Аргенціна - краіна самых знакамітых футбалістаў. Пра некаторых з іх нешта чулі нават тыя, хто не цікавіцца футболам. Таму не дзіўна, што каманда аргенцінскіх палеантолагаў, якую ачольваў д-р Federico Degrange, вырашыла назваць новаапісаны імі выкапневы від у гонар Lionel’а Andrés’а Messi – кондар Мессі (Vultur messii).
Новы від быў апісаны на аснове скамянелай бедранай косці (femur), якую знайшлі ў аргенцінскай правінцыі Catamarca, і яе ўзрост даследчыкі вызначылі ў прыкладна 4,8 мільёна гадоў таму (пачатак пліацэна). Такім чынам, гэта самыя старажытныя парэшткі прадстаўніка роду Vultur, якія нам вядомыя. Кондар Мессі таксама з’яўляецца другім, пасля андскага кондара (V. gryphus), прадстаўніком роду.
Андскі кондар - адна з самых вялікіх сучастных птушак, здольных да палёту: яго размах крылаў складае 2,6-3,2 метра пры масе цела ад 8 да 15 кг. Мяркуючы па памерах знойдзеннай бедранай косці, кондар Мессі меў падобныя памеры, аднак адрозніваўся дэталямі шкілета.
Апісанне новага віду кондара змяняе папярэднія ўяўленні пра эвалюцыю роду Vultur. Некаторыя даследчыкі раней сцвярджалі, што сучасны арэал андскага кондара з’яўляецца рэліктавым, а род паходзіць з нізін Паўднёвай Амерыкі. І гэта павінны былі пацверджваць выкапневыя косці нявызначных да віду прадстаўнікоў рода з усходняга ўзбярэжжа Аргентыны і Бразіліі. Аднак нядаўна прыналежнасць гэтых скамянелых парэштак была пастаўлена пад сумнеў, а адзінымі добра вызначанымі парэшткамі андскага кондара лічацца толькі тыя, што былі знойдзены з плейстацэну ў Чылі і Перу - г.зн. у Андах.
Знаходка блізкага віду кондара ў значна больш старых геалагічных слаях супадае з часам уздыму Андаў і іншых блізкіх да іх горных масіваў, а таксама з пачаткам рэгіянальнага асушэння клімату. І гэта можа азначаць, што ўзнікненне роду Vultur адбывалася адначасова з уздымам Андаў, як і эвалюцыя прадстаўнікоў роду ў гарах. Гэта таксама магло б азначаць нашмат ранейшае з’яўленне кондараў і іх відаўтварэнне ў Паўднёвай Амерыцы. Аднак каб пацвердзіць гэтыя папярэднія высновы, патрэбны новыя палеанталагічныя знаходкі.
Крыніца: Degrange, F.J.; Bonini, R.A.; Georgieff, S.M. i Ibañez, L.M. 2023. A new fossil condor (Aves, Cathartiformes) from the early Pliocene of Catamarca province, Argentina. Historical Biology www.tandfonline.com/.../10.../08912963.2023.2288612
Паводле Ornitofrenia (тэкст, здымак і рэканструкцыя знешняга выгляду кондара Мессі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Грыфы і кондары могуць змяняць стыль лунання ў кепскае надвор’е
Кондары не любяць махаць крыламі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