У сацыяльна монагамнага віда насамрэч у амаль палове гнёздаў яйкі з удзелам іншых бацькоў

Каманда арнітолагаў з ЗША і Канады пасля крапатлівага даследавання сямейнага жыцця шулякоў Купера (Accipiter cooperii) прыйшла да нечаканай высновы пра гэты сацыяльна монагамны від. Аказалася, што ў амаль палове гнёздаў гэтых драпежных птушак яйкі адкладзены іншымі самкамі (у выніку ўнутрывідавога гнездавога паразітызму) і самкамі, якім належыць гняздо, але яйкі былі заплоднены іншымі, чым партнёр, самцамі ў выніку капуляцый па-за парай.

Сацыяльная монагамія (Social monogamy) з удзелам абодвух бацькоў у гадаванні патомства - самы распаўсюджаная сістэма размнажэння ў птушак, яе выкарыстоўваюць 9456 відаў па ўсяму Свету (Cockburn 2006). Аднак у сацыяльна монагамных птушак адзначаны і іншыя стратэгіі размнажэння, у тым ліку бацькоўства па-за парай (extra-pair paternity (EPP)) і ўнутрывідавы гнездавы паразітызм (conspecific brood parasitism (CBP)). Капуляцыі (extra-pair copulations (EPCs)) (і бацькоўства) па-за парай знойдзены ў прыкладна 90% сённяшніх відаў птушак (Griffith et al. 2002), асабліва часта яна сустракаецца ў вераб’іных.

Унутрывідавы гнездавы паразітызм, калі самкі падкідваюць яйкі ў гнёзды свайго віду, адзначаны толькі ў 2% ад усіх відаў птушак і асабліва пашыраны ў каланіяльных, відаў з вывадковымі птушанятамі або дуплагнёзднікаў (Yom-Tov & Geffen 2017).

Драпежныя птушкі вельмі рэдка пералічваюцца ў аглядах EPP і CBP хутчэй за ўсё таму, што гэтыя стратэгіі размнажэння ў іх не знойдзены або адзначаны вельмі рэдка. CBP увогуле дагэтуль не была зарэгістраванае ў тых відаў драпежных птушак, якія не гняздуюць каланіяльна.

Сацыяльна монагамны шуляк Купера гняздуе ў Паўночнай Амерыцы, ад паўднёвай Канады, праз ЗША да цэнтральнай частцы Мексікі. Гэта тэрытарыяльны від, у якога самцы забяспечваюць амаль усю ежу для сябе, самкі і птушанят на працягу гнездавога сезону. Звычайна прадстаўнік таго ж пола, што і парушальнік межаў гнездавой тэрыторыі, атакуецца гаспадарамі.  

Каб атрымаць дадзеныя пра бацькоўства, былі прааналізаваныя генатыпы 122 дарослых і 444 маладых шулякоў на трох тэрыторыях, па адной у Брытанскай Калумбіі (Канада), Паўночнай Дакоце і ў Уісконсіне (ЗША).

Нечакана аказалася, што ва ўсіх трох даследаваных папуляцыях віда даволі высокая доля EPP (16%–31%) і CBP (15%–26%). Калі ж дадаць выпадкі EPP і CBP, якія разам былі знойдзены на 42-46% гнёзд у розных папуляцыях, гэта амаль столькі ж, колькі адзначана генетычна монагамных гнёзд.

Не атрымалася пацвердзіць гіпотэзу, што тэрытарыяльныя самкі шулякоў згаджаліся на капуляцыі па-за парай за ежу, каб павялічыць свае энергетычныя здольнасці і поспех размнажэння.

Крыніца: Robert N. Rosenfield et al. 2024  Combined high rates of alternative breeding strategies unexpectedly found among populations of a solitary nesting raptor, Ecology and Evolution 14: 8 First published: 19 August 2024 https://doi.org/10.1002/ece3.70190

Паводле https://onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара 

 

На гэтую тэму:

Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця

Топ-10 открытий благодаря 10 сезонам on-line трансляций с гнёзд сокала-пустельги

Самцам, якія добра даглядаюць патомства, амаль не страшныя здрады самак

Самкі птушак пад час выбару партнёра пераборлівыя, але вынаходлівыя

Самцы стараюцца бараніць ад драпежнікаў сваё патомства і ў чужых гнёздах

Як “гэта” складана ў качак, або пра асаблівасці сэкса вадаплаўных