Багацце і склад супольнасці могуць уздзейнічаць на функцыі экасістэмы і на тое, як яна адказвае на ўнутраныя і знешнія змены і выклікі. Кропкавыя ўлікі (рoint counts) ёсць тыповым метадам замераў відавога і колькаснага складу птушыных супольнасцяў таму, што яны дакладныя, параўнальна малакаштоўныя (cost-effective) і не патрабуюць спецыяльных дазволаў ці абсталявання для іх правядзення.
Тым не менш правядзенне кропкавых улікаў патрабуе ўдзелу эксперта(ў), які будзе вызначаць птушак па знешняму выгляду і голасу і якому трэба перамяшчацца паміж абранымі кропкамі, што абмяжоўвае іх колькасць на працягу дня. Таму з’явіліся пасіўныя, але не менш дакладныя ўлікі, якія з дапамогай гуказапісываючай апаратуры можна праводзіць адначасова ў розных кропках. Пад час такога пасіўнага акустычнага маніторынгу аўтаматычная апаратура запісвае ўсе гукі ў абраных месцах паводле папярэдне абранага таймінгу. Такім чынам магчыма атрымаць вялікую колькасць дадзеных адначасова з розных кропак на працягу аднаго палявога сезону. Аднак для разбору сабранага ўсё роўна патрэбны эксперт для вызначэння відавога (і магчыма колькаснага) складу птушак, галасы якіх былі запісаны.
Мета-аналіз параўнання вынікаў, атрыманых пад час пасіўнага акустычнага маніторынгу (калі атрыманыя запісы галасоў птушак вызначаліся экспертамі без дапамогі ‘аўтаматычных вызначальнікаў’) і кропкавых улікаў, зроблены Darras et al. (2018), знайшоў толькі невялікія адрозненні паміж гэтымі метадамі.
Аднак вялікі аб’ём дадзеных, якія атрымліваюцца пад час акустычнага маніторынгу, прывёў да развіцця праграм па аўтаматычнаму вызначэнню галасоў птушак (да відаў). Аднак адсутнасць параўнання традыцыйных палявых метадаў улікаў і тых, дзе вызначэнне робяць адмысловыя праграмы, найперш найбольш папулярная BirdNET, не дазваляе цалкам давяраць падсумаванням складу птушыных супольнасцяў, атрыманых толькі з дапамогай ‘аўтаматычных вызначальнікаў’. Таму каманда амерыканскіх арнітолагаў вырашыла зрабіць падобнае параўнанне.
Даследаванне праводзілі ў мясцовасці Nulhegan Basin Division у US Fish and Wildlife Service Silvio Conte National Wildlife Refuge, які знаходзіцца ў штаце Вермонт (ЗША). Nulhegan - гэта 10 767 гa паўночных лясоў умеранага пояса з параўнальна вялікай колькасцю вераб’іных, асабліва барэальных відаў і ўлікі праводзілі ў 9 розных пунктах (18 кропках), асобна для розных тыпаў лесу і зараснікаў хмызняку.
У абраных для правядзення ўлікаў або запісаў месцах кропкі былі ‘парамі’ на адлегласці ад 220 да 280 метраў адна ад адной каб зменшыць адрозненні ў канфігурацыі і размяшчэнні асноўнага тыпу расліннасці. Запісы галасоў птушак адбываліся з 5 да 10 гадзін раніцы з 01.06 па 15.07.2022 і ўсяго іх атрымалася 132 гадзіны.
У той самы прамежак часу і дат былі праведзены па 4 кропкавыя ўлікі ў кожнай з тых тых самых 18 кропках, дзе адбываліся і запісы галасоў для аўтаматычнага вызначэння. Віды, якія былі адзначаныя пад час улікаў толькі візуальна, не ўключаліся ў аналіз для параўнання.
Агулам BirdNET выкарыстаў для вызначэння 525 кавалкаў запісаў птушыных галасоў агульнай працягласцю 25,25 гадзін і зрабіў 13 020 прапаноў вызначэння (predictions), якія былі апрацаваныя праграмай і правераны экспертам. На іх BirdNET вызначыў 77 відаў птушак для усіх 18 кропак. Пасля праверкі экспертам, толькі 48 відаў былі пацверджаны і 29 - не. Кропкавыя ўлікі традыцыйным метадам ‘далі’ 53 віды, з якіх толькі 39 супалі з правераным экспертам спісам. Для 29 відаў, якія BirdNET не змог правільна вызначыць, максімальная ступень ‘упэўненасці’ (confidence scores) вагалася ад 0.10 да 0.95, прычым толькі 6 з гэтых 29 відаў былі адзначаны арнітолагамі пад час кропкавых улікаў ‘у полі’.
Аўтары артыкула па выніках параўнання лічаць, што з развіццём штучнага інтэлекта (АІ) стане магчымым больш шырокае выкарыстанне прадуктаў (праграм) на яго аснове ў экалагічных даследаваннях.
Крыніца: Michael C. Thompson, Mark J. Ducey, John S. Gunn, Rebecca J. Rowe 2024 A post-processing framework for assessing BirdNET identification accuracy and community composition, IBIS, https://doi.org/10.1111/ibi.13357
Паводле https://onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак чырвонаплечага чорнага трупіяла (Agelaius phoeniceus) Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Назіранні за птушкамі ў ЗША ў лічбавую эру
Прыкладанне для вызначэння галасоў птушак, невядомае ў Беларусі, у Свеце спампавалі больш мільёна разоў
Новы метад ацэнкі памеру папуляцый птушак па іх галасах
У Мінску адзначаны новы для Беларусі від, які атрымалася вызначыць дзякуючы запісу голасу птушкі - пячураўка Х’юма
Праграма для iPhone дазволіць амерыканцам вызначаць птушак навокал
Электронны Merlin “даляцеў“ да Еўропы, але радавацца яшчэ рана?
Сляпы ўругвайскі бёдуотчар адрознівае больш 700 відаў птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