Вусень, які крычыць: “Воўк!”

Ужо нейкі час вядома, а колькі гадоў таму і даказана эксперыментальна, што вусень бражніка-сфінкса грэцкага арэха (Amorpha juglandis) хаця і выглядае лёгкай здабычай для птушак, насамрэч можа эфектыўна сябе бараніць: у адказ на напад, ён пачынае гучна свісцець. Дагэтуль думалі, што менавіта сіла гука і нечаканасць адпужвае ад яго ворагаў-птушак. Аднак цяпер атрымалася паказаць, што вусені выдатна імітуюць гукі трэвогі птушак і таму так эфектыўна дзейнічаюць на іх!

Нечаканыя вынікі былі прадстаўлены камандай амерыканскіх даследчыкаў з універсітэту Вашынгтона на Міжнародным сімпозіуме па акустычнай камунікацыі жывёл (International Symposium on Acoustic Communication by Animals) у Амаха. “Атрымліваецца, што гэта не толькі адзіны вядомы выпадак абароны насякомых з дапамогай гукаў ад птушак, але і новая форма абароны для безхрыбетных увогуле” – сказала Джэсіка Ліндсэй (Jessica Lindsay), сааўтарка работы і аспірантка.

Калі дакрануцца да вусеня, ён пачынае свісцець, сціскаючы цела – паветра выходзіць праз спецыяльныя адтуліны па баках. Гучнасць свісту нечакана вялікая і дасягае 80 Дб на адлегласці 5 см ад вусеня. Вусені могуць свісцець ад 1 да 8 разоў працягласцю ад 44 да 2060 мс. У лабараторных эксперыментах у 2011 годзе было паказана, што птушкі ў адказ на свіст адпрыгваюць і застаўляюць вусеняў у спакоі.

 

 c

Аднак менавіта Ліндсэй звярнула ўвагу на тое, што свіст вусеняў быў вельмі падобны да гукаў “сііт” многіх дробных відаў птушак, якія яны выдаюць у выпадку небяспекі. Звычайна такі свіст гучыць і ўспрымаецца падобна ў многіх відаў і з’яўляецца папярэджвальным пра з’яўленне недзе побач драпежнай птушкі. Каб пазбегнуць непрыемнай для іх сустрэчы з драпежнікам, птушкі стараюцца схавацца недзе побач у густой лістоце.

Каб праверыць сваю гіпотэзу, Ліндсэй запісала свіст вусеня, а потым правярала яго дзеянне на чорнагаловых сініцах (Poecile atricapillus) і мексіканскіх уюрках (Haemorhous mexicanus), якія прыляталі харчавацца на птушыныя сталоўкі. Для параўнання выкарыстоўваліся запісы свістаў небяспекі саміх чорнагаловых сініц, а таксама запісы песняў мексіканскіх уюркоў. Акрамя гэтых відаў, на сталоўках сустракаліся і іншыя дробныя вераб’іныя.

Запісы прайграваліся рандомна і рэакцыя на іх птушак запісвалася на відэа, як і за 2 хвіліны перад пачаткам прайгравання і 5 пасля іх.

Птушкі ніяк не рэагавалі на запіс песні уюркоў. Аднак на свіст вусеня і гукі небяспекі сініц усе віды рэагавалі падобна – або ў нерухомасці заміралі, або стараліся адляцець са сталоўкі і схавацца, а таксама самі пачыналі падаваць сігналы трывогі.

Такім чынам было паказана, што вусені выдатна імітуюць папярэджанне пра небяспеку сваіх галоўных ворагаў.

Крыніца:

J. Lindsay, E. Greene,“Whistling caterpillars mimic the alarm calls of their predators,” International Symposium on Acoustic Communication by Animals, 2017.

Паводле www.the-scientist.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.jeb.biologists.org

 

 

На гэтую тэму:

Крылы чубатых галубоў утвараюць гукі трывогі

У птушак апісаны разнастайныя крыкі трывогі

Сенсацыйнае адкрыццё: птушкі могуць камунікаваць падобна да людзей

Для каго крычаць птушкі?

Карысныя здольнасці дронга, або як птушкі дураць звяроў

Дарвін памыліўся ў адносінах да здольнасцяў птушак

Як некаторыя птушкі паспяхова выкарыстоўваюць метады мафіі