24 гадзіны ў ‘гонцы за птушкамі’ разам з 2500 іншымі яе ўдзельнікамі, або погляд на DDA-Birdrace

У пазамінулую суботу, 6 мая, адбыўся чарговы агульнанямецкі Birdrace. Я удзельнічаў у гэтым мерапрыемстве ўжо другі год запар. Напэўна нашым чытачам, а асабліва тым, хто цікавіцца ці ўдзельнічае ў беларускім Birdrace, будзе цікава даведацца як гэта выглядае ў Германіі. На жаль, пра мінулагодні досьвед удзелу ў гэтым цікавым мерапрыемстве распавесці не атрымалася, таму выпраўляюся цяпер.

Нямецкі Birdrace у многім адрозніваецца ад беларускага. Але ёсць і агульнае - нямецкі Birdrace, гэтак жа як і беларускі, распачаў сваю гісторыю 20 гадоў таму. Таму сёлета тут адбыўся юбілейны, 20-ы Birdrace, а беларусаў, спадзяюся, 20-ы Birdrace чакае ў верасні.

Асаблівасці

Арганізатарам Birdrace ў Германіі з’яўляецца Асацыяцыя нямецкіх авіфауністаў (Dachverband Deutscher Avifaunisten (DDA). Гэта адна са шматлікіх тут грамадскіх экалагічных арганізацый, якая аб’ядноўвае 16 федэральных, а таксама шматлікія рэгіянальныя і мясцовыя НДА, што займаюцца авіфауністыкай – то бок вывучэннем відавога складу і размяшчэння птушак. Дарэчы, асацыяцыя мае цікавы дэвіз: “Падлічваем – ведаем – ахоўваем” (ZählenWissenSchützen). То бок, яе галоўная мэта - ахова прыроды на аснове лепшых ведаў пра птушак.

Нямецкі Birdrace доўжыцца 24 гадзіны і пачынаецца апоўначы. Арганізатары прапануюць два варыянты ўдзелу: “Класічны” і „Flexibel“. У першым варыянце каманда складаецца з 2-5 чалавек і загадзя акрэслівае рэгіён, у якім будзе праводзіць свае назіранні - гэта можа быць як федэральная зямля, так і нейкі раён, альбо іншая адміністратыўная адзінка, а чальцы каманды павінны трымацца побач. Від залічваецца, толькі калі ня менш за 2 чальцы каманды адзначылі яго. У другім варыянце ўдзельнічаць можна як аднаасобна, так і ў камандах да 4 чалавек. Пры гэтым чальцы каманды не мусяць знаходзіцца разам. Яны могуць быць на любой адлегласці адзін ад аднога, нават у розных раёнах ці федэральных землях. Усе віды, якія адзначылі асобныя чальцы такіх каманд, аўтаматычна дадаюцца ў агульны спіс відаў каманды.

Ключавыя ж правілы падобныя да нашых. Напрыклад, забаронена выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі для прываблівання птушак, а таксама іх адлоў. Але дазволена выкарыстоўваць праграмы для вызначэння птушак па галасах. Пры гэтым, па магчымасці, трэба ўпэўніцца ў правільнасці вызначэння віду візуальна. Таксама забараняецца палохаць птушак. У нямецкіх правілах няма так званых рэпрэсіўных пунктаў пра адхіленне, кантроль і гд., як няма і журы. Для падвядзення вынікаў (і не толькі) існуе адмысловы сайт - https://birdrace.dda-web.de з вялікай колькасцю інфармацыі, як арганізацыйнай, так і статыстычнай. Лічбаў там вельмі шмат і па адзначаных відах, і па удзельніках за ўсе гады, пачынаючы з 2004.

Для удзелу ў нямецкім Birdrace спачатку трэба зарэгістравацца на гэтай старонцы. Пасля заканчэння спаборніцтваў, а пры жаданні нават пад час іх, на гэтай жа старонцы, у адмысловай табліцы, самастойна заносяцца віды, якія вы убачылі ці пачулі. І гэта ўсё, што датычыцца фіксацыі і кантролю вынікаў. Праграма самастойна вызначыць вынік і вашай, і усіх іншых каманд.

