Упершыню даказана, што вераб’іныя птушкі - акрамя невялікай колькасці звяроў – уяўляюць канкрэтны тып драпежніка ў адказ на спецыфічны сігнал трывогі. "Асцярожна! Змяя!” – калі людзі чуюць гэта, то стараюцца ўбачыць змяю побач і нейкім чынам пазбегнуць яе ўкуса. У нашым успрыяцці канкрэтнае слова “ўключае” канкрэтны вобраз небяспекі нават калі мы насамрэч яго (яшчэ) не бачым.
Доўгі час меркавалася, што гэтая магчымасць уласціва толькі людзям і іншым малпам. Цяпер паказана, што як мінімум некаторыя віды птушак таксама маюць падобную. Даследаванні, праведзеныя на японскай сініцы (Parus minor) даказалі, што пасля спецыфічнага крыку трэвогі гэтыя птушкі ўяўляюць канкрэтнага ворага і адпаведным чынам рэагуюць на сваё ўяўленне.
"Японскія сініцы спецыфічна крычаць толькі на адзін тып драпежніка - змяю” – кажа Тошытака Судзукі (Toshitaka Suzuki) з цэнтру экалагічных даследаванняў універсітэту Кіота (Kyoto University), аўтар публікацыі.
Выкарыстоўваючы запісы крыкаў трывогі сініц і грубую імітацыю змяі ў выглядзе кавалка галіны дрэва, даследчык ўбачыў, што птушкам дастаткова спецыфічнага сігналу “Змяя!”, каб яны ўспрынялі кавалак галінкі за сапраўдную небяспеку ў выглядзе рэальнай рэптыліі.
У доследзе пасля прайгравання спецыфічнага сігналу трэвогі сініц на змеяў, па ствалу дрэва або па зямлі цягнулі прывязаную вяроўкай абломаную галіну. Аказалася, што птушкі не рэагуюць на яе калі прайграваць ім іншыя крыкі трэвогі або калі яе рухі былі непадобныя на рухі рэальнай змяі. "З уяўленнем змяі сініцы могуць эфектыўна шукаць яе недзе навокал і тым самым зменшыць рызыку яе драпежніцтва” – сказаў Судзукі.
Аднак пасля “праверкі” рухомай галіны дрэва, птушкі не завісалі больш над ёй як над сапраўднай змяёй бо разумелі, што гэта не яна.
Рэакцыя птушак на сігнал пра змяю была спецыфічнай у залежнасці ад іх месцазнаходжання. Калі яны чулі запіс у дупле, то выляталі з яго каб не быць засцігнутымі знянацку, калі ж знаходзіліся побач з гняздом, то спускаліся ніжэй і прыглядаліся магчымаму драпежніку на зямлі пад гнездавым дрэвам.
Такім чынам, унікальных здольнасцяў чалавека і чалавекападобных малпаў засталося яшчэ менш.
Крыніца:
Alarm calls evoke a visual search image of a predator in birds, PNAS (2018).www.pnas.org/cgi/doi/10.1073/pnas.1718884115
Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Сенсацыйнае адкрыццё: птушкі могуць камунікаваць падобна да людзей
У птушак апісаны разнастайныя крыкі трывогі
Шэрыя вароны аказаліся не глупейшымі за чалавека
Крумкачы паспяхова прайшлі тэст на планаванне будучыні
Як дзеці: новакаледонскія крумкачы і папугаі кеа вучацца, гуляючы
Здольнасці папугаяў да імітацыі дапамагаюць ім усталёўваць індывідуальны кантакт
ЧАМУ ЕЎРАПЕЙСКІЯ ПТУШКІ СПЯВАЮЦЬ НА ЗІМОЎЦЫ Ў АФРЫЦЫ?
Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