Розныя віды драпежных птушак, у тым ліку арлы, арланы і шулякі, маюць характэрыстычныя ‘броўныя дугі’, якія параўнальна моцна выступаюць над вачыма і надаюць іх уладальнікам суворы выгляд. Яны ўтвараюцца дзякуючы спецыяльным костным вырастам, якія называюца processus supraorbitalis і яўна не з’яўляюцца ‘упрыгожваннямі’.
Лічыцца, што асноўная функцыя гэтых броўных дугаў - ахова вачэй ад галінак пад час паляванняў у лесе і нівеліяванне водбліскаў сонца на сятчатцы, што дазваляе падтрымліваць высокую распазнавальную здольнасць вока. Аднак ахоўвываць вочы трэба не толькі ад галінак, але і ад здабычы, якая можа актыўна супраціўляцца. А ўсе гэтыя віды драпежных птушак таксама аб’ядноўвае тое, што яны забіваюць дзюбай.
Аднак такі костны выраст таксама мае свае адмоўныя бакі. І самым асноўным ёсць ‘мёртвае поле’ для зроку спераду, над дзюбай. Магчыма таму ў некаторых груп птушак з падобнымі паводзінамі пад час эвалюцыі processus supraorbitalis зніклі - напрыклад, у соваў.
Няма броўных дугаў і ў некаторых прадстаўнікоў атраду Шулякападобных (Accipitriformes). Гэта скопы (Pandionidae), кондары (Cathartidae) i лунёвы шуляк (Polyboroides typus). Група навукоўцаў вырашыла параўнаць розныя паказчыкі зроку прадстаўнікоў гэтага віду з блізкімі відамі і была здзіўлена атрыманымі вынікамі.
Лунёвы шуляк - даволі шырокараспаўсюджаны амаль па ўсёй Афрыцы на поўдзень ад Сахары, на Мадагаскары жыве падобны, блізкі від - мадагаскарскі лунёвы шуляк. Хаця на першы погляд гэтыя драпежныя птушкі не адрозніваюцца ад іншых нічым спецыяльным, насамрэч гэта не так. Бліжэйшымі сучаснымі крэўнымі лунёвых шулякоў аказаліся прадстаўнікі не зусім тыповых грыфаў і сіпаў з падсямейства Gypaetinae: пальмавы арлан (Gypohierax angolensis), барадач (Gypaetus barbatus) і сцярвятнік (Neophron percnopterus).
Выразна ад іншых драпежных птушак лунёвыя шулякі адрозніваюцца параўнальна доўгімі нагамі з унікальным каленным суставам, які дазваляе ім згібаць цэўку на вугал нават 190°–205°, а таксама параўнальна невялікія стопы з кароткімі пальцамі.
Такая будова сустава і лапы дазваляе лавіць здабычу ў месцах, дзе яна звычайна недаступна для іншых драпежных птушак. Лунёвыя шулякі паспяхова абшарваюць і дастаюць насякомых, амфібій, рэптылій, грызуноў і птушанят з нор, дупел і нават добра ўмацаваных ад драпежнікаў гнёздаў.
Там, дзе гняздуюць ткачыкі (Ploceidae), гэтыя драпежныя птушкі могуць завісаць пад калоніяй, трымаючыся за яе ці галінкі побач адной лапай, а другой абшарваюць змесціва гнёзд і дастаюць яйкі ці птушанят праз уваходную для дарослых птушак адтуліну. Цікава, што перад пачаткам падобных паляванняў, лунёвыя шулякі робяць патрульныя палёты паміж кронамі дрэваў і ткачыкі іх атакуюць паблізу сваіх гнёздаў. Чым большая небяспека для патомства, тым больш актыўнымі становяцца атакі, якія падказваюць драпежніку, якія гнёзды яшчэ пустыя, а з якіх яўна ёсць што даставаць. Пасля выбара адпаведнага гнязда, лунёвыя шулякі завісаюць на ім і , не гледзячы на аткаі гаспадаоў, стараюца выцягнуць з яго жывое змесціва.
Аднак падобны спосаб палявання патрабуе шырокага поля агляду і гэта, магчыма, можа тлумачыць, чаму ў лунёвых шулякоў зніклі броўныя дугі. Дзякуючы гэтаму і негледзячы на тое, што гэты від мае прапарцыйна памерам цела самыя невялікія вочы сярод драпежных птушак, яны ж маюць і самае шырокае поле агляду сярод іх. Гэта атрымалася пацвердзіць пад час параўнання гэтага паказчыка з 18 іншымі відамі атраду Шулякападобных, у тым ліку арламі, арланамі і арламі-вужаедамі. У адрозненне ад іх, лунёвыя шулякі не маюць ‘мёртвага поля’ над дзюбай і там таксама перакрываецца карцінка з абодвух вачэй. Такім чынам, плошча бінакулярнага зроку ў гэтага віду ад 20 да 100% большая, чым у іншых відаў драпежных птушак, з якімі праводзілася яе параўнанне. Гэта дазваляе ім без павароту галавы трымаць у полі зроку атакі гаспадароў гнязда і ляток гнязда або дупла, у якое засунута нага ў пошуках здабычы.
Крыніца: Portugal, S. J.; Ozturk, R.; Murn, C. P.; Potier, S. i Martin, G. R. 2023. Anomalous binocular vision in African Harrier-hawks. Current Biology, 33 (21). https://www.cell.com/curre.../fulltext/S0960-9822(23)01232-0
Паводле Ornitofrenia падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.biolib.cz
На гэтую тэму:
Колькі птушак – столькі вачэй
У вачах валасяніц апісаны унікальныя для жывёл структуры
Грыф-індзейка – самы адчувальны да пахаў від сучасных птушак?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