Некаторыя лічбы

Колькасць удзельнікаў у нямецкім Birdrace уражвае! У сёлетнім чэмпіянаце удзельнічала амаль 2,5 тысячы чалавек, усяго было 863 каманды. У мінулым годзе ўдзельнікаў было яшчэ больш – 2666 удзельнікаў пры меншай колькасці каманд - 855. Але так было не заўсёды. Першыя гады ўдзельнікаў было некалькі сотняў і да сотні каманд. Але ўжо з 2016 году колькасць удзельнікаў штогод перавышае тысячу чалавек і хутка павялічваецца. З гэтай тэндэнцыі выпаў толькі першы пандэмічны год – 2019, калі колькасць удзельнікаў была 551 чалавек. Але ўжо ў наступны, калі правілы былі адаптаваны да умоў пандэміі, стала ўжо 1747 удзельнікаў. Думаю, што менавіта з’яўленне другога, так званага „Flexibel“ (пластычнага) варыянта ўдзелу, значна павялічыла цікаўнасць людзей да нямецкага Birdrace.

Яшчэ адна ‘тутэйшая’ асаблівасць - вялікая колькасць “экалагічных” удзельнікаў, якія для перамяшчэння пад час спаборніцтваў выкарыстоўваюць адпаведныя віды транспарту (часцей за ўсё ровар, але таксама і грамадскі транспарт), альбо ўвогуле перамяшчаюцца пешшу. За апошнія 10 год такіх у сярэднім каля паловы ад усіх удзельнікаў.  

мапа

Размяшчэнне каманд і асобных удзельнікаў гонкі за птушкамі ў 2023 годзе, большыя памерам кружкі азначаюць большую колькасць удзельнікаў у дадзеным рэгіёне. Паводле www.dda-web.de

Мой DDA-Birdrace

Як я ўжо пісаў, я удзельнічаю ў DDA-Birdrace ўжо другі год запар. Але першыя ўражанні, як вядома, самыя яркія. Таму, апавядаючы пра мой досьвед удзелу, буду выкарыстоўвываць уражанні як гэтага, так і мінулага году. Мой удзел у DDA-Birdrace быў экалагічны – перасоўваўся я на ровары, пешшу і на цягніку.

Аснова паспяховага ўдзелу ў любым мерапрыемстве – гэта падрыхтоўка да яго. Таму, асабліва ў мінулым годзе, рыхтаваўся я да ‘гонак за птушкамі’ сур’ёзна. Грайсвальд (дзе мы з сям’ёй жывем) і яго ваколіцы, як і ўся Германія, мясціны для мяне амаль зусім новыя, таму трэба было прынамсі пазнаёміцца што і дзе тут знаходзіцца. Зараз, з дапамогай розных рэсурсаў у інтэрнэце, і асабліва Google Earth, гэта значна прасцей. Але насамрэч гэта такі вельмі павярхоўны погляд. Бо для планавання маршруту пад час Birdrace, асабліва калі перамяшчаешся на ровары, трэба ня толькі ведаць дзе можна будзе наведаць той ці іншы біятоп, але таксама ці ёсць там патрэбныя віды птушак і як туды найхутчэй даехаць ці дайсці.

Калі зірнуць на ваколіцы Грайсвальда ў тым жа Google, то здаецца, што для назірання птушак там шыкоўныя мясціны! Ёсць мора, вялікія бухты, даволі вялікія рэкі з шырокімі поймамі і шматлікімі ці то сажалкамі, ці то вадасховішчамі, шмат адкрытых мясцін (пераважна палеткі, але і лугі на асушаных тарфяніках), невялічкія вёскі з сельскагаспадарчымі пабудовамі, ну і ў рэшце рэшт ёсць лес. Так яно ўсё і ёсць на самай справе - месцы шыкоўныя. Але іншая справа проста назіраць за птушкамі. І зусім іншая - ўбачыць ці пачуць іх як мага больш за пэўны адрэзак часу, нават калі гэта 24 гадзіны!

