў шукалі – і знайшлі – параўнальна вялікую і высокаэнергетычную крыніцу харчавання на стадыі фармавання сваіх яек. Другая раўназначная магчымасць можа быць у тым, што багамолаў прыцягнула ў гнёзды птушак наяўнасць іншых, драбнейшых насякомых. А тых, у сваю чаргу, прыцягнуў памёт птушанят, які пэўна не паспелі прыбраць з гнёздаў бацькі.

Папярэднія выпадкі паспяховага палявання як мінімум трох відаў багамолаў тычыліся дарослых птушак, а менавіта вераб’іных і калібры, якіх гэтыя насякомыя злавілі выпадкова, калі як звычайна, палявалі з засады на здабычу, якая пралятала побач.

У многіх краінах Еўропы звычайны багамол ў апошнія некалькі гадоў можа лічыцца інвазійным, бо параўнальна хутка павялічвае тэрыторыю свайго распаўсюджання. Таму здольнасць гэтых насякомых без праблем забіваць птушанят можа стварыць новую і нечаканую праблему ў захаванні рэдкіх ці знікаючых відаў птушак.

Крыніца: Kolnegari, M, Fasano, A, Zareie, K, & Panter, C T. 2022. Opportunistic depredation of songbird nestlings by female praying mantids (Mantodea: Mantidae). Ecology and Evolution 12.12: e9643. DOI: https://doi.org/10.1002/ece3.9643

Паводле www.birguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак звычайнага багамола Сяргея Чарапіцы

 

 

На гэтую тэму:

На Гарадзеншчыне знойдзена першая ў Беларусі лічынка багамола?

Пацяпленне клімату не стаіць непасрэдна за змяншэннем папуляцый пералётных вераб’іных птушак