У вачах валасяніц апісаны унікальныя для жывёл структуры

Тое, што мы нават пры сучасным развіцці навукі ведаем далёка не ўсё пра важныя асаблівасці жыцця птушак, сведчыць нечаканае адкрыццё амерыканскіх навукоўцаў. Яны апісалі дагэтуль невядомыя мікраструктуры ў сятчатцы вока валасяніц, якія дапамагаюць ім сачыць за палётам насякомых і паспяхова паляваць на іх.

Аснова птушынага зроку – спецыяльныя клеткі-фотарэцэптары вачэй, якія называюцца колбачкі і палачкі сятчаткі. Большасць птушак мае каляровы зрок, які заснаваны на сістэме чатырох тыпаў колбачак, пяты тып колбачак выкарыстоўваецца для некаляровага зроку і палачкі для начнога. Кожная колбачка мае сферычную структуру, якая называецца “кропелькай алею” (oil droplet) і фільтруе святло перад тым, як яго ператвораць у электрычныя сігналы візуальныя пігменты, якія паляпшаюць каляровую разборлівасць вока.

Каманда даследчыкаў з універсітэту Purdue, універсітэту штата Нью Йорк у Пітсбургу, University of Wisconsin-Madison і універсітэту Каліфорніі у Дэвісе знайшлі зусім невядомую раней структуру ў сятчатцы валасяніц – невялікіх вераб’іных птушак, якія палююць на насякомых у паветры. Замест кропелькі алею у іх колбачках знаходзіцца клетачная структура, якая прадукуе шмат энергіі і называецца "megamitochondria" – яна акружаная сотнямі невялічкіх, афарбаваных ў аранжавы колер, кропелек. Навукоўцы назвалі новую структуру MMOD-complex: megamitochondria-small oil droplet complex, або мегамітахандрыяльна-алейна-кропелькавы комплекс.

комплекс у воку

Гэтыя структуры былі знойдзены пад час вывучэння сятчаткі валасяніц з дапамогай  мікрафотаметрыі і з выкарыстаннем светлавых і электронных мікраскопаў. Аказалася, што комплекс MMOD працуе як фільтр для святла кароткіх хваляў: ён прапускае хвалі даўжэйшыя за 565 нанаметраў, а гэта жоўты, аранжавы і чырвоны колеры, і абсарбіруе хвалі карацейшыя: зялёнага, блакітнага і фіялетавага колераў.

“У сятчатцы валасяніц таксама ёсць і колбачкі традыцыйнай будовы, але іх найбольш па краях сятчаткі, тады як комплексы MMOD знаходзяцца ў цэнтральнай частцы вока і хутчэй за ўсё дапамагаюць птушкам заўважыць наяскомых у палёце” – сказаў праф. Esteban Fernandez-Juricic з універсітэту Purdue, адзін з сааўтараў публікацыі па выніках адкрыцця.

"У сятчатцы валасяніц, якія з’яўляюцца драпежнікамі і палююць на насякомых у палёце з прысады, утварылася новая клетачная структура ў фотарэцэптарнай частцы вока, якая дазваляе ім лягчэй заўважыць, сачыць за перамяшчэннем і лавіць хуткую здабычу – такую, як насякомыя” – сказаў Fernandez-Juricic.

Галоўны аўтар публікацыі, праф. Luke Tyrrell, сказаў: “Гэтая адкрытая намі арганелла сятчаткі ў падобнай форме не была вядомая ні ў якіх іншых прадстаўнікоў хрыбетных жывёл і дапамагае гэтым птушкам бачыць свет вакол іх інакш, чым бачаць яго іншыя жывёлы”.

Крыніца:

Luke P. Tyrrell et al. A novel cellular structure in the retina of insectivorous birds, Scientific Reports (2019). DOI: 10.1038/s41598-019-51774-w

 

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак сятчаткі з размяшчэннем і выглядам комплексаў MMOD) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца пярэстай валасяніцы – Алы Эрдман

 

 

На гэтую тэму:

Рэкордны ўзрост пярэстай валасяніцы

У Еўропе жыве яшчэ адзін від валасяніц?

У валасяніц прапанавана вылучыць два новыя віды

Геномы валасяніц дапамаглі зразумець як з аднаго віду ўтварыліся два