Улічваючы шматлікія водныя аб’екты рознага тыпу, палічыў што з каляводнымі птушкамі напэўна праблемы ў мяне ня будзе. Таму, пад час планавання маршруту яшчэ ў мінулым годзе, больш засяродзіўся на пошуку цікавых для разнастайнасці птушак лясоў рознага тыпу. І на працягу мінулагодняга красавіка, пасля некалькіх рэкагнасцыровачных выездаў, распрацаваў сабе добры маршрут. Таму у гэтым годзе напярэдадні гонкі заставалася толькі праверыць некаторыя мясціны – ці ёсць там патрэбные віды…

мапа

У гэтым годзе, у адрозненне ад мінулага (калі была пагода), прагноз надвор’я не абяцаў нічога добрага. Ад 5 раніцы, у дзень спаборніцтваў, па ўсёй Заходняй (альбо Пярэдняй) Памераніі павінен быў распачацца дождж. Ды яшчэ з моцным ветрам, які, з рэшты, звычайная з’ява для гэтага рэгіёну. Прагноз не падмануў і дождж, як распачаўся крыху ‘са спазненнем’, працягваўся да 17 гадзіны. Калі узмацняўся дождж, то крыху слабеў вецер, а калі ўзмацняўся вецер, то крыху слабеў дождж. І гэта быў першы пазітыў ад над’вор’я. Другі пазітыў – гэта калі вецер, пад час перамяшчэння па маршруце, быў спадарожным і добра падпіхваў мяне на ровары ў спіну. Тады па добрай дарозе імчыш, аж у вушах гудзе - што прыемна для перасоўвання, але ня вельмі добра для назіранняў за птушкамі, бо нічога не чуеш) Але, як вядома, не бывае дрэннага надвор’я, бывае неадпаведная вопратка. А з апошняй у мяне было ўсё ў парадку. Маршрут быў запланаваны так, каб мінімізаваць перамяшчэнне супраць ветру і больш рухацца з яго дапамогай - для гэтага я скарэктаваў мінулагодні маршрут. Адзінае, што засталося непазбежным – гэта кроплі дажджу на оптыцы. Як ні хавай яе пад вопратку, час ад часу яе трэба даставаць.

 краявід

У мінулым годзе я пачаў гонку апоўначы. Але, шчыра кажучы, да раніцы, акрамя малога пагоніча (Porzana pusilla), ніякіх відаў, якіх бы не сустрэў пазней, я тады не адзначыў. З совамі таксама не пашанцавала, хаця і мясціны для іх былі добрыя. Таму ў гэтым годзе, улічваючы надвор’е, стартаваў на досьвідку. Дождж крыху затрымаўся, а вецер перад пачаткам дажджу крыху суцішыўся, таму першыя 2 гадзіны мой спіс хутка папаўняўся ляснымі і сінантропнымі відамі.

Нават дождж, які пачаўся каля 6 гадзіны раніцы, не сапсаваў настрой, бо птушкі заставаліся актыўнымі. Першым расчараваннем стаў першы ж важны каляводны пункт, Вампен (54° 8'0.45"С 13°25'50.23"В). Гэта марское узбярэжжа з даволі вялікімі пясчанымі мялізнамі. Тут заўсёды можна сустрэць як марскія віды, так і іншыя каляводныя. У мінулым годзе я адзначыў тут больш за 10 відаў, якіх не сустрэў у іншых месцах маршруту. У гэтым годзе, відаць, моцны усходні вецер не спрыяў птушкам, таму Вампен аказаўся пусты. Прынамсі калі я яго наведаў. Але наперадзе было яшчэ шмат водных і каляводных экасістэм і таму, ня вельмі засмучаны, я рушыў далей. Па дарозе адзначыў амаль ўсё, што планаваў сустрэць у гэтых мясцінах з некаляводных птушак. Наступны прыпынак – затопленыя польдеры ракі Рык (54° 6'4.24"С 13°24'52.85"В). І зноў расчараванне: з сеўкавых – толькі кулік-селянец (Tringa nebularia) і зусім трошкі вадаплаўных. Таму Грайсвальд і ваколіцы я пакідаў каля 12 гадзін з прыкладна 80 відамі ў спісе, хаця планаваў мець у гэты час ужо ня менш за 100 відаў.

