Знойдзена міжвідавая мімікрыя сярод дзятлаў

Быць невялікім сярод нашмат большых дзятлаў цяжка. Найлепшыя месцы для гнездавання разбіраюцца буйнейшымі відамі, а з найлепшых для харчавання дрэваў яны праганяюць меншых па памерах канкурэнтаў. Аднак адзін невялікі дзяцел знайшоў выйсце: знешне ён выглядае вельмі падобна да двух сваіх канкурэнтаў і яны прыймаюць яго “за свайго”. Да такіх высноваў прыйшлі навукоўцы ў артыкуле, апублікаваным у часопісе The Auk: Ornithological Advances.

Шаломаносная жаўна, або дзяцел Нelmeted woodpecker (Dryocopus galeatus) жыве ў атлантычным лесе Паўднёвай Амерыкі разам з паласатай (D. lineatus) і чырвонагаловай жаўной (Campephilus robustus), якія абодва ў больш чым два разы цяжэйшыя за galeatus. Аднак тое, што ён не можа параўнацца адпаведнымі памерамі яшчэ мала што значыць, бо меншы від мае дакладна такую ж чырвоную галаву, чорную спіну і паласаты ніз цела як яго большыя канкурэнты.

“З-за гэтага шаломаносны дзяцел мае прывілей харчавацца на той самай тэрыторыі, што і віды, якія ён мімікруе, таму што канкурэнты не праяўляюць агрэсію да яго” – сказаў Марк Робінс (Mark Robbins), арнітолаг з University of Kansas Biodiversity Institute.

Аднак невялікі дзяцел паспяхова падманвае не толькі суродзічаў, але і арнітолагаў.

“Гэты дзяцел вельмі падобны да іншых. У 1980-я гады выйшла манаграфія “Дзятлы Свету”, якая на аснове музейных скурак аценьвала сувязі паміж рознымі групамі гэтага атраду, дзе ён быў аднесены ў род жоўнаў Dryocopus”.

Падчас палявога выезду на арніталагічнай канферэнцыі 2010 году ў Сан Паўла (Бразілія), Робінс з калегамі змог больш за гадзіну назіраць за шаломаносым дзятлам у прыродзе і пасля гэтага ўпэўніўся, што від напэўна не з’яўляецца сапраўдным прадстаўніком роду Dryocopus і павінен быць перанесены ў іншы род.

Пасля гэтага Робінс разам з калегамі: Брэтам Бэнцам (Brett Benz) з American Museum of Natural History і Кевінам Ціммерам (Kevin Zimmer) з Los Angeles County Museum, вырашыў праверыць генетычнае падабенства невялікага дзятла да іншых відаў. Вынікі паказалі, што найбліжэйшым да яго з двух сімпатрычных відаў ёсць паласаты дзяцел, аднак і ён параўнальна далёкі. Таму даследчыкі прапанавалі перанесці мімікруючы від у род Celeus. Менавіта да прадстаўнікоў гэтага роду шаломаносы дзяцел аказаўся найбольш падобны генетычна.

Працяглыя палявыя назіранні пацвердзілі здагадку аб эфектыўнасці мімікрыі: ўсе тры віды харчуюцца ў падобных ці тых самых біятопах, але на такой адлегласці, што розніца ў памерах не ўспрымаецца крытычнай, а афарбоўка ў іх вельмі падобная.  

Шаломаносны дзяцел насяляе некалі вялізарны па плошчы, а цяпер адзін з найбольш пагражаемых тыпаў лесу - Mata Atlântica, які раней быў расцягнуты па ўсяму атлантычнаму ўзбярэжжу Бразіліі і заходзіў у глыб Парагвая. Аднак цяпер паводле розных ацэнак ад лясоў гэтага тыпу засталося толькі ад 3,5 да 10% ранейшай плошчы. Тут жывуць многія эндэмічныя і рэдкія віды жывёл, сярод іх і шаломаносны дзяцел мае статус Ўразлівага (Vulnerable) паводле класіфікацыі МСАП (IUCN).

Крыніца:

Benz, B. W., Robbins, M. B., & Zimmer, K. J. (2015). Phylogenetic relationships of the Helmeted Woodpecker (Dryocopus galeatus): A case of interspecific mimicry?. bioRxiv, 023663.

Паводле www.news.mongabay.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На фота дарослыя самцы (A) Dryocopus galeatus, (B) Dryocopus lineatus erythrops і (C) Campephilus robustus. Вельмі падобны знешне, D. galeatus важыць менш, чым палова D. lineatus або C. robustus і на 22 і 25% мае меншую даўжыню адпаведна двум відам-канкурэнтам. Здымак www.news.ku.edu

 

На гэтую тэму:

ГЛЯДЗІ ЗА СУСЕДЗЯМІ – МОЖА ЯНЫ НЕ ТЫЯ, НА КАГО ПАДОБНЫЯ?

НОВЫ ВІД ПТУШАК, ЯКІ МІМІКРЫРУЕ ПАД ЎЖО ВЯДОМЫ, АПІСАНЫ Ў БРАЗІЛІІ

ЯК НЕКАТОРЫЯ ПТУШКІ ПАСПЯХОВА ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЬ МЕТАДЫ МАФІІ

ЭНДЭМІЧНАЯ ПЛІСКА І СВІРСТУН ВЫГЛЯДАЮЦЬ НЕПАДОБНА ДА СВАІХ КРЭЎНЫХ

 

 

Comments

Ананім (госць) - 24.09.2015 - 13:40

не вельмі зразумела сутнасць мімікрыі і паводзіны дзятлаў, так як звычайна дзятлы і іншыя птушкі адганяюць як канкурэнтаў птушак свайго віду, так як птушкі свайго віду маюць тую ж эканішу. Здаецца тут нешта іншае павінна быць. Трэба вывучаць.ав

Згодны - звычайны самцы найбольш ахвотна адганяюць самцоў свайго віду, а не чужога. Але пераклад перадае сэнс арыгінальнага артыкулу і каментараў адкрыўцаў у ім.