Птушаняты лескі-швачкі мімікруюць змеяў каб адпужнуць драпежнікаў ад гнязда

Мімікрыя - шырока распаўсюджаная з’ява ў розных таксонах жывёл, аднак гукавая ці акустычная мімікрыя нашмат менш вядомая і даследаваная ў параўнанні з візуальнай. Таму вельмі цікава, што міжнародная каманда даследчыкаў пацвердзіла незвычайныя абарончыя паводзіны птушанят лескі-швачкі (Cisticola juncidis).  

Пад час правядзення палявых даследаванняў у Гамбіі аказалася, што пры набліжэнні драпежніка да гнязда птушаняты ў ім шыпяць як некаторыя мясцовыя віды змеяў і гэта дапамагае ім не выглядаць лёгкай здабычай.

Шыпенне як гукавая мімікрыя пад змеяў дагэтуль была добра вядомая толькі на прыкладзе некаторых птушак-дуплагнёзднікаў, напрыклад некаторых відаў сініц. А трусіныя сычы (Athene cunicularia), якія гняздуюць у адкрытым ландшафце ў норах, могуць выдатна капіраваць своеасаблівае патрэскванне - гук-папярэджанне грамучай змяі. Аднак упершыню атрымалася паказаць гукавую мімікрыю пад змяю у віда, які гняздуе ў адкрытых гнёздах.

Clive Barlow, даследчык з Birds of The Gambia і першы сааўтар публікацыі па выніках даследавання сказаў: "Пасля таго, як я прачытаў паведамленне 1968 года пра шыпенне змяёй птушанят лескі-швачкі ў Паўднёвай Афрыцы, мы былі вельмі задаволеныя тым, што змаглі запісаць падобныя гукі на гняздзе гэтага віда ў Заходняй Афрыцы. І гэта адзіны вядомы нам прыклад мімікрыі пад змяю ў птушак з адкрытага гнязда. Цяпер было б цікава даведацца ці выкарыстоўваюць лескі-швачкі з іншых частак свайго вялікага арэалу – напрыклад, з Еўропы ці Азіі – падобныя паводзіны”.

Крыніца: Barlow, C R, Liu, J, Xia, C, & Lang, W. 2023. Snake-like hissing calls made by nestlings of the open nesting zitting cisticola Cisticola juncidis. Ethology Ecology & Evolution. DOI: https://doi.org/10.1080/03949370.2023.2213206

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://singaporebirds

 

На гэтую тэму:

Знойдзена міжвідавая мімікрыя сярод дзятлаў

Глядзі за суседзямі – можа яны не тыя, на каго падобныя?

Зязюлі мімікруюць пад шулякоў

Сініцы ўяўляюць канкрэтную небяспеку пасля спецыяльнага голасу трэвогі

Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх

Вусень, які крычыць: “Воўк!”

Карысныя здольнасці дронга, або як птушкі дураць звяроў