краявід

Далей, згодна з планам, трэба было перамясціцца на цягніку ў наваколле вёскі Духероў, адтуль ехаць на ровары да вёскі Бугевіц і далей, па добраму ровароваму шляху на поўнач, да поймы ракі Піна і ўздоўж яе. Там мяне чакала і адкрытая вада, і зарасці надводных макрафітаў, і мёртвы лес з аднога боку, і вялікія лугі на месцы асушаных балот з другога. Карацей – мясціны для водных і каляводных птушак ідэальныя. Але, на жаль, ранейшая тэндэнцыя захавалася – хацелася нашмат большай відавой разнастайнасці. Было шмат шэрых гусей (Anser anser), лебедзяў-шыпуноў (Cygnus olor), качак-цыранак (Anas crecca), чубатых ныркоў (Aythya fuligula), качак-лапаносак (A. clypeata), але і шмат каго яўна не хапала. У рэшце рэшт, толькі ў адным месцы, на тарфяных выспах, адзначыў каля 10 відаў кулікоў.

краявід

Дарэчы, як і ў мінулым годзе, і ў гэтым ровар не вытрымаў і зламаўся. У мінулы раз на ім парваўся ланцуг. У гэты, пасля спробы праехаць па вельмі дрэннай, засыпанай жвірам дарозе-дамбе, адмовіліся працаваць усе перадачы, акрамя 1 і 2. Таму добры кавалак дарогі па дамбе, даўжынёй у 6 км, давялося ісці пешшу. Але для майго спісу гэта атрымалася нават добра, бо менавіта там я дадаў больш за 15 відаў. Аднак далейшая хуткасць перамяшчэння знізілася і ў дадатак аднастайныя ваколіцы з аднастайнымі відамі птушак не спрыялі добраму настрою. Таму, калі з поймы павярнуў у бок горада Анклам, настрой палепшыла тое, што вецер нарэшце дзьмуў у плечы.

птушкі

А праз некалькі хвілін пачаліся і новыя віды: спачатку скапа (Pandion haliaetus) на гняздзе на ЛЭП, потым – гуменная стрынатка (Miliaria calandra), гракі (Corvus frugilegus), сарока (Pica pica). У мінулым годзе з імі не было праблемы, а сёлета я змог іх адзначыць толькі пасля 19:00. Апошнім пунктам на маім маршруце былі ачыстныя збудаванні у пойме Піны каля гораду Анклам (53°51'32.08"С 13°43'52.52"В). Але, на жаль, і тут кулікоў я ў спіс не запісаў. Ужо начныя шпацыры уздоўж зарослай трыснягом поймы Піны таксама не дадалі новых відаў.

краявід

Вынікі

Вынікі ў гэтым годзе, як па ўсёй Няметчыне, так і ў маім рэгіёне (Vorpommern-Greifswald) былі крыху горшыя, хаця агулам усімі ўдзельнікамі Гонкі адзначана больш відаў – 338. Але і па асобным федэральным землям, і пераможцы адзначылі менш відаў, чым у мінулым годзе. У спісе пераможцы аказаліся 160 відаў. Сярод раварыстаў найбольш птушак адзначыла каманда Corvus delicti – 157, якая спаборнічала як раз у маім рэгіёне.

