Што, як і чаму адбываецца на нашых вачах LIVE у гнёздах сокала-пустальгі ў Брэсце

сокал-пустальга

У 15-ты раз у нас ёсць магчымасць сачыць амаль за ўсімі падзеямі сямейнага жыцця на двух гнёздах сокала-пустальгі (Falco tinnunculus), якія гняздуюць на шматпавярховым доме ў Брэсце. Прайшло 1,5 месяца, як самка на першым гняздзе адклала там сваё першае яйка, усе 6 птушанят жывыя і хутка растуць, а вось на другім гнязде толькі пачалося вылупленне і самае цікавае перад намі. Сёлета глядзець за жыццём на абодвух гнёздах можна ТУТ.

Аднак як часта бывае ў прыродзе, не ўсё так проста. І каб лепш разумець што мы назіраем і чаму адбываецца менавіта так, мы вырашылі больш падрабязна распавесці пра ўжо вядомыя факты з жыцця гэтых сакалоў і іх інтэрпрэтацыю. Самае цікавае, што атрымалася ўбачыць дзякуючы камерам у мінулыя гады, пералічана – часта з відэа – ТУТ.

Утварэнне пары і як самка вырашае, колькі яек ей адкласці ў гэтым сезоне і з гэтым партнёрам

птушка

У апошнія гады з параўнальна мяккімі зімамі частка сакалоў застаецца паблізу будучых месцаў гнездавання, аднак большасць усё ж адлятае на зімоўку ў краіны Заходняй Еўропы, і, магчыма, у Паўночную Афрыку. Зразумела, што птушкі з абодвух гэтых груп маюць і перавагі, і недахопы ў сваёй стратэгіі зімоўкі. Першыя выйграюць, калі снег – як гэтай зімой – выпадае на непрацяглы тэрмін і марозныя дні можна пералічыць на пальцах дзе абедзьвух рук, а дзе і адной. Тады сакалам лягчэй паляваць і яны пазбягаюць разнастайных небяспек пад час пералётаў на месцы зімоўкі і назад. Птушкі ж з другой групы хутчэй выйграюць, калі ў нас халодныя і снежныя зімы, бо там, дзе зімуюць яны, зіма мяккая і бясснежная амаль штогод.

Галоўная мэта любой птушкі – і тут не важны яе від – пажадана першай апынуцца ў пачатку сезона гнездавання там, дзе магчыма размнажацца. Прычына гэтага і важная, і простая адначасова: каб мець максімальна шырокі выбар як партнёраў, так і – у выпадку гарадзкіх сокалаў – гнездавых ніш. Не сакрэт, што колькасць гэтых апошніх у падыходзячых для гнездавання месцах (пажадана паблізу будучых месцаў палявання - адкрытых тэрыторый - сельгаспалеткаў і пустыроў у прамысловых зонах) абмежаваная.

Ужо ў канцы лютага і часцей у пачатку сакавіка і самцы, і самкі пустальгі пачынаюць заяўляць свае прэтэнзіі на найлепшыя месцы гнездавання. Яны павінны быць бяспечнымі – пажадана знаходзіцца высока і ў недасяжных для чалавека і іншых патэнцыйных драпежнікаў нішах на разнастайных пабудовах. Ну і быць дастаткова прасторнымі, каб спачатку там змяшчалася самка на кладцы, а потым і падрослыя птушаняты да іх вылету.

птушка

птушкаСамец (на верхнім здымку) і самка (на ніжнім) у гнездавой нішы, дзе працуе адна з нашых камер.

Самцы бароняць ад супернікаў абраныя імі гнездавыя нішы і паступова менавіта ў такой камбінацыі – самец разам с будучым месцам гнездавання – самкі і абіраюць іх. 

Кладкі як з 1-2, так і з 7 яек бываюць у пустальгі вельмі рэдка. Трошкі часцей адзначаны кладкі з 3 яек, але і так у большасці выпадкаў самкі адкладваюць ад 4 да 6:

птушка

птушка

Каб назапасіць у целе запасы, неабходныя для фармавання яек, для самкі, акрамя прыкладна месяца часу, патрэбна і рэгулярна параўнальна шмат ежы.

І вось тут яна і правярае і здольнасці свайго самца да палявання, і спрабуе прадказаць на аснове частаты прылётаў самца са здабычай якім будзе гэты гнездавы сезон у адносінах да даступнасці ежы. Справа ў тым, што яна можа на гэтым этапе вырашыць, колькі яек варта адкласці, а потым і як іх наседжваць – пра гэта будзе ніжэй. Звычайна аснова харчавання пустальгі – дробныя мышападобныя грызуны, а найчасцей – шэрыя палёўкі. Яны – аптымальная здабыча як па масе (паміж 20-25 г), так і па даступнасці для гэтых сакалоў. А ў палёвак здараюцца т.зв. рэгулярныя цыклы колькасці. Прыкладна раз у 5 гадоў іх вельмі шмат, а потым усё менш і менш у наступныя гады і ў дзесяткі разоў менш у год мінімума ў параўнанні з макімумам. І вось каб ‘адгадаць’ які гэты год для асноўнай здабычы – палёвак, самкі і выкарыстоўваюць месяц перад пачаткам адкладкі яек. Але "адгадаць" важна не толькі які гэта год па даступнасці здабычы, але і які самец быў абраны. Першае і другое вельмі важна і звязана адно з адным.

Як наседжваць кладку: тры варыянты і іх сэнс

Зразумела, што колькасць яек – вельмі важная ‘падстройка’ пад колькасць здабычы, якую прыносіць самец сваёй абранцы. Яна самастойна ўжо не палюе, і акрамя фармавання яек, таксама назірае за сваёй гнездавой нішай, ну і разам з самцом, час ад часу капае у ёй гнездавую ямку куды і будуць адкладзены яйкі. Аднак – калі ёсць такая фізіялагічная і фізічная магчымасць – варта адкласці максімальную колькасць яек. Нават калі не ўсе птушаняты потым змогуць быць выкармленыя – пра гэта будзе ніжэй – тэарэтычна застаецца магчымасць, што ўсё ж усе выляцяць і яе варта паспрабаваць выкарыстаць каб павялічыць колькасць сваіх патомкаў.

Таму самкі робяць і больш тонкую ‘падстройку’ пад прагназуемую колькасць здабычы ў той час, калі птушаняты будуць патрабаваць максімум ежы. Тут магчымыя тры варыянты, два скрайнія выкарыстоўваюцца сакаламі вельмі рэдка. Аднак пачаць трэба з таго, што кожнае наступнае яйка звычайна адкладваецца самкай праз два дні.

Першы варыянт інкубацыі для самкі – пачаць наседжваць адразу з першага яйка і тады, прыкладна праз 28-30 дзён вылупіцца першае птушанё, потым праз два дні – другое, праз 4- трэцяе і гэтак далей. На дзень вылуплення апошняга, шостага сакалёнка, першы будзе мець ужо 10 дзён і не будзе патрабаваць абагрэву самкі (гл. ніжэй)  і, зразумела, будзе найбольшы памерамі і самы актыўны з вывадка. І калі ежы, якую увесь час прыносіць толькі самец (бо самка застаецца на гняздзе з яйкамі і малымі) раптам не будзе хапаць каб накарміць усіх птушанят, паступова пачнуць гінуць самыя меншыя. Бо самка корміць птушанят паводле праяўлення імі актыўнасці пад час прыносу ежы на гняздо. А самымі актыўнымі аказваюцца самыя старэйшыя. Гэта дае магчымасць вельмі хутка ‘прыводзіць’ колькасць птушанят на гняздзе ў адпаведнасць з колькасцю ежы, якую здольны прыносіць на гняздо самец.

Такое вылупленне птушанят называецца асінхроннымі часта сустракаецца ў тых відаў драпежных птушак (дзённых драпежных птушак (канюхоў, лунёў), соваў, чапляў, буслоў, нават некаторых крумкачовых і грычуноў), якія харчуюцца найчасцей ежай, даступнасць якой цяжка дакладна прадказаць у гэтым гнездавым сезоне. Найчасцей аснова іх харчавання – тыя ж мышападобныя грызуны. Такое вылупленне мы сёлета назіраем на другім гняздзе, хаця інтэрвал паміж першым і другім птушанём не 2е сутак таму, што самка пачала шчыльна наседжваць першае яйка хутчэй за ўсё толькі на другі дзень пасля яго адкладкі.

Трэці варыянт інкубацыі, які сустракаецца без іншых варыянтаў у большасці вераб’іных птушак, а таксама ва ўсіх качак, гусей і курыных (у якіх птушаняты амаль адразу пасля вылуплення следуюць за дарослымі птушкамі) – пачынаць наседжваць кладку толькі пасля адкладкі апошняга яйка. Тады ўсе птушаняты вылупляюцца на гняздзе на працягу некалькіх гадзін і, адпаведна, усе аднолькавага ўзросту, памеру і актыўнасці. Гэты варыянт, які называецца сінхронным вылупленнем, выкарыстоўваюць тыя віды птушак, у якіх даступнасць харчовых рэсурсаў мала змяняецца ў розныя сезоны гнездавання. І, ў дадатак, вывадковыя птушаняты курыных і гусіных-качыных самастойна знаходзяць ежу – дарослыя птушкі іх не кормяць. Таму там не трэба змяншаць вывадак – ежы хапае для ўсіх. Такі варыянт вельмі рэдка можа сустракацца і на гнёздах пустальгі – калі ежы так шмат, што самец можа забяспечыць ёй нават усіх птушанят аднолькавага ўзросту.

Ну і нарэшце, другі варыянт інкубацыі – як раз той выпадак, які мы штогод назіраем на гнёздах пустальгі пад назіраннем нашых камер. Ён прамежкавы паміж першым і трэцім. Самка пачынае шчыльна наседжваць кладку толькі пасля таго, як адкладзе другое, а часцей – трэцяе яйка. Менавіта так адбывалася на першым гняздзе сёлета: першыя 4 малых вылупіліся на працягу адных сутак, хаця першы з большым інтэрвалам паміж сіблінгамі, чым наступныя. А наступныя, 5 і 6-ы – пасля іх, з інтэрвалам у дні. Такое вылупленне называецца часткова сінхронным. Першыя – старэйшыя птушаняты аднаго ўзросту і актыўнасці – будуць мець перавагу пры недахопе ежы перад наступнымі, маладзейшымі. І ўсё ж такі варыянт інкубацыі хутчэй за ўсё выкарыстоўвае самка ў выпадку, калі самец забяспечвае яе вялікай колькасцю здабычы і яна мае не абсалютную, але вельмі добрую ўпэўненасць у бліжэйшай будучыні і здольнасці самца забяспечыць ежай і яе, і птушанят. Што гэта менавіта так, мы бачым па колькасці прыносаў палёвак на абодва гнязда – іх не толькі многа, але і амаль няма іншай здабычы, якую звычайна ловяць пустальгі пры недахопе грызуноў: яшчарак, вераб’іных птушак, жукоў і конікаў. Ды і вялікая кладка – 6 яек на першым гняздзе – таксама сведчаць хутчэй пра добры год для палёвак – і для сакалоў, якія ўмеюць іх лавіць.

Як і колькі птушанят ‘стануць на крыло’ мы ўбачым з Вамі ў бліжэйшыя 1-1,5 месяцы.

Развіццё і рост птушанят

птушка

У першы дзень пасля вылуплення вочы напалову расплюшчаныя, просяць ежу з раскрытай дзюбай, але не бачаць самку. Сядзяць, абапіраючыся на жывот і ногі.

На другі-трэці дзень пасля вылуплення расплюшчваюцца вочы.

На 6-ы дзень просяць ежу, рэагуючы не на любы рух навокал, а ўжо канкрэтна на голаву і дзюбу  самкі.

На 11-ы дзень усталёўваецца ўласная біяхімічная тэрмарэгуляцыя і ўжо не патрабуць абагрэву (або заслоны ад сонца) ад бацькоў. Могуць перасоўвацца па гнездавой нішы, прыпадымаючыся на нагах. Пачынаюць кантактаваць з сіблінгамі (браццямі і сёстрамі).

На 13-14-ы дзень спрабуюць разрываць здабычу,  калі яе трымае самка або самец.

На 17-ы дзень могуць трымаць здабычу ў сваіх лапах і адрываць ад яе кавалкі самастойна.

На 20-ы дзень пачынаюць крычаць на бацькоў і са здабычай, і без яе, спрабуючы прыцягнуць увагу менавіта да сябе.

На 30-35-ы дзень пачынаюць вылятаць з гнязда, першыя дні вяртаючыся на яго і ўдзень, а потым усё радзей і толькі для начлегу на ім.

Хаця ў дарослых птушак самцы і самкі  добра адрозніваюцца знешне, у птушанят гэта зрабіць нашмат цяжэй і, у прынцыпе, амаль адзіны надзейны спосаб– параўнаць малюнкі на пер’і надхвосця, трымаючы падрослых птушанят у руках. Але, на жаль, наўрацці гэта можна зрабіць гледачам пад час трансляцыі.

вызначальнік

Унікальная магчымасць, якой варта карыстацца – можна ‘адматваць’ трансляцыю і глядзець што адбывалася на гнёздах нават да 12 гадзін таму назад!

А мы, у сваю чаргу, працягнем тлумачыць што і, магчыма, чаму, адбываецца на гнёздах з ілюстраваннем самых цікавых момантаў.

Цікавага прагляду!

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі Аляксандра Мініча і скрыншоты с трансляцыі

 

На гэтую тэму:

Топ-10 открытий благодаря 10 сезонам on-line трансляций с гнёзд сокала-пустельги

Пустальгі ў Брэсце

ПАЛЯВАННЕ ЗВЫЧАЙНАЙ ПУСТАЛЬГІ (FALCOTINNUNCULUS) У Г.ГРОДНА І НАВАКОЛЛІ

Гісторыі гарадзенскіх сакалоў: шчаслівыя і не вельмі

Позднее гнездование сокола-пустельги в г. Бресте

Фейсбук помог обнаружить сокола-пустельгу из Беларуси … в Ливии!