Грыфы і кондары могуць змяняць стыль лунання ў кепскае надвор’е

грыф-індзейка

Вялікія драпежныя птушкі, якія не прыстасаваныя да доўгага актыўнага палёту, умеюць выкарыстоўваць невялікія турбуленцыі паветра каб заставацца недалёка ад ускрайкаў лясоў. Пра гэта кажа новае даследаванне. Навукоўцы ўжо назвалі такі стыль палёту “папраўленае лунанне” (contorted soaring).

Грыфы і кондары – як і іншыя птушкі вялікіх памераў, якія карыстаюцца тэрмікамі (патокамі ўзыходзячага над зямлёй цёплага паветра), залежаць ад структуры зямной паверхні, над якой паветра нераўнамерна праграваецца. Аднак калі паназіраць за грыфамі доўга, можна заўважыць, што яны не толькі лунаюць высока, але і на іншай, часам параўнальна нізкай вышыні

Публікацыя ў часопісе The Auk: Ornithological Advances паказвае, як амерыканскія грыфы выкарыстоўваюць нават невялікія турбуленцыі паветра, каб працягваць лунаць нават тады, калі ўмовы надвор’я не дапамагаюць утварэнню тэрмікаў. Механізм і сэнс такіх паводзінаў тлумачыцца ўпершыню.

Джулі Мэлон (Julie Mallon) з універсітэту Заходняй Вірджыніі (ЗША) і яе калегі назіралі за паводзінамі грыфаў у 13 месцах у Вірджыніі ў 2013-14 гг. Яны знайшлі, што і грыф-індзейка (Cathartes aura), і амерыканскі чорны грыф (Coragyps atratus) выкарыстоўваюць папраўленае лунанне галоўным чынам калі холадна і воблачна, а, значыць, умовы зусім не аптымальныя для тэрмікаў. Таксама вышыня палёту ў гэты час не перавышала 50 м над паверхняй зямлі. Арнітолагі лічаць, што птушкі выкарыстоўваюць невялікія турбуленцыі, якія ўтвараюцца калі гарызантальнае перамяшчэнне паветра “сутыкаецца” з краем леса або падобным бар’ерам і ўтварае немаштабныя месцы з узыходзячым патокам прыкладна на лініі ўскрайку лесу.

Разам з іншымі неінтэнсіўнымі вертыкальнымі патокамі паветра, якія птушкі адчуваюць і выкарыстоўваюць у выпадку адсутнасці тэрмікаў, грыфы могуць значна павялічыць час лунання і пошуку ежы без страты вялікай колькасці энергіі. Грыфы-індзейкі ў дадатак на невялікай вышыні лепш адчуваюць пах, якім актыўна карыстаюцца для пошуку здабычы на ўскрайках лесу – мёртвых жывёл або іх парэшткі.

І хаця большасць апошніх праектаў выкарыстоўвае для збору дадзеных больш ці менш складаныя тэхналагічныя прылады, дадзеныя для гэта былі сабраныя з дапамогай выключна непасрэдных назіранняў праз біноклі і секундамераў, якімі засякалі час рознага тыпу палёту грыфаў.

"Мы ведаем, што лунаючы палёт насамрэч больш складаны, чым меркавалі дагэтуль і патрабуе далейшых даследаванняў. І хаця публікацыі, заснаваныя на непасрэдных назіраннях становяцца ўсё больш і больш рэдкімі ў арніталагічнай літаратуры, мне вельмі прыемна, што мы змаглі дадаць нешта важнае, выкарыстоўваючы такія простыя метады” – сказала Джулі Мэлон.

 

Паводле www.aoucospubs.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак амерыканскага грыфа-індзейкі яго ж

 

 

На гэтую тэму:

Чаму грыфы не хварэюць, харчуючыся падаллю?

Андскі кондар атрымаў у Эквадоры спадарожнікавы перадатчык + VIDEO

Першы за 120 год каліфарнійскі кондар паспяхова выляцеў з гнязда ў нацпарку Pinnacles

Афрыканскія грыфы на мяжы знікнення

Азіяцкія грыфы зноў пад пагрозай знікнення

Шанцы выратаваць азіяцкіх грыфаў ад знікнення моцна павялічыліся