Мой вынік аказаўся горшы за мінулы год – 126 відаў, тады як год таму ў маім спісе было 134 віды. Параўнанне вынікаў паказвае, што каманды з майго рэгіёну з найлепшым вынікам з групы каляводных і вадаплаваючых птушак, адзначылі на 20 відаў больш за мяне. Менавіта па каляводным птушкам я прайграў усім камандам, якія адзначылі больш за 120 відаў у рэгіёне Vorpommern-Greifswald. То бок віды гэтыя тут былі, але я не знайшоў іх, бо не наведаў адпаведныя месцы. Крыху здзівіла мяне ў выніках канкурэнтаў тое, што ім пад час вельмі ветранага надвор’я практычна на працягу ўсіх спаборніцтваў ўсё ж удалося адзначыць 3 віды соў. Пэўна, трэба было ведаць дзе яны днююць ці маюць гнёзды.

 

Рэфлексія

Галоўнае – трэба ведаць дзе і каго шукаць. Асабліва гэта датычыцца вадаплаўных і каляводных птушак. У тым ліку і з улікам надвор’я. Мала ведаць і наведаць ўсе адпаведныя біятопы, бо не на кожнай сажалцы ці не ў кожнай затоцы будзе той ці іншы від. Вадаёмаў тут шмат, таму ў птушак вялікі выбар. І, вядома, яны могуць мяняць сваё месца знаходжання.

Не бывае дрэннага надвор’я, калі ты добра падрыхтаваны: маеш адпаведнае адзенне і стратэгію, нават калі перасоўваешся на ровары.

24 гадзіны - гэта і шмат, і не. Калі ты на ровары і ў пэўным сэнсе абмежаваны ў магчымасцях перамяшчацца на вялікія адлегласці, ёсць “мёртвыя гадзіны”. Гэта з 00 да 04, а таксама з 22 да 00. Калі ў цемры, у маі, птушкі неактыўныя, альбо актыўна вельмі мала відаў.

Амаль 2,5 тысячы удзельнікаў сёлетняга нямецкага Бёрдрэйсу – гэта шмат. Але ж гэта па ўсёй Германіі. А на самай справе разумееш наколькі сапраўды тут шмат назіральнікаў птушак па сустрэчах з імі. У мінулым годзе на сваім маршруце я сустрэў каля 100 бёрдуотчараў, прычым былі каманды з удзельнікамі рознага узросту і складу. Былі і сямейныя, і пераважна з больш сталых людзей, і моладзевыя, і жаночыя, і мужчынскія, і змешаныя каманды. Мясцовыя і з ‘легіянераў’ (замежнікаў), але амаль усе былі на роварах. У гэтым годзе удзельнікаў сустрэў менш, мо колькі дзесяткаў. Але ўсе таксама круцілі педалі: дарослыя, моладзь, дзеці, сямейныя пары…

У сённяшніх абставінах мо і ў нас у Беларусі варта разнастаіць магчымасці ўдзелу ў Birdrace. Захаваўшы класічны варыянт, дадаць і больш пластычны, нешта накшталт нямецкага „Flexibel“. Было б добра і распрацаваць адмысловую старонку для удзельнікаў. Гэта б аблегчыла б і працу журы, бо ім не трэба будзе перапісваць віды з фота спісаў…

А мне трэба і далей вывучаць ваколіцы, шукаць цікавыя для птушкавання мясціны…

 

Андрэй Абрамчук, неаднаразовы чэмпіён Беларусі па спартыўнай арніталогіі, для сайта “Птушкі штодня

Здымкі аўтара

На верхнім здымку каманда „AHardDaysBird“ з www.dda-web.de

 

 

На гэтую тэму:

Еўропа ў пагоні за птушкамі

Каманда “Крапіўнікі” («Troglodytes») перамагла ў BirdRace-2022 з рэкордным вынікам + Табліца з відамі птушак за ўсе гады Чэмпіянатаў

Першы польскі BirdRace

Birdwatching Rally „Сuronian Lagoon-2018”: белорусский взгляд

 

Comments